Толькі раніцай сонца як гляне…
Выгляд
Толькі раніцай сонца як гляне Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1925 Крыніца: Чырвоны сьцяг. — 1925. — №5-6 |
* * *
Толькi ранiцай сонца як гляне,
I расою заплача трава —
Устае ў русакудрым тумане
Залацiстых нябёс сiнява.
Поўны радасцi сiнiя далi
Каласiстых, курчавых палёў...
Эх, за ўзгоркам узвiранай хваляй
Славiць рэчка свой радасны лёс!
Выйду я i пайду за узгорак,
Пакланюся зялёнай вярбе...
Колькi сiлы, узмаху й прастору!
Сэрца ў грудзi мяцежнае б’е.
Сэрца звонiць у песнi, у марах
Аб прыгожасцi родных сялiб.
Вецер лiсце усмехамi шпарыць,
Абнiмаючы грудзi зямлi.
Нешта шэпча рабiна над рэчкай
Залатымi узмахамi слоў...
А з-за лесу кудлатая грэчка
Прывiтанне паслала ў сяло.
Толькi ранiцай сонца як гляне
I расою заплача трава —
Устае ў русакудрым тумане
Залацiстых нябёс сiнява