Перайсці да зместу

Тры гады (Шаўчэнка/Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тры гады
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І дзень не дзень, і йдзе не йдзе,
А годы стралою
Пралятаюць, забіраюць
Добрае з сабою.
Абкрадаюць мары-думы,
Аб халодны камень
Разбіваюць сэрца наша
І спяваюць аман.
Аман шчыраму вяселлю
З гэтых дзён навекі.
І кідаюць на растані
Сляпога калеку.
Невялікія тры годы
Праляцелі скора…
А багата ў маёй хаце
Нарабілі гора.
Апустошылі мне сэрца,
Што жыло паціху,
Пагасілі добрае ўсё,
Запалілі ліха.
Высушылі чадам-дымам
Добрыя слязіны,
Што на тракце на маскоўскім
Ліў я з Кацярынай,
Што ліліся з казакамі
Ў турэцкай няволі,
І Аксану, маю зорку,
Маё шчасце-долю,
Штодзень божы умывалі…
Пакуль злыя леты
Не падкраліся, пакралі
Адразу ўсё гэта.
Шкода бацькі, шкода маткі,
Шкода жонкі мілай,
Вясёлую, маладую,
Класці у магілу,—
Браты мае, жаль вялікі!
Цяжка гадаваці
Малых дзетак непамытых
У сцюдзёнай хаце!
Ліха злое, ды не тое,
Як таму дурному,
Што палюбіць, пабярэцца,
А яна другому
За тры грошы прадаецца
Ды з яго смяецца.
Вось дзе ліха! Вось дзе сэрца
Разам разарвецца!
Вось такое злое ліха
І мяне спаткала:
Людзей сэрца палюбіла,
Людзей мілавала.
І яны яго віталі,
Бавілі, хвалілі…
Годы краліся паціху
І слёзы сушылі —
Слёзы шчырага кахання…
І вось маё вока
Праяснела… Назіраю,—
А казаць нялоўка!
Дзе ні гляну, там не людзі,
А гадзюкі злыя…
І засохлі мае слёзы —
Слёзы маладыя.
Цяпер сэрца разбітае
Атрутай ратую —
І не плачу, не спяваю,
А савой крычу я.
Вось як справа! Што хочаце,
Тое і рабіце:
Ці голасна зневажайце,
Ці шэптам хваліце
Мае думы — усё роўна
Не вернуцца знова
Леты мае маладыя,
Вясёлае слова.
Не вернецца… І я сэрцам
Да вас не вярнуся.
Дзе падзенуся, не знаю,
Дзе я прытулюся,
З кім размову завяду я
У сардэчным суму,
Да каго пайду на споведзь
Са сваёю думай?
Мае годы! Мае думы,
Тры гады цяжкія!
Да каго вам прытуліцца,
Дзеці мае злыя?
Вам туліцца і не трэба.
Лепш паспіце ў хаце…
А я пайду чацвёрты год
Новы сустракаці.
Добры дзень жа, новы годзе,
У світцы старагодняй!
Што ў дзіравай нясеш торбе
Украіне роднай?
«Благадзенсцвіе, указам
Новым абгарнута».
Будзь здаровы, пакланіцца
Злыдням не забудзь ты.

1845 Уюнішча