Перайсці да зместу

Толькі проза

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Толькі проза
Верш
Аўтар: Ігнат Дварчанін
1925
Крыніца: Часопіс «Студэнская Думка» (Вільня), № 5 (6), верасень-кастрычнік 1925 г., б. 24-25

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Толькі проза


У век „рэальны“, „век свабоды“
Стала проза ўсім да моды.
Як-жа ёй ня быць у модзе?
„Проза ўсё ў жыцьці—ды годзі“!

Ах! Ганулька дарагая,
Сэрца ўжо тваё ня знае,
Што пражытая табою
Той вясноваю парою —
Не паэзія, а проза. —
Усё: й бярозанька—бяроза,
Што нас скрыпамі прымала
І галоўкаю вітала,
Лісьцямі-шалястунамі —
Як-бы гаманіла з намі.
І за садам тая рэчка,
Што, здаецца, недалечка
Па каменьнях булькатала,
Да сябе нас заклікала:
Падыйсