Перайсці да зместу

Трагедыя (Гайнэ/Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трагедыя
Верш
Аўтар: Гайнрых Гайнэ
Пераклад: Змітрок Бядуля
Крыніца: Збор твораў у 5 т. Том 1. 1985

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I
Уцякаймо! Вось тады жонкай будзеш мне!
Цябе буду шанаваць на чужой старане.
Не захочаш, — я памру, будзеш жыць адна,
Здасца чужанькай табе родная страна!

II
Па лагчыне іней паў,
Знішчыў муравочкі,
Пагубіў, памаразіў
Ладныя квяточкі.

Дзеўка з цемені начной
З мальцам уцякала.
Татку, мамачцы яна
Слоўца не гукала.

На старонцы на чужой
Змэньчылісь журбою
І загінулі яны,
Нібы ліст зімою.

III
Магілку іх ліпа ценню прытуляе,
Пасярод галінак птушка распявае.
Вось на магілачку селі ля дубровы
З пекнаю каханай хлапчучок вясковы.
Шэпча ледзьве вецяр, шэпча неахвотна,
Птушачка шчабеча сладка і маркотна,
Нешта неспакойна парка маладая…
Ой, абодвы плачуць — ад чаго не зная.

(1834 / Пасадцы 15.8.1910)