Трэйці раздзел Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трэйці раздзел Беларусі
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1920 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 1 ад 28 кастрычніка 1919 г., б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трэйці раздзел Беларусі

Усякі гвалт вызывае адпор. Гэта вельмі старая праўда, ды яна ня губляе свае цаны і дагэтуль. Асабліва-ж яна мае вялікую цану для нас тады, калі мы паводле фактаў сучаснага жыцьця стараемся судзіць аб будучыне.

Такі гвалт над беларускім народам становіць новы разьдзел яго зямлі паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. І калі ён ня выкліча адпору з боку беларусаў ураз-жа, дык гэны адпор выявіцца ў будучыні, каторая нясе нам вострую барацьбу Беларусі з захватчыкамі яе часьцей.

Беларусь крояць на кускі яе суседзі ўжо ня першы раз. Першы разьдзел быў зроблены на Берасьцейскім міры, калі Нямеччына і Савецкая Расея пабілі яе на тры часткі: заходняя частка разам з Літвой аддадзена была немцам, паўдзённыя паветы — Украіне, увесь усход — Маскоўшчыне. Аднак, разгром Нямеччыны антантай разьбіў Берасьцейскую ўмову, скасаваўшы гэны разьдзел, Другі разьдзел зроблены ў Маскве 12 ліпня сёл. г.: Савецкая. Расея „аддала“ Літоўскай дзяржаве беларускія паветы Віленскі, Ашмянскі, Лідзкі, Горадзенскі, беларускія часткі Троцкага і Сьвянцянскага, часьці Віленскага і Дзісьненскага. Урэшці 12 кастрычніка сёл. г. Беларусь парэзалі на часткі трэйці раз, — і гэты разьдзел для нас самы страшны: паводле. міравой умовы ў Рызе, Савецкая Расея „аддала“ Польшчы ўсю Горадзеншчыну (апрача горадзенскага павету), Пінскі, Навагрудзкі і часьці Мазырскага, Слуцкага і Менскага паветаў, урэшці бязмала ўсенькія паветы Вілейскі і Дзісьвенскі. За тое ўсе беларускія землі, якія ляжаць на ўсход ад лініі разьдзелу, прызнаны і Польшчай і Савецкай Расеяй за незалежнай Беларусьсю.

Нязвычайны, нячуты йшчэ ў гісторыі народаў цынізм, злая насьмешка над усялякім правам і справядлівасьцю! Польшча і Расея (Савецкая) згодліва прызнаюць незалежнасьць Беларусі, а ў сьлед за гэтым прызнаньнем, не дапускаючы прадстаўнікоў прызнанай ўжо Беларускай Рэспублікі на міравыя перагаворы, прадстаўнікі Польшчы і Расеі дзеляць гэну-ж Беларусь паміж сабой! Расея аддае паляком не сваю ўжо, а прыналежачую Беларусі зямлю, на якую ня мае ніякіх правоў. І Польшча, ведаючы, што Расея ўжо ня мае права прадаваць чужую маемасьць, купіла гэную беларускую маемасьць ад маскалёў за цану міра з бальшавікамі.

Вось „юрыдычны“ боу польска-бальшавіцкага міра. А які будзе фактычны? Што дасьць гэты мір у будучыне?

Ясна адно: незалежная Беларусь, як-бы яе ні абрэзалі з усіх бакоў, га гэныя разьдзелы, свае згоды не давала. Аб гэтым яе ніхто ня пытаўся! І яна ніколі ня будзе прызнаваць законнымі захваты суседзямі яе зямлі, зробленыя без яе згоды. Ведама, калі Беларусь будзе слабая, то з гэнага няпрызнаньня суседзі яе толькі пасьмяюцца. Але жыцьцё паказвае, што часам і слабы можа стацца дужым, калі зьвяжацца саюзам з дужым. І хто можа цяпер сказаць, ці пакрыўджаная Беларусь і гэтак сама пакрыўджаная Украіна пе пададуць адна аднэй рукі, не пашукаюць дужых саюзьнікаў і ня пойдуць аружнай сілай вярнуць тое, што ў іх незаконна ўзята?..

У палітычным жыцьці Усходняе Эўропы Беларусь здаўна станавіла косьць нязгоды для суседзяў. Масква доўга баролася за яе з Польшчай. Ці ня суджана ёй ізноў стацца прычынай калатні між яе суседзямі? Між Літвой і Польшчай барацьба, ўжо йдзе — і йдзе яна як раз аб тую частку Заходняе Беларусі, якую Савецкая Расея аддала Літве. А ўсё паказвае на тое, што ў адносінах між Польшчай і тэй Расеяй, якая адбудуецца на руінах бальшавізму, пытаньне аб Беларусі доўга будзе пагражаць згодзе толькі-што замірыўшыхея нашым коштам дзяржаў.

Гвалт, учынены над Беларусьсю, ня можа астацца без адпору — ў будучыне.

Ант. Навіна.