Тры п’ескі (1930)/Маленькая Анжэліна
← Скарб | Маленькая Анжэліна П’еса Аўтар: Васіль Сташэўскі 1930 год |
МАЛЕНЬКАЯ АНЖЭЛІНА
П‘ЕСКА Ў 6-ці СЦЭНАХ
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
Анжэліна — дзяўчынка 8—9 гадоў. |
У аснову гэтае п‘ескі ўзята апавяданьне амэрыканскага пісьменьніка Майкля Гольда „Жаданьні, якія не спаўняюцца“. Гэтае апавяданьне ў маім перакладзе выдаецца БДВ. В. С.
Сцэна першая
[правіць]
СЦЭНА ПЕРШАЯ
Анжэліна (радасна). Во, сонейка!
Бабка. Ну, дык што?
Анжэліна. Нічога. На дварэ хораша. (Крыху счакаўшы, на дварэ нешта зашыпела, запішчала). Што гэта? (Ускочыла і падбегла да акна). Ух, ух! Мурзік паляцеў за кошкаю. Гоп! На трубе ўжо!
Маці. Анжэліна!
Бабка. Анжэліна, чаго ты ўсхапілася? га?
Анжэліна. Я трошкі пагляджу.
Бабка. Столькі работы, а ты будзеш у вакно паглядаць.
Маці. Садзіся, дачушка, сёньня-ж трэба скончыць і здаць. (Анжэліна сумная зноў начала шыць).
Дзед. Што, ты ня бачыла кошкі ці сабакі?
Анжэліна. Я хацела паглядзець на двор.
Дзед. А там ты што ўгледзіш?
Анжэліна. Мо‘ нічога.
Бабка. Ну, дык і не адрывайся ад работы. (Чуваць гоман і сьмех дзяцей-школьнікаў. Анжэліна прыслухоўваецца). Ну, што ты натапырылася? Табе здаецца там нямаведама што.
Маці. Дзеці ідуць са школы і дурэюць.
Бабка. А дурэць ня трэба.
Анжэліна. Мама я таксама хачу хадзіць у школу.
Маці. Чаму табе захацелася ісьці ў школу. Ты-ж ніколі туды не хадзіла.
Анжэліна. Калі я стамілася, седзячы тут, нават баліць сьпіна.
Бабка. Анжэліна, ня трэба так казаць. Мы ўсе стаміліся таксама, як і ты. Але-ж як мы будзем жыць, не працуючы? Што будзе, калі мы раптам пабяжым у школу?
Дзед. Ды цябе і ня прымуць у школу. Для гэтага, галубка, трэба мець паперу ад паліцыі.
Анжэліна (праз плач). Я хачу заўтра ісьці ў школу.
Бабка. Ну, вось і заплакала яшчэ.
Дзед. Гэта нядобра, Анжэлінка. Ня трэба плакаць.
Маці. На той год аддамо цябе ў школу. Мы з бабкаю будзем працаваць яшчэ больш, каб абыйсьціся без цябе.
Дзед. Ня плач, галубка, падыдзі да мяне.
Анжэліна (падышла). Я хачу на вуліцу, дзедка. Я цяпер буду працаваць, а вечарам, позьненька, як скончыцца работа, я пайду пагуляю. Ты нікому, дзедка, ня скажаш і ніхто ня будзе ведаць.
Дзед. Добра, ты пойдзеш гуляць, але-ж з кім ты будзеш гуляць? Позна ўвечар усе дзяўчаткі і хлопчыкі сьпяць, табе прыдзецца гуляць аднэй. Гэта табе падабаецца?
Анжэліна. Угу, вельмі падабаецца.
Дзед. Ну, і добра, значыць ты будзеш гуляць адна? А вось пройдзе паліцэйскі, пабачыць цябе, ды арыштуе. Тады мы ніколі не пабачым нашае маленькае Анжэліны. Альбо пройдзе вялікі чорны чалавек, брыдкі-брыдкі, з чырвоным носам, з доўгімі вусамі, нібы ў кошкі хвост. А ў руках у яго вялізны востры нож. Што, калі ён украдзе цябе, пасадзіць у цёмны склеп, дзе бегаюць адны пацукі? Табе гэта падабаецца, Анжэліна?
Анжэліна. Ну, што-ж, а мяне зусім ніхто і не пабачыць.
Дзед. Добра, скажам, што з табою нічога ня здарыцца. Пагуляўшы некалькі гадзін, ты вернешся дадому, але раніцаю ты будзеш страшэнна стомленаю і ўвесь дзень будзеш пазяхаць. Нарэшце ты ў часе работы засьнеш, а пасьля будзеш вельмі шкадаваць.
Анжэліна. Зусім не. Я так даўно ня была на вуліцы. Я зусім хварэю ад таго, што ўсё сяджу дома. Я хачу гуляць.
Дзед (гладзячы яе па галоўцы). Чаго ня можна, таго ня можна. А ты заўсёды хочаш таго, чаго ня можна. Я вось колькі дзён ня выходжу і зусім ня зьбіраюся крычаць.
Анжэліна. Дзедка, чаму нам заўсёды трэба працаваць?
Дзед. А таму, што мы бедныя, галубка. Працаваў твой тата, працаваў і я пакуль ня здарыўся паралюш. Усім трэба працаваць, ды ня ўсе так працуюць, як мы, а другія і зусім не працуюць. Але ўсёроўна ня трэба жадаць таго, што не спаўняецца. Засьні, мая зязюлька, адпачынь. Вось так, і супакоішся тады, так будзе лепей…
На сцэне цямнее
Сцэна другая
[правіць]
СЦЭНА ДРУГАЯ
Анжэліна (праз сон). Во, птушкі, птушкі.
Дзед (прачнуўся, прыпадняўся крыху). Здаецца, Анжэліна нешта казала.
Анжэліна. Ух, ух! (Пашавялілася).
