Тры п’ескі (1930)/Сашка-будаўнік
Сашка-будаўнік П’еса Аўтар: Васіль Сташэўскі 1930 год |
Скарб → |
САШКА-БУДАЎНІК
П‘ЕСКА Ў 2-х ДЗЕЯХ
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
Дзея першая
[правіць]
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
ЗЬЯВА I
1 хлопчык. Ну, давайце, як у лягерах, — станавіся, Юзік.
(Юзік схіляецца, гуляюць у чахарду. Пераскочыўшы, кожны куляецца праз галаву і становіцца, а калі праз яго пераскочаць, то ён куляецца праз галаву назад і тады ўжо бяжыць пераскокваць. Так са сьмехам пачынаюць гуляць усе. Магчыма яшчэ зрабіць практыкаваньне на „вольны рух“).
Юзік. Давайце яшчэ так: першы лажыся.
Усе. Ну, давайце. (Бяруцца 10 хлопчыкаў, разьлічваюцца на „першы, другі“ і пачынаюць кружыцца).
ЗЬЯВА II
Маці (уваходзіць з кухні). Што вы нарабілі тут, гэта-ж падумаць, столькі пылу, ды яшчэ паварочаеце мне што.
Ягорка. Ня бойцеся, цётачка, мы нічога не паварочаем, мы асьцярожненька, далікатна.
Маці. Да-лі-катна… многа ў цябе далікацтва, вось пад носам паглядзі. (Ягорка, шмаргануўшы, выцірае пальцам нос, усе сьмяюцца). Упыну на вас няма. Ішлі-б дзе ў большую хату або на двор.
Міколка. Калі-ж на дварэ макравата, цётачка.
Маці. Макравата, а тут што за гульня ў гэткай цеснаце, а яшчэ калі прыдзе бацька, то ён тут ня будзе з вамі цацкацца.
Юзік. О, дзядзьку мы ведаем, трэба тады скарэй выносіцца. Ня злуйцеся, цётачка, на нас, мы тут лягеры ўспомнілі, — ну, і пачалі куляцца. Хацелася-б яшчэ засьпяваць „вераб‘я“.
Маці. Якога гэта вераб‘я?
Юзік. А вось такога. Давайце, хлопцы. (Усе скоранька становяцца ў кола і пяюць, адначасна перастаўляючы ногі адну наперад, другую назад).
Чы-чы, чы-чы, верабей, |
Усе. Пойдзем ужо, пойдзем.
Маці. Ляцеце, вераб‘і.
Усе (хорам). Бы-вай-це зда-ро-вы. (Адыходзяць).
Сашка (Да Сьцёпкі). Застанься, Сьцёпка, пагуляем яшчэ крыху ў нас. (За сьцяной чуваць).
Бывайце здаровы, |
Маці. Ну, а вы чаму ня ішлі на вуліцу ці куды там, — чаго засталіся?
Сашка. Яны ў клюб пойдуць, а я дзе дзенуся?
Маці. Ну і ты разам з імі.
Сашка. А вы-ж дазволілі мне ў піонэры паступіць?
Маці. А я табе, сынок, і не перашкаджаю вельмі.
Сашка. Цяпер вы не перашкаджаеце, а татка дык гатоў з хаты мяне прагнаць.
Сьцёпка. І праўда, цётка, чаму ваш дзядзька такі сярдзіты, а яшчэ калі падап‘е, дык такі страшны…
Маці. Такі ўжо ў яго выгляд і характар, але ён б’ецца рэдка калі.
Сашка. Добра рэдка…
Маці. А нашто бярэш яго струмант ды тупіш?
Сашка. Я ня туплю яго, ні разочку нічога ня вытупіў, толькі…
Маці. Толькі вышчарбіў сякерку.
Сьцёпка. А як ты вышчарбіў?
Сашка. Я сьсякаў сухую вішаньку, мне хацелася з крывенькімі карэнчыкамі, а там камень, ну — і крышку, зусім крышку вышчарбіў.
Сьцёпка. І папала добра?
Сашка. Няўжо-ж не папала.
Сьцёпка (сьмяючыся). А куды?
Сашка. Папругаю па плячах, але больш сюды (паказвае ззаду).
Сьцёпка. А нашто табе было сьсякаць тую вішаньку?
Сашка. Як нашто? А я-ж нештачка раблю, ня ведаеш? Вось я табе зараз пакажу.
Сьцёпка. Пакажы, пакажы.
Сашка (дастае з-пад ложка ці адкуль там невялічкую, недабудаваную хатку).
Сьцёпка. Ого-го! Што гэта, хатка нейкая… уй-юй-юй, што ты майструеш… (Сашка задаволена паглядае). І вокны, і дзьверы будуць, і столік там, нават печка, а гэта лавачка каля хаты…
А каго ты пасадзіш сюды?
Сашка. Сядзем і я, і ты.
Сьцёпка. Сядзеш, тут-жа мая нага ня зьмесьціцца.
Сашка. Вядома, што не, а я сюды такія лялькі пасаджу.
Сьцёпка. Якія лялькі, а дзе ты іх возьмеш?
Сашка (дастае з-пад ложка ці адкуль там лялькі: мужчыны, жанчыны і начовачкі). А вось яны, — гэта вось гаспадар гэтае хаты, а гэта гаспадыня, а гэта дзіця ў начоўках.
Сьцёпка. А нашто дзіця?
Сашка. Як нашто? Сям‘я каля сваёй хаты…
Сьцёпка. У белай кашулі з паяском… але-ж нейкая вельмі ўжо простая хата.
Сашка. Дык ты-ж ня ведаеш, нашто гэта я раблю ўсё.
Сьцёпка. А нашто?
Сашка. А выстаўка будзе!
Сьцёпка. А… вось нашто ён майструе.
Сашка. Вось я і раблю простую сялянскую нашу беларускую хатку.
Сьцёпка. А ці будзе хто глядзець на яе?
ЗЬЯВА III
Маці. Зноў майструеш? Глядзі-ж: як увойдзе бацька, то вечарам у печы будуць твае гэтыя цацкі. А гэта-ж што за лялькі?
Сашка (хапае і хавае ззаду). Нічога, гэта так-сабе. (Сьцёпка сьмяецца).
Маці. Ну, а дзе-ж ты гэту хатку дзенеш?
Сашка. Заўтра, мамачка, тут яе ня будзе, толькі каб сёньня татка не паламаў.
Маці. Глядзі сам. (Пайшла).
Сьцёпка. Гэта-ж заўтра адчыняецца выстаўка.
Сашка. Я ведаю, браток, дык вось ты памажы мне скончыць, а то я не пасьпею. Памажы, браток, я цябе прашу.
Сьцёпка. Добра, толькі каб не папсаваць чаго замест помачы.
Сашка. Ты хоць будзеш глядзець у акно, і калі будзе ісьці тата, дык скажаш, тады я зноў схаваю.
Сьцёпка. А гэта то можна. А з якога боку ён павінен ісьці?
Сашка. З таго і таго (паказвае на вокны). Наглядай. (Бярэцца за працу, кладзе пілку, ставіць клей, кавалкі дрэва. Сьцёпка глядзіць у акно і пяе на мотыў „Чырвоная армія“ піонэрскую):
Мы піонэры працоўнай сям‘і[1], |
Сашка (устрывожана). Што, хто там?
Сьцёпка. А гэта Мотка, боты панёс некаму, а я думаў. (Пяе далей).
І на ўсім сьвеце працоўных дзеці |
Сашка. Ну, вось шчыток зараз будзе гатоў.
Сьцёпка. А ведаеш, Сашка, успомніў я гэта, браток, лягеры (адыходзіць ад акна) — вось раніцою ўсе сьпім, а сыгналы: ту-ту-ту… Эх, усе ўсхватваемся, адзяваемся, пасьля бяжым на рэчку, умываемся халоднай вадзіцай, а пасьля на гімнастыку, а пад вечар раскладваем агонь. Тут расказваюць, якія організацыі дзяцей за межамі. А то, бывае, як наладзім хор, такі комічны, от весела!!!
Сашка. Глядзі-ж ты, братка, у акно.
Сьцёпка. А я і забыўся, бадай ты спрахла. (Глядзіць у акно, насьвіствае кракавяк, а пасьля пяе на гэты-ж мотыў):
Нас ня любяць, нас баяцца[2] |
(Сашка ўсё хавае).
Сьцёпка (азірнуўшыся). Нашто ты схаваў?
Сашка. Ну, а як-жа, ты-ж кажаш, ідуць?
Сьцёпка. Хто, ты думаеш, ідуць?
Сашка. Татка ідуць.
Сьцёпка. Каровы з поля ідуць, а ня татка, вось і ўсё.
Сашка. Ка-а-ровы… Хай-бы-ж адразу казаў так. (Дастае хатку і зноў пачынае майстраваць).
Сьцёпка. Ты рабі, пакуль я не скажу табе: „хавай“. (Глядзіць у акно). Фу-р-р. На лісафэце нехта паляцеў. (Паўза). Люблю лісафэт. Я, ведаеш, Сашка, як вырасту і будуць грошы, перш за ўсё куплю сабе лісафэт і буду выкручвацца. (Паказвае). А ты што сабе купіш?
Сашка. Я ня ведаю. Патрымай, Сьцёпка, я адрэжу калодачкі, аднаму дрэнна. (Сьцёпка трымае).
Сьцёпка. Каб ты хоць па пальцах ня цяў мне.
Сашка. Ня бойся, я асьцярожна, хоць раз зьнячэўку шмаргануў сабе. (Рэжа). Вось яшчэ дзьве адрэжу, дый будзе. Каб мне татка пазваляў, то даўно скончыў-бы. (Адчыняюцца дзьверы, на парозе паказваецца бацька).
ЗЬЯВА IV
Сьцёпка (спужана). Хавай. (Сашка абхапіў хатку ды так і застаўся).
Бацька. Што хавай, што такое? (Бярэ за руку Сашку ды адрывае ад хаткі і аглядае. Маўчаньне). Дай сюды пілку. (Сашка дае, бацька глядзіць ці цэлы зубцы). Дай сюды сякеру. (Сашка дае, бацька прабуе пальцамі, ці вострая). Яшчэ хавацца будзе ад бацькі…
ЗЬЯВА V
Маці. Ну, ідзі палуднуй, а то вечар на дварэ, а ён ходзіць ня еўшы. (Бацька пайшоў). (Маці да Сашкі). Забірай усе свае цацкі ды ўцякай куды. (Пайшла).
Сьцёпка. Пойдзем да нас, я памагу табе забраць усё, там і скончым. (Сашка бярэ хатку, а Сьцёпка іншыя рэчы і выходзяць за дзъверы. Сьцёпка ў дзьвярах, паглядзеўшы на хату). Здаецца, выратаваліся.
Заслона
Дзея другая
[правіць]
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
ЗЬЯВА VI
Волька (супакойвае). Ціха. Я думаю, далей трэба зьмясьціць артыкул Мішы аб сельска-гаспадарчай выстаўцы. Прачытай, Міша.
Міша (чытае). Яшчэ за некалькі дзён да адчыненьня выстаўкі пад‘яжджалі фурманкі і прывозілі розныя рэчы. Перад адчыненьнем і раніцою ў дзень адчыненьня вялі розную жывёлу: коні, каровы, сьвіньні, авечкі і нават куры.
Ягорка (перабівае). Эх, жарэбчык адзін быў зграбны такі, калі заіржэ — і-га-га-га. (Заіржаў, усе засьмяяліся).
Шурка. А я бачыла хорашанькія цяляткі.
Волька. Дзеці, ня можна так, нашто траціць час. Давайце паслухаем да канца, зробім якія патрэбны папраўкі і зьмесьцім у газэце, гэта будзе цікава.
Ягорка. А ў мяне і малюнкі прыгатаваны.
Волька. Добра, паглядзім. Чытай, Міша.
Міша (чытае). На выстаўцы больш усяго было з савецкіх і колектыўных гаспадарак і мала з сялянскіх. Было два агароды: культурны і някультурны. На першым бручка, капуста, буракі былі тоўстыя, і ўсё было харошае, а на другім — усё дробнае і дрэннае, бо вельмі густа пасаджана.
Гэлька. А можа там гною больш паложана, дзе лепш расьце.
Міша. Можа і гною больш паложана, але там і пасаджана інакш, у радочкі, а можа і гатунак лепшы. (Чытае далей). Калі ўвойдзеш у царкву…
Ягорка. Не ў царкву, а ў музэй.
Міша. Ну, ня ўсёроўна?
Волька. Так, Міша, тут трэба паправіць, напісаць: „у музэй — быўшую царкву“. Згодны каб зрабіць такую папраўку?
Усе. Згодны, трэба зрабіць.
Міша (чытае). Калі ўвойдзеш у музэй — быўшую царкву.
Ягорка. А старыя баяліся зайсьці, ня ўсе, але некаторыя, — здалёк паглядалі.
Волька. Не перабівай, Ягорка.
Міша (чытае) … то ўбачыш многа, многа чаго: розных яблык, вялізныя галоўкі капусты, гарбузы, снапы жыта, аўса, розныя зерняткі, а па сярэдзіне вельмі прыгожа выглядае Ленінскі куток. Людзей заўсёды многа там. Кожны дзень іграе музыка. Усім весела. Ёсьць і школьны куток. Туды вучні прынесьлі розныя свае рэчы. Там відаць малюнкі і нашай школы. А ідзеш па калідоры, дык убачыш многа чаго там выстаўлена. Усё людзі аглядаюць: як цьвікі робяць, як друкуюць кніжкі. Усяго не пералічыш. Выстаўка навучае нас, як трэба паляпшаць гаспадарку, каб мець вялікую карысьць, каб усім сялянам і рабочым было добра, каб была моцнаю савецкая ўлада, каб перамагала ўсіх буржуяў. Далоў капіталістых! Няхай жыве комуністычная партыя!
Усе. Добра напісаў, — брава, Мішка, брава!
Волька. Якія хто хоча зрабіць папраўкі?
Ягорка. Упісаць трэба пра мядзьведзя, што вадзілі па выстаўцы. Я нават намаляваў яго.
Усе. Пакажы, пакажы. (Хапаюць з рук малюнкі). У-у-у, Мішка (сьмяюцца) на заднія лапы стаў, а ззаду людзей колькі.
Маша. Трэба зьмясьціць гэты малюнак.
Волька. І я так думаю; малюнак мы зьмесьцім, а пісаць аб тым, як яго там вадзілі няварта.
Ягорка. Ну, добра. А цяпер глядзеце мае іншыя малюнкі.
Усе. Давай паглядзім.
Ягорка. Вось тут прывязаныя коні стаяць, а гэта той жарэбчык, а гэта клетка з парасяткамі, а гэта царква са сьцягамі.
Волька. Добра, мы іх зьмесьцім. У каго яшчэ ёсьць матэрыял?
Маша. У мяне ёсьць.
Волька. Чытай, Маша.
Маша (чытае). У нашай клясе завёўся вялікі мастак. Замест паперы і алоўка свабодна крэйдаю піша на сьпінах вучняў. Работы спаўняе хутка, без заказу і без задатку. Глядзі, мастак, каб хто не намаляваў табе чаго на носе.
Некаторыя. О, добра, добра! Ха-ха-ха!
Гэлька. Ён заўсёды бегае з крэйдаю…
Ягорка. Тут абавязкова трэба даць малюнак і падпісаць: „Янка Кучанок“, ха-ха-ха… Добра напісала.
Юзік. Для гумару ў мяне ёсьць яшчэ. Вось што я напісаў. (Хоча чытаць).
Волька. Пачакай. Паправак да заметкі Машы ня будзе ніякіх?
Усе. Не, ніякіх.
Волька. Ну, чытай ты сваю. (Да Юзіка).
Юзік (чытае). Дастаецца сабакам, калі Мікола Якімавых ідзе ў школу або з школы. Яму мала падражніцца, яму трэба пазаганяць іх дзе далёка. Пазаганяўшы, ён спакойна ідзе ў школу на другі або трэці вурок. Паглядзі, Міколка, на расклад вурокаў. Там, здаецца, такія заняткі не напісаны. Пара заняцца справай.
Волька. Гэта добра.
Юзік. Толькі малюнак у мяне ня вышаў.
Ягорка. Пакажы малюнак. (Глядзіць). Так, у цябе выйшла галава сабакі ў два разы большая, чым галава Міколкі, і тут нядобра. Я папраўлю.
Волька. Ты паправіш, Ягорка. Яшчэ ў мяне ёсьць адна заметка, я сёньня скончу яе, зьмесьцім, ды на гэты нумар хопіць.
Мішка. А яшчэ тут ёсьць задачкі, шарады.
Волька. Так, гэта добра. Я думаю, заўтра так, як сёньня, зьбярэмся і пачнем перапісваць. Рысавальная папера ў нас яшчэ ёсьць?
Ягорка. Ёсьць яшчэ.
Аўхім. А, ведаеце, што трэба было напісаць яшчэ. А вось, як Сашка на выстаўцы стаіць з сваёю хаткаю. Як людзі аглядаюць. Там заўсёды спыняюцца, а ён аб‘ясьняе. А раз падыходзіў бацька яго, дык ён хацеў уцячы, прасіў Сьцёпку, каб папільнаваў, а пасьля пабаяўся, каб бацька не забраў. А ён падышоў, паглядзеў, засьмяяўся, нічога не сказаў дый пайшоў.
ЗЬЯВА VII
Міколка (убягае). Што, ужо газэту напісалі, напісалі?..
Ягорка. Не, цябе чакалі.
Міколка. А каго на тачку працягнулі?
Гэлька. Без цябе тачка не абышлася. (Сьмяюцца). Міколка. Чаму не абышлася? Я нічога… а вы ведаеце, ведаеце… не, ня ведаеце.
Ягорка. Ведаем, што ты сабак ганяеш і позьнішся ў школу.
Міколка. Якіх сабак, ты можа сам ганяеш. Я з выстаўкі бягу, там нагароды раздавалі і ведаеце каму далі?
Усе. Каму далі, каму?
Міколка. А вось і не скажу.
ЗЬЯВА VIII
Сьцёпка (убягае). Сашку нагароду далі. Зараз нясе сюды сякеру, пілу…
Юзік. О, о, можа мядаль з печанае рэдзькі далі.
Сьцёпка. Ніякае печанае рэдзькі, а малаток, і серп, і пахвальны ліст.
А вось ён ідзе.
ЗЬЯВА IX
(Сашка з сярпом і молатам, за ім некалькі хлопчыкаў).
Усе (убачыўшы. А праўда.
Волька. Табе далі за хатку нагароду?
Сашка. А вось яна. Пілу і сякеру пакінуў дома тату.
Усе. Брава, маладзец Сашка!
Сьцёпка. У піонэры ўжо бацька пушчае.
Усе. Пушчае?
Сашка. Пушчае ўжо.
Усе. Добра, Сашка — піонэр.
Міша. Я лічу, што трэба ўпісаць усё гэта ў нашу газэту.
Усе. Абавязкова трэба ўпісаць.
Волька. Добра, мы ўпішам.
Сьцёпка. Ён спачатку ня верыў, як выклікалі яго, а я яму крычу — табе Сашка, табе, а нехта з боку кажа — правільна, яму, яму.
Волька. Хатка там засталася?
Сашка. Там.
Волька. А сярпок і малаток дзе дзенеш?
Сашка. А серп і молат я хачу аддаць у школу, хай яны будуць тут у нас.
Волька. Гэта вельмі добра.
Усе. Гэта добра.
Сашка. Вось вам (перадае Вольцы).
Волька. Мы будзем хаваць у нашай школе, як памятку, як падарунак за працу нашага вучня-будаўніка — Сашкі.
У часе гэтых слоў усе становяцца так, што Сашка пасярэдзіне, крышку ззаду з аднаго боку Волька з сярпом, а з другога Ягорка з молатам, а іншыя за імі з бакоў.
Волька (дэклямуе).
Мы дзеці ўсе |
Усе (хорам паўтараюць). Мы дзеці ўсе… і г. д.
Волька. Ня ў шатах мы…
Ягорка. Ня ў золаце…
Волька. З сярпом ў руках…
Ягорка. І молатам…
Удваіх. Збудуем новы сьвет.
Усе (ідучы, паўтараюць хорам). Ня ў шатах… і г. д.
Заслона