Трэцяя Ўстаўная грамата (1918, улётка)
Трэцяя Ўстаўная грамата Дакумант Аўтар: Рада БНР 1918 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Трэцяя Ўстаўная грамата. |
УСТАУНАЯ ГРАМАТА
РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ.
Год назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо расійскаго царызму, які найцяжэй прыціснуу быу Беларусь; ні пытаючыся народу, ен укінуу наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вескі беларускіе.
Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскіе цары на наш вольны і нізалежны край.
Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Нізалежнай і Вольнай Дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобі свайго Устаноучаго Сойму, пастановяць аб будучых дзяржауных зьвязях Беларусі.
На моцы гэтаго трацяць сілу усе старыя дзяржауныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ураду падпісаць і за Беларусь трактат у Берэсьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі.
На моцы гэтаго урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае увайсьці у адносіны з зацікауленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берэсьцейскаго Трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую умову з усімі ваеваушымі дзяржавамі.
Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеушчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоушчыны і сумежныя часьці суседніх губерняу, заселеныя беларусамі.
Беларуская Народная Рэспубліка падцьверджывае усе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народау Беларусі, якія абвешчаны Устауной Граматай ад 9 сакавіка 1918 году.
Абвешчаючы аб нізалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што усе любячые волю народы дапамагуць беларускаму народу у поунай меры здейсьніць яго палітычна-дзяржауные ідэалы.
Дана у Менску-Беларускім
25 сакавіка 1918 году.