Дзед. Дзяўчынка неспакойна сьпіць. Сьпі спакойна, спачывай, гаротніца. (Галубы зьнікаюць. З акна высоўваюцца розныя страшныя чалавечыя галовы. Сярод іх адна з шапкаю паліцэйскага).
1-я здань. Хо-хо-хо!
2-я здань. Ха-ха-ха!
3-я здань. Хі-хі-хі!
Паліцэйскі. Ух-ха-хі! (Анжэліна варушыцца. Здані адна за аднэй зьнікаюць. На іх месцы зьяўляюцца вясновыя краскі: незабудка, браткі, ландыш і лёгенька калышуцца. Над імі адна за аднэй зьяўляюцца галоўкі трох дзяўчатак. На іх вяночкі).
1-я дзяўчынка. Вясна!
2-я дзяўчынка. Вясна!
3-я дзяўчынка. Вясна! (Зьяўляецца некалькі птушачак, матылькоў. Зашчабяталі птушкі).
Дзяўчаткі |
1-я. Чырык-чырык! | |
2-я. Ціў-ціў-ціў! | ||
3-я. Цюх-цюх-цюх! |
(Лёгенька шчабечуць птушачкі, зьвіняць тоненькія званочкі, дзяўчаткі пачынаюць сьпяваць).
Анжэліна, Анжэлінка, Сонца весела устала, А дзяўчаткі на лужочку |
(Анжэліна павярнулася і махае рукамі, нібы ловіць іх. Дзяўчаткі зьнікаюць. На гэтым месцы зьяўляецца вялікая чорная птушка. Яна кракнула і зьнікла).
На сцэне цямнее
Сцэна трэцяя
[правіць]
СЦЭНА ТРЭЦЯЯ
Бабка. Анжэліна, Анжэліна, уставай.
Дзед (падымаючыся). Ня будзі яе. Дзіця вельмі дрэнна спала. Няхай яшчэ пасьпіць.
Анжэліна (прачнулася, усхапілася). А дзе яны?
Дзед. Хто?
Анжэліна. Усе!
Дзед. Хто?
Бабка. Што з табою?
Анжэліна. А, гэта сон… Я устаю, бабка.
Бабка. Ды ўжо ня рана.
Анжэліна. Мама прынесла новую работу?
Маці. Прынесла, дачушка. Учора тую здала і ўзяла новую.
Бабка. Памыйся, Анжэлінка, ды зьбегай у краму па хлеб.
Анжэліна. Добра, бабуся, я зьбегаю.
Анжэліна выйшла.
Дзед. Мусіць, ноччу ёй зьяўляліся нейкія здані. Яна варочалася і нават крычала, з вечара ўсё плакала.
Маці. Пакутуе дзіця.
Бабка. Пакутуе… мы ўсе пакутуем.
Дзед. Пра нас няма чаго казаць. Анжэліна-ж дзіця. А на дварэ вясна. Ёй хочацца быць сярод кветак, на чыстым вольным паветры, радавацца сонечнаму дню.
Бабка. А хто-б гэта не хацеў? І ты, нябось, лепш-бы згадзіўся насіць цяжкія жалезныя рамы, чым гнісьці ў гэтым кутку.
Дзед. Так, я гнію, пяць гадоў гнію. Многа я перадумаў за гэты час аб усіх вар‘яцтвах жыцьця.
Бабка. Чаму гэта ты пра вар‘яцтва пачаў думаць?
Дзед. Ты не разумееш мяне. Ты верыш, што мо‘ самы мудры ў сьвеце той чалавек, які ўвесь дзень спакойна ляжыць на сваім сяньніку.
Маці. Нашто пра гэта гутарыць, — скажэце вось, што рабіць з Анжэлінаю. Такога жыцьця яна ня вытрымае. А тут, у такім жыцьці патрэбна кожная капейка.
Дзед. Ведаю, думаў аб гэтым. Трэба пускаць яе гуляць кожны дзень, хоць на некалькі хвілін.
Бабка. Але-ж як гэта зрабіць? Ты-ж ведаеш, што мы на дваццаць дзён зацягнулі плату.
Дзед. Ведаю, але ўсёроўна трэба знайсьці нейкі выхад.
Бабка. Сёньня нічога нельга зрабіць.
Маці. А праз год каб ня было позна.
Бабка. Ну, дык што ты думаеш рабіць?
Маці. Я ня ведаю.
Дзед (з уздымам). Чакайце, я знайшоў выхад, знайшоў! Замест таго, што вы ходзіце па работу і адносіце яе, даручым гэта Анжэліне. Тады яна можа прагуляцца, падыхаць чыстым паветрам і пагрэцца на сонцы.
Маці. Гэта думка добрая. Клунак вельмі цяжкім ня бывае.
Бабка. Ну, добра, няхай будзе добра.
Уваходзіць Анжэліна.
Маці. Ну, вось Анжэліна.
Анжэліна. Хлеб прынесла. Сказала крамніца, каб плацілі за тое, што набралі.
Бабка. О, як яны баяцца.
Маці. Аддамо, дачушка.
Анжэліна. Я так і сказала. Сказала, што заўтра аддамо.
Маці. Ну, і добра.
Анжэліна. А на дварэ так хорашанька! Мамачка, я ўвесь дзень буду працаваць, а вечарком вы мяне пусьціце крышачку пагуляць. Добра?
Маці. Добра, добра, дачушка. Мы будзем часта пускаць цябе ў горад.
Анжэліна. А, ня праўда!
Бабка. Будзе праўда, калі будзеш добраю, спакойнаю дзяўчынкаю.
Анжэліна (падбегла да дзеда). А мне дзедка скажа, праўда ці не?
Дзед. Шкада нам стала цябе, наша зязюлька. Мы і прыдумалі, каб замест мамы ці бабкі ты і прыносіла і адносіла работу, вось ты і будзеш прагульвацца.
Анжэліна. Ой, як добра будзе, дзедка! (Абдымае яго). Я хутка-хутка буду хадзіць, прыносіць і адносіць, прыносіць і адносіць… Уй, як будзе добра, дзедка!
Бабка. Ты мо‘ думаеш, што гэта будзе і ўся твая работа? Фастрыгаваць-жа ўсёроўна трэба.
Анжэліна. Я ведаю, пафастрыгуем усё, тады я панясу, зробім тое, што я прынясу, тады зноў панясу. Праўда, дзедка?
Дзед. Так, так, Анжэлінка. (На дварэ зайграла шэйнакатрынка).
Анжэліна (радасна страпянулася). Музыка! (Падскочыла, хацела бегчы да акна і раптам спынілася). Не, я ня буду глядзець, буду працаваць. (Садзіцца ля стала, пачынае шыць, але відаць, што ёй хочацца выскачыць на вуліцу. Маці задаволена ўсьміхаецца).
Бабка. От малайчына наша Анжэліна!
Заслона
Сцэна чацьвёртая
[правіць]
СЦЭНА ЧАЦЬВЕРТАЯ
Маці. На дварэ цёмна, а Анжэліны яшчэ няма. Каб хаця ня здарылася чаго.
Бабка. Мо‘ там у магазыне затрымалі, а мо‘ спынілася на дварэ. (Глядзіць у акно). Не, ня відаць.
Маці. Мне ўсё-такі не хацелася-б пасылаць яе. Заўсёды сэрца маё неспакойна ў гэты час.
Бабка. Дык што-ж рабіць? Будзеш трымаць яе ў хаце — ёй дрэнна будзе, пусьціш яе з хаты — табе дрэнна.
Дзед. Нічога, яна разумная дзяўчынка. Толькі, вядома, — дзіця.
Уваходзіць Анжэліна.
Бабка. Ну, вось і зьявілася.
Маці. Што-ж ты, Анжэліна, так доўга забавілася?
Анжэліна. Ці-ж доўга? (Кладзе клунак на стол). Каб вы бачылі тое, што я, дык і вы-б забавіліся.
Бабка. Ну, што-ж ты там такое ўбачыла?
Анжэліна. Нештачка. Ды такое, бабунька, прыгожае, прыгожае…
Маці. Ну, дык скажы ўжо.
Анжэліна. Як ішла туды, дык ня бачыла. Узяла работу, выйшла з магазыну, а ў другім магазыне — ай! Гляджу, а яна на мяне. Вочкі сіненькія, блакітныя, а валаскі беленькія, а сукеначка ружовая, ружовая!
Маці. Гэта-ж напэўна лялька была.
Анжэліна. Угу, лялька, але якая? — Такая вялікая, з мяне будзе. Мне здаецца, што яна можа адкрываць і закрываць вочы.
Бабка. Яна-ж няжывая, як гэта яна будзе адкрываць і закрываць свае вочы.
Анжэліна. А вунь у суседкі Галены таксама няжывая, а вочы і закрываюцца і адкрываюцца.
Бабка. А ты ўсё выглядзіш.
Маці (дае ёй місачку). Павячэрай, Анжэліна. Тая лялька ўсёроўна не накорміць цябе.
Дзед. Хадзі сюды, сядзь, ды павячэраем разам. (Анжэліна падышла да яго, прысела і старанна вячэрае).
Анжэліна. Я павячэраю і вазьмуся за работу.
Бабка. Не, ужо зараз і мы пакінем работу. Стаміліся за ўвесь дзень. Лепш заўтра раненька устанем.
Анжэліна. Дзедка, а ты калі-небудзь бачыў такую ляльку?
Дзед. Можа і бачыў, але не прыглядаўся.
Анжэліна. Я доўга стаяла і ўглядалася на яе.
Бабка. Вось гэта і нядобра. Раз пайшла па справе, дык няма чаго заглядацца на розныя лялькі.
Анжэліна. Каб вы, бабунька, бачылі яе, дык і вы таксама пастаялі-б.
Бабка. Бачыла я, ну — лялька ды ўсё.
Анжэліна. Ого, усё! Вось гэтае вы мусіць і ня бачылі. (Да дзеда). Дзедка, як-бы мне хацелася мець гэтую ляльку.
Бабка. О, бачыш, да чаго яна хіліць, ёй ужо хочацца мець гэтую ляльку.
Дзед. Ах, маленькая Анжэліна, ты заўсёды хочаш немажлівага. Так ты ніколі ня будзеш шчасьлівай. Ня трэба хацець таго, што ня можа споўніцца.
Анжэліна. Чаму?
Дзед. Як вырасьцеш, дык тады будзеш ведаць чаму.
Анжэліна. А каб я, ідучы па вуліцы, знайшла многа-многа грошай, дык узяла-б ды купіла гэтую ляльку.
Бабка. Знойдзеш, — яны там валяюцца.
Маці. Вячэрай ты, Анжэлінка, ды супачынь. Годзе табе думаць пра лялькі. Стаіць яна там у акне, ну — і няхай сабе стаіць.
Анжэліна. А я хачу, каб яна была ў мяне.
Дзед. Нічога, дзеткі, з гэтага ня будзе. На вось пастаў і маю місачку ды лажыся спаць. Так будзе лепей.
Анжэліна. Я не хачу спаць. Я хачу папрацаваць яшчэ.
Бабка. Каму гэта ты хочаш рабіць на злосьць?
Анжэліна. На злосьць? Зусім не на злосьць. Я пастаяла каля тае лялькі, а цяпер хачу гэты час папрацаваць.
Бабка. Гэта добра, але няхай гэта будзе другім разам, а сёньня будзем адпачываць усе. Я ўжо іду і мама твая таксама. (Пайшла).
Маці. Лажыся і ты, Анжэлінка.
Анжэліна. Мамачка, як мне дастаць тую ляльку?
Маці. Ня ведаю, дачушка. Яна, мусіць, дорага каштуе, а грошай-жа ў нас няма.
Анжэліна. А мо‘ каб я зайшла ў магазын, папрасіла гаспадароў, пацалавала-б ім у рукі, можа яны і аддалі-б мне?
Маці. З гэтага нічога ня выйдзе, Анжэліна, і гэтага ніколі ня трэба рабіць. Я не хачу, каб ты цалавала там некаму рукі. Гэта будзе няпрыемна і бабцы і дзедку.
Дзед. Мама кажа праўду.
Маці. Ну, вось чуеш?
Анжэліна. Добра, я ня буду хацець гэтае лялькі, я ня буду думаць пра яе.
Маці. Вось цяцер ты разумна кажаш.
Анжэліна. Буду разумнаю і нічога ня буду хацець.
Маці (пацалавала Анжэліну). Лягу-ж і я. Добрае ночы, Анжэлінка. (Пайшла).
Анжэліна. Дзедка, а колькі такая лялька можа каштаваць?
Дзед. Каторая лялька?
Анжэліна. Ды тая-ж, з блакітнымі вачыма.
Дзед. Вялікая лялька даражэй за маленькую. Я думаю, што такая лялька каштуе вельмі, вельмі дорага.
Анжэліна. Я мусіць, ніколі ня куплю яе.
Дзед. Хе-хе! Адкуль-жа ты возьмеш грошы?
Анжэліна. А ці не магла-б я як-небудзь зарабіць?
Дзед. Ну, як?
Анжэліна. Мне здаецца, што я магла-б.
Дзед. Ня ведаю.
Анжэліна. Кожны вечар, калі вы ўсе паляжаце спаць, я магла-б шыць, і калі-б мама аддавала мне ўсе гэтыя грошы, дык я за іх і купіла-б ляльку.
Дзед. А калі-ж бы ты спала? Дзяучаткам-жа трэба спаць.
Анжэліна. Не, дзедка, я не хачу спаць. Я хачу ляльку.
Дзед. Гэта яшчэ ня значыць, што тваё жаданьне можна выканаць, ты гэта павінна ведаць, бо я заўсёды табе аб гэтым казаў.
Анжэліна (заплакала). Чаму я такая, што мне нічога ня можна жадаць і ў мяне нічога няма? А я хачу адну гэту ляльку.
Дзед. Супакойся, Анжэліна, ня плач, а то разбудзіш бабку, і яна будзе сварыцца на цябе. Ну, сьціхні.
Бабка (з-за шырмы). Што там здарылася? Захварэла дзяўчынка, ці што?
Дзед. Не, яна плача па ляльцы.
Бабка. Па ляльцы? А трасцы там! Ліханька, што з ёю такое здарылася? Скажы, каб яна зараз-жа спала, а то я пакалачу яе.
Дзед. Ну, вось, чуеш? Чуеш, што кажа бабка? Хадзі сюды, Анжэлінка, і лажыся. (Анжэліна мацней заплакала). Ну, глядзі, прыдзе зараз бабка.
Увайшла бабка.
Бабка. Ну? Доўга ты будзеш раўці?
Дзед. Не, яна ўжо ня будзе. Лажыся, Анжэлінка. (Анжэліна падышла да дзеда).
Маці (з-за шырмы). Лажыся, дзіцятка мае!
Бабка. Ты, мусіць, гэтаю вясною зусім звар‘яцееш. Толькі табе трапіцца што-небудзь на вочы, і ты пачынаеш раўці. Ты скора напэўна захочаш, каб табе зьнялі месяц з неба.
Дзед. Яна ўжо ня плача, праўда?
Бабка. Што з табою? Спачатку ты хацела гуляць. Мы пусьцілі. Пусьцілі гуляць, дык ёй цяпер, канечне, падавай ляльку. Лажыся спаць, кажу табе, а то мы цябе замкнем і ніколі ня пусьцім на вуліцу. Зараз-жа лажыся.
Дзед. Яна ўжо лажыцца.
Бабка. Ох, як ёй хочацца паставіць на сваім, брыдкая дзяўчынка.
Увайшла маці.
Маці. Яна няшчасная.
Бабка. Мы кажам, каб яна сьціхла, а яна ня хоча, бачыш ты, разбазырала. (Пашла).
Маці. Ну, лажыся-ж, мая маленькая. (Анжэліна лажыцца). Вось так, во малайчына. Дзедка няхай раскажа добрую казку, і ты засьнеш. (Пайшла).
Бабка (з-за шырмы). Анжэліна, сьпі — я табе кажу!
Маці. Ціха, яна ўжо лягла.
Дзед (гладзіць Анжэліну па галоўцы). Так, так. Ішоў па сьвеце адзін чалавек, ідзе, а перад ім лятаюць матылькі. Яму хочацца кожнага злавіць. А ішоў ён не дарогаю, а ўсё блытаўся па розных вузенькіх сьцежках, ну — і заблытаўся. Ды так усё жыцьцё сваё ён блытаўся паміж кустоў ды балота. Ня мог знайсьці дарогі, няшчасным быў…
Анжэліна. А я нічога не хачу, толькі адну тую ляльку.
Дзед. І чаму табе раптам захацелася здабыць тую ляльку? Нарэшце, гэта-ж проста рэч, зробленая з воску, валасоў і ружовае тканіны. Яна хутка паломіцца альбо забрудзіцца і абрыдзее табе.
Анжэліна. Калі я люблю яе.
Дзед. Любіш? Чаму ты яе любіш? Ці ня лепш табе любіць тваю бабку, маму ды не рабіць ім няпрыемнасьці сваімі выдумкамі. Лялька-ж няжывая, за што-ж яе любіць. Яна-ж ня можа цябе любіць, плакаць па табе, даглядаць цябе, калі ты хворая, як гэта робім мы.
Анжэліна. Калі ў яе такія сіненькія, блакітненькія вочкі і беленькія валаскі.
Дзед. Ну, добра, няхай сабе ты любіш яе, але калі табе нельга яе мець, дык трэба пастарацца забыцца аб ёй.
Анжэліна. А калі я не магу?
Дзед. А ты пастарайся. Ты не хадзі тэю вуліцаю, а другою. Ня будзеш бачыць яе і забудзешся.
Анжэліна. Добра, я пайду другою вуліцаю, ня буду на яе заглядацца і забудуся. Мусіць, я вельмі нядобрая. Я заўсёды хачу таго, чаго не магу мець. Я ня буду думаць пра гэтую ляльку.
1-я лялька. Ку-ку! Ку-ку! Анзэліна, ку-ку! (Зьяўляецца другая лялька).
2-я лялька. Анзэліна, ку-ку! (Зьяўляецца трэцяя лялька).
3-я лялька. Анзэліна, ку-ку, ку-ку!
2-я лялька (пакручваецца). Анзэліна сьпіць і ня хоча з намі гуляць.
1-я лялька (павярнулася да 2-е). Няпраўда, ты маніс, яна нас любіць. Яна як праходзіць паўз маё акно, дык спыніцца і доўга-доўга стаіць. І ўглядаецца на мяне, а я на яе.
3-я лялька. А моза яна хацела ўкрасьці цябе?
1-я лялька. От сказала, — украсьці… яна не такая. Я сама прысла да яе і ніяк не баюся. Вось вазьму ды падыду да яе, пацалую.
2-я лялька. Ой, што яна сабе думае.
3-я лялька. Я ня ведаю, мне ўжо робіцца боязна.
Расчыняюцца дзьверы і ўваходзіць 1-я лялька.
1-я лялька. Анзэлінка.
2-я лялька. Не падыходзь блізка, каля яе нехтачка ляжыць.
1-я лялька. Анзэліна, ты хацела, каб я пабыла з табою, вось я і прыйшла.
Анжэліна (усхапілася). Ой, гэта-ж ты, мая лялечка, ты прыйшла да мяне. (Цалуе яе). А я сёньня плакала, хацела, каб як купіць цябе, але мы бедныя, у нас няма за што купляць. А ты такая добрая, прыйшла сама. Вось я тут з дзедкам сплю. Ён добры, добры дзедка. (Бярэ да сябе на пасьцельку). А дзе-ж тыя дзьве лялечкі?
1-я лялька. Там.
Анжэліна. Хадзеце сюды і вы.
2-я лялька. Ого, яна хоца забраць і нас.
3-я лялька. Уцякайма.
2-я лялька. Уцякайма. (Зьніклі, зачынілася акно).
Анжэліна. Ну, калі ня хочуць ісьці сюды, няхай сабе ўцякаюць. А ты будзеш са мною. У мяне ёсьць мама і бабка. Бабка калі-ні-калі сварыцца на мяне, але яна добрая. Быў у мяне і тата, але я мала яго памятаю. Ён некалі працаваў пад зямлёю і яго там заваліла зямля. Нам вельмі цяжка жыць, але цяпер з табою мне будзе весялей. (Прытульвае ляльку да сябе). Я цяпер ніколі ня буду плакаць. Мне цяпер добранька-добранька. (Крыху цямнее. Лялька зьнікае. Робіцца сьвятлей. Анжэліна прыціскае да сябе падушачку (ці коўдрачку). Падымае галаву дзед).
Анжэліна (праз сон). А-а, а-а, лялечка мая.
Дзед (углядаецца на яе). Неспакойна сьпіць дзіця. (Закашляўся).
Анжэліна (абуджаецца, падняла галаву).
Дзед. Сьпі, галубка.
Анжэліна. А ў мяне лялькі. (Глядзіць на падушачку, паглядзела вакол сябе). А дзе лялька?
Дзед. А дзе-ж яна павінна быць?
Анжэліна (усхапілася). Дзедка, яны-ж тут былі. Дзьве ўцяклі, а тая ў ружовенькім была са мною. (У непаразуменьні паглядае вакол). Дзе яны?
Дзед. Гэта-ж табе, мусіць, прысьнілася.
Анжэліна. Прысьнілася… (Заплакала). Чаму гэта мне толькі сьніцца? Няхай-бы гэта было сапраўды.
Дзед. Лялькі-ж няжывыя. Як-жа яны могуць прыйсьці? Ня могуць, галубка.
Анжэліна. Нашто мне гэты сон! Ён толькі падманвае мяне.
Дзед. Ціха, ня крычы, здаецца прачнулася бабка.
Бабка (з-за шырмы). Хто гэта там крычыць?
Дзед. Вось чуеш?
Анжэліна. Дык што-ж я вінавата, што мне прысьніўся такі сон.
Дзед. Ня трэ‘ было думаць аб ёй, ты-ж нават абяцалася ня думаць.
Увайшла бабка.
Бабка. Што гэта, Анжэліна, няма на цябе ўпыну! Глядзі, а то налажу ў мяшок ды завяжу. Вось тады паскачаш.
Заслона
Сцэна пятая
[правіць]
СЦЭНА ПЯТАЯ
Анжэліна (спынілася). Недзе іграюць. Занясу здам работу, вазьму яшчэ і тады, ідучы назад, паслухаю. (Прайшла крыху). Не, гэтаю вуліцаю не пайду. Ня буду глядзець на ляльку. Пайду другою вуліцаю, як казаў мне дзедка. (Пайшла).
Зьявіліся дзьве дзяўчынкі.
1-я (глядзіць у той бок, куды пайшла Анжэліна). Што яна носіць? Я ўжо часта бачу, як яна і туды і назад праходзіць з клункамі. Ідзе, ды ўсё аглядаецца. Нейкая сьмешная.
2-я. Што там сьмешная, мусіць баіцца, каб хто не адабраў.
1-я. А што там вельмі адбіраць, мо‘ якія лахманы. Але давай прабяжым за ёю, паглядзім, куды яна пойдзе.
2-я. Ай, чаго мне за ёю бегаць, ідзе, — няхай сабе ідзе.
1-я. Дык мы-ж нічога, толькі паглядзім.
2-я. Ня хочу, я лепш паслухаю шэйнакатрынку ды падражнюся з Паўлушкам.
1-я. А ей, — ня чула, мусіць, гэтае музыкі?
2-я. Колькі разоў чула і яшчэ буду слухаць. Вунь, ідуць сюды.
1-я. Ну, добра, тады хіба паскачам. Паскачам?
2-я. Няхай толькі заіграе, дык паскачам.
Зьявіўся добра адзеты хлопчык.
Хлопчык (пастаяўшы крыху). Вунь, ідуць сюды.
1-я. А ты думаеш, мы без цябе ня бачым?
Хлопчык. А я зусім не да вас.
1-я. Ну, дык ідзі сабе ад нас.
2-я. Ай, не чапай ты яго. (Хлопчык дастае цукеркі і есьць).
1-я. Бачыш, цукерачкі паядае.
Хлопчык. Паядаю, бо маю.
1-я. А каб ты мне і даваў іх, дык я і не захацела-б есьці.
Хлопчык. А я і не даю.
1-я. А я і не хачу.
Хлопчык. А я і не даю.
1-я. А я і не хачу.
Хлопчык. Бо ты мо‘ ніколі іх і ня ела
1-я. Больш за цябе.
Хлопчык. Уга, больш за мяне. Мой-жа татка сваю краму мае.
1-я. А мой татка ў пажарніках, дык… дык возьме ды спаліць тваю краму.
2-я. Пойдзем да музыкі, а то, мусіць, ён сюды ня прыдзе. (Пацягнула яе за руку).
Хлопчык (адзін). Ідзеце сабе, а я пайду дадому, ды скажу, што хочуць спаліць краму, тады будзе ім. (Пайшоў).
Чуваць шум, гоман дзяцей.
Галасы:1-ы. Зараз будуць яшчэ іграць.
2-і. Ды не, — мусіць пойдуць далей.
3-і. Тут пайграйце, тут.
4-ы. Тут нічога не дадуць.
5-ы (пяе). Чыгі-чага, чыгі-чага, чыгі, чыгі-чага.
Зьяўляецца многа дзяцей, з іх больш дзяўчатак. Пасярод іх шэйнакатрыншчык і хлопчык Міль з клеткаю, у якой папуга.
1-я. Пайграйце, дзядзька, тут.
Адзін. Не, лепей ісьці туды, далей.
2-я. Чаго далей? Лепей тут.
1-я. Тут, тут.
Усе. Ну, няхай тут. Пайграйце тут.
Шэйнакатрыншчык. Можам і тут, мы не пагарджаем.
Міль. Раз просяць, мы не адмаўляем, а іграем і забаўляем. Няхай толькі не шкадуюць ды нас частуюць.
Усе. Пачастуюць, пачастуюць.
Шэйнакатр. Вось толькі наладзім нашу музыку. (Дае некалькі галасоў).
1-я. Іграе, іграе!
Міль. Трэба, каб была настроена.
Адзін. З песьняю будзеце іграць?
Міль. А ты як хочаш?
Адзін. Я ня ведаю.
Усе. З песьняю, з песьняю: чыгі, чыгі.
Міль. Ладна, чыгікнем.
Усе (сьмяюцца). Чыгікнем.
1-я. І Паўлушка будзе сьпяваць?
Міль. Уся наша капэля.
Падышоў хлопчык.
1-я. Во, цукерачнік падышоў.
Хлопчык. Пасьмейся: я сказаў татку.
2-я. Дай цукерак Паўлушку.
Хлопчык. Якому гэта Паўлушку?
1-я. А вось якому. (Паказвае на папугу).
Галасы:1-ы. Ну дай, дай.
2-і. Ня будзе есьці.
3-і. Ого, ня будзе, давай толькі. (Хлопчык дае).
4-ы. Раскруці паперачку.
2-і. А няхай сам раскручвае.
Галасы:4-ы. Не раскруціць.
2-і. Раскруціць. Во, бачыш, як дзяўбе.
Усе. Во, во, пашло. Во, стараецца.
Міль. Усё ён можа зьесьці. Давай барана, вала, усё пойдзе.
Усе (сьмяюцца). Ого, які пражора!
Шэйнакатр. Гатова. (Заіграў).
Міль (падпявае):
Па дарожках вузкіх, |
Міль (здымае шапку і пашоў зьбіраць грошы. Некаторы час яго няма. Грае адзін Шэйнакатрыншчык. Дзеці: адны ўглядаюцца на яго, другія — на Паўлушку, а некоторыя прытанцоўваюць. Міль вярнуўся). Тут кончана.
Шэйнакатр. Пашлі!
Усе. О, як мала пайгралі, яшчэ!
1-я. Пайграйце, мы паскачам.
Шэйнакатр. Што, хочаш паскакаць?
Усе. Хочам, хочам.
Шэйнакатр. Ну, добра, я магу пайграць для вас, але адна ўмова.
Усе. Якая, якая?
Шэйнакатр. Якая? А такая, каб вы скакалі столькі, колькі буду іграць.
Усе (весела). О, о-о-о, тэта добра, — будзем скакаць. (Міль узяў бубен, стукнуў і патрос шамкамі).
1-я. О, з бубнам!
Шэйнакатр. Толькі, каб мне прысесьці дзе.
2-я. Сесьці? Я прынясу табурэцік. (Пабегла).
Галасы. Нясі, нясі хутчэй!
1-я. Бярэцеся ўсе за рукі ўкола. (Усе зашавяліліся, бяруцца за рукі). Вось так (парадкуе іх). Ты станавіся сюды, а ты сюды, ты ня цісьніся. Шырэйшае рабеце кола. (2-я дзяўчынка прынесла табурэцік. Шэйнакатрыншчык сеў і пачаў іграць. Дзеці, узяўшйся за рукі, прытупваючы, пашлі скакаць. Асабліва старэнна прытупвала 1-я дзяўчынка, якая была пасярэдзіне кола. У самы разгар гэтых скокаў падышла Анжэліна. Яна прыціснула да грудзей свой клунак і з зайздрасьцю глядзела на ўсіх, асабліва на 1-ю. Кола раскідаецца, танцуюць у парах. 1-й няма пары, і яна падбегла да Анжэліны).
1-я. Хадзі, мы з табой паскачам, а то мне няма з кім.
Анжэліна. Не, ня буду я скакаць. (Сьціхла музыка).
1-я. Чаму ты ня хочаш паскакаць?
Анжэліна. Ну, вось і музыка сьціхла.
1-я. Яны яшчэ будуць іграць.
Усе. Яшчэ, яшчэ.
Міль. Пераменім ноты.
Шэйнакатр. Рыхтуйцеся на вясёлую, вясёлую!
1-я. Ну, вось бачыш, будзе вясёлая.
Анжэліна. Не, я ня буду скакаць.
1-я. Чаму? Хіба-ж ты ня ўмееш? Пойдзем, я табе пакажу. (Анжэліна ступіла крок і спыйнілася). Ну, чаго-ж ты?
Анжэліна. Мне ня можна скакаць. Я не павінна хацець скакаць. Дзедка мне казаў, каб я нічога не хацела. (Музыкі далі некалькі гукаў).
1-я. Ой, як добранька! Пойдзем паскачам! Палажы свой клунак.
Анжэліна. Не, я не магу.
1-я. Чаму?
Анжэліна. Мне трэба несьці клунак дадому маме, ёй трэба шыць.
1-я. А ты палажы яго на хвілінку сюды. Ты-ж будзеш наглядаць.
Невядомы. Палажы, ды ідзеце паскачэце. Ня бойцеся, я панаглядаю. (Зайграла музыка. Анжэліна і сама ня ведала, што рабіць. Невядомы ўзяў з яе рук клунак).
1-я (узяла Анжэліну за руку). Ну пабяжым! (Яны пабеглі і пачалі скакацъ).
Міль. О, мяцеліца! (Анжэліна ўсё мацней і мацней кружылася. Заварушыліся будынкі, дрэвы. Здаецца, усё вакол скакала[2]. Невядомы паглядзеў вакол, дзіка ўсьміхнуўся, схапіў клунак і ўцёк. Спынілася музыка).
Шэйнакатр. Ну, будзе з вас.
Галасы. Яшчэ, яшчэ! (Шэйнакатрыншчык зьбіраецца, дзеці абкружылі яго. Сярод іх задаволена паглядае Анжэліна. Пайшлі музыкі, пачалі разыходзіцца ўсе. Анжэліна ўспомніла пра клунак).
Анжэліна (кінулася да таго месца, дзе быў невядомы). А дзе ён? дзе ён?! Ай, яго няма!
1-я (зьдзіўлена глядзіць). Няма.
2-я (да 1-й дзяўч.). А што такое з ёю?
Анжэліна. Ой, ой, што-ж цяпер будзе! (Кідаецца ў бакі і шукае).
1-я. Нейкі невядомы ўкраў яе клунак.
2-я. Во няшчасная. Мо‘ што і добрае там было.
1-я. Мусіць нейкае адзеньне.
Анжэліна (здалёк). Яго тут няма.
2-я. Чаму-ж яна не пільнавала?
1-я. Мы-ж з ёю скакалі, а той невядомы пільнаваў.
Анжэліна (ідзе, закрыўшы твар рукамі і плача). Што-ж гэта цяпер будзе… ай, ай!
1-я. А мо‘ ён яшчэ знойдзецца дзе?
2-я. Але, мо‘ ў яго адбяруць ды вернуць табе.
Анжэліна. Як-жа я цяпер пайду дадому?
1-я. А мы цябе крыху праводзім.
2-я. Ды можна праводзіць аж туды, дзе яна жыве.
1-я. А ты мусіць далёка жывеш?
Анжэліна. Не.
1-я. Тады пройдзем і мы з табою.
Анжэліна. Добра, пойдзем разам ды будзем прыглядацца.
1-я. Ага ды можа і напаткаем яго. (Анжэліна ўсхліпваючы ідзе. 1-я і 2-я дзяўчаткі — за ёю).
Заслона
Сцэна шостая
[правіць]
СЦЭНА ШОСТАЯ
Бабка (да дзеда). Колькі ты ні думай, дык усёроўна не разгадаеш.
Дзед. Так, хітра закручан вузел. Ведаць увесь сьвет нельга. Мусіць, яшчэ няма такога чалавека, які-б усё ведаў. Я толькі адно ведаю добра: парадак павінен быць зьменены.
Бабка. Ня ты яго ўстанаўляў, ня ты будзеш і зьменьваць яго.
Дзед. Я-ж не кажу, што гэта я павінен зьмяніць яго. Я цяпер нічога не магу зрабіць. Я магу толькі думаць і ў думках разважаць. І я ўпэўнены, што знойдуцца людзі, якія будуць рабіць гэты інакшы парадак. Такім сьвет не застанецца.
Бабка. От маўчы і не грашы. Даволі і так пакараны.
Дзед. Я пакараны не за грахі, а за сваю вар‘яцкую гордасьць. Так, я хацеў даказаць, што я не стары і магу падняць столькі, колькі і раней.
Бабка. І даказаў.
Дзед. Так, і даказаў. Я падняў гэтыя жалезныя рамы і занёс іх аж на трэці паверх!
Бабка. Дык вось цяпер ня можаш зьлезьці з лаўкі.
Маці (да бабкі). Ня трэба аб гэтым гаварыць. Тут ніхто не вінаваты. Так здарылася.
Бабка. Але-ж магло і ня здарыцца.
Маці. З кожным чалавекам што-небудзь павінна здарыцца. Вось я думаю, што сёньня Анжэліны няма пазьней, чым усе разы.
Бабка. Ат, нідзе ня дзенецца. А вось як прыдзе, дык насварыся.
Маці. А можа яе ў магазыне затрымалі.
Дзед. Вось кажаце пра Анжэліну. Я многа думаю аб ёй. Думаю, што дзе-небудзь ёсьць Анжэліна, такіх-жа гадоў, але тая Анжэліна і ходзіць у школу, і мае ляльку ці цацкі, гуляе на сонцы, на чыстым паветры, як і трэба дзецям, а наша Анжэліна нічога гэтага ня мае. Яна за работаю сушыць свае дзіцячыя ручкі, грудзі і без пары вяне.
Маці (у гэты час глядзела ў акно). Здаецца, ідзе.
Бабка. Ды прыдзе. А хіба-ж яна адна такая? Такіх, як яна, ня мала.
Маці. Што гэта яе няма? Пайду гляну. (Выйшла, за дзьвярыма). Анжэліна! Анжэліна, гэта ты?
Дзед. Ёй хочацца пабавіцца больш на дварэ.
Увайшла маці.
Маці. Мусіць, мне паказалася. Нідзе ня відаць. Усё-такі я непакоюся. Я думаю прайсьці, мо‘ спаткаю.
Бабка. Ды яно-ж так — прайдзі. (Маці ахінула хустку і выходзіць. Толькі прачыніла дзьверы).
Маці. А, такі яна. (Вярнулася. За ёю ўваходзіць 1-я дзяўчынка).
Бабка (прыглядзеўшыся). Хто яна? Гэта-ж не Анжэліна.
Маці (павярнулася). А, праўда. Ты-ж адкуль, дзяўчынка?
1-я. Я прыйшла разам з вашаю дзяўчынкаю.
Маці. Ну, добра.
Бабка. Нешта новае задумала Анжэліна.
Маці. А яна-ж дзе затрымалася?
1-я. Яна тут, за варотамі. Я прыйшла папрасіць, каб вы не сварыліся на яе.
Бабка (дабрадушна ўсьміхаючыся). Ого, з абаронаю прыйшла.
Маці. Уперад яна раней прыходзіла. А гэта, мусіць, вы недзе разам загуляліся.
1-я. Крышку загуляліся. (Маці прачыніла дзьверы).
Маці. Анжэліна, ідзі ў хату, што ты там выдумала.
Бабка. А дзе-ж вы гулялі?
1-я. Там ігралі, дык мы там былі.
Уваходзіць Анжэліна і 2-я дзяўчынка.
Маці (з трывогаю). Ты плакала? Што здарылася, Анжэліна? (Анжэліна кінулася да дзеда і наўзрыд заплакала).
Дзед. Ах ты, дзіцятка маё! (Гладзіць па галаве).
Маці. Што з ёю здарылася?
Дзед. Ну, скажы, дзеткі, чаго ты плачаш?
Бабка. Кажы, чаго ты равеш!
Маці. Чакайце вы, не сварэцеся.
Дзед. Скажы, галубка, мо‘ хто цябе пакрыўдзіў. (Маці і бабка падышлі да яе. Дзяўчаткі стаяць у парозе).
Бабка. Ну доўга-ж ты будзеш хлюпаць, га?
Маці. Ня пужайце вы яе, можа і так дарогаю спужаў хто.
Бабка. А дзе клунак з работай? Нешта-ж я ня бачыла, каб яна прыносіла.
Маці. Мусіць, на сёньня ня было заказаў? Скажы, мая радасьць.
Анжэліна (праз плач). Мамачка, пакуль я скакала, дык работу ўкралі.
Маці. Ах!
Бабка (закрычала). Укралі? (Схапілася за галаву). Укралі! Укралі наш апошні кавалак хлеба! Ах ты шалёная! Вар‘ятка ты! (Кінулася да Анжэліны. Дзяўчаткі спужана зірнулі адна на другую і ўцяклі). Цяпер нам прыходзіцца паміраць з голаду!
Маці (баронячы). Ня трэба так, мама.
Бабка. Што ня трэба?! Яна загубіла нас усіх, нам больш не дадуць работы! Разарваць яе мала, нягодніцу такую!
Маці (са сьлязамі). Ня крычэце, мама, так.
Бабка. У гэтым клунку было больш, чым на пятнаццаць даляраў, і, каб выплаціць, нам прыдзецца месяцамі, гадамі галадаць. (Села за стол і пачала плакаць).
Маці. Ну, дык што-ж крычаць, усё-ж роўна крыкам не паможаш.
Бабка (трымаючыся за галаву). Што яна нарабіла, гэтая дзяўчына, што яна нарабіла?!
Маці. Яна-ж ня думала, што так здарыцца. Яна-ж — дзіця, пачула музыку і не магла ўтрымацца.
Бабка (усхапілася). Скакаць! Беднякі не павінны скакаць. Яна праскакала ўвесь наш хлеб, яна пагубіла нас.
Дзед. Вось бачыш, Анжэлінка, што выходзіць ад таго, што ты жадаеш немажлівага.
Анжэліна. Дзедка, даруй мне, я цяпер заўсёды буду слухаць вас. Я з усяе сілы буду працаваць кожны дзень. Я больш ніколі не захачу гуляць, ніколі.
Маці. Эх, праваліся ты, такое жыцьцё! Вось яна, залатая Амэрыка! Каму бліскучая, як золата, а каму гразь на ўсё жыцьцё. Няхай мы душымся за працаю, дык наце вам — яшчэ і дзеці нашы гінуць. (З роспаччу). Бедныя дзеці не павінны гуляць, бедныя дзеці не павінны нічога хацець. Багатыя толькі могуць радавацца, толькі багатым школа, сонца. А нашы павінны толькі працаваць і плакаць.
Дзед. Яна-ж не адна такая.
Маці. Я ведаю, што не адна! У гэтай, жорсткай, дзікай краіне мільёны такіх дзяцей. Мільёны крычаць: ня душэце нас, багацеі, дайце нам сонца, волю! (Дзед са сьлязамі супакойвае Анжэліну).
Заслона
- ↑ Сапраўднае шэйнакатрынкі ня трэба. Можна ўзяць якую-небудзь скрынку, абклеіць яе папераю, ці накрыць хусткаю, прырабіць корбачку і круціць, а ў гэты час за сцэнаю будзе іграць гармонік.
- ↑ Тут трэба будзе так паставіць дэкарацыі, каб іх можна было варушыць і каб яны ня ўпалі. Гэта трэба рабіць даросламу чалавеку.