Перайсці да зместу

Тры сцежкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тры сцежкі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
27 снежня 1917
Упершыню — газ. „Вольная Беларусь“, 1917, 31 снежня, з паметкай: „Мінск, 27 снежня 1917 г.“ пад псеўданімам Ясакар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тры сцежкі на нашай зямельцы праходзяць,
Тры сцежкі.
Адна на Заход — да Варшавы.
Другая на Ўсход — да Масквы.
А трэцяя — проста ўпярод.
Ідзе, ды ідзе, ды ідзе —
Далёка — да самага Сонца.
Тры сцежкі.

Тры варты на сцежках стаяць і чакаюць,
Тры варты.
Адна уся ў чорных сутанах лацінкаў,
І хітры-змяіны язык езуітаў
Ўсіх кліча-заве да гатыцкіх харомаў
У рукі паном цалаваць.
Другая уся ў залатых пазументах[1],
І грубаю голаснай лаянкай кліча,
Кулак яе сціснуты. Біцца гатова.
Ганяе усіх пад цар-звон на паклон.
А трэцяя варта у світках, у белых,
У поясах тканых рукамі сялянак, —
Усе ў васількох ды у макавых кветках.
Бароды сівыя да самых грудзей,
І вочы сіяюць, бы зоркі.
Нічога не кажуць, а граюць на гуслях,
У спевах без слоў ўся відаць Беларусь:
Шчыр-боры шумяць, і жаўронкі спяваюць,
Хвалююцца рэчкі. Ратаі аруць.
І чуецца гора няшчаснай зямелькі,
І чуюцца слёзы бяздольнай Краіны.
І граюць на гуслях. І спевы без слоў
Ой, дужа гаворуць, чаруюць душу.
Ідзі, беларус, толькі сцежкай сваёй!
Сцежкай сваёю
Да Сонца ідзі!

  1. Пазумент — тасьма, звычайна шытая золатам або срэбрам. Тасьма — вузкая тканая або плеценая палоска для абшыўкі, аздаблення, змацоўвання чаго-небудзь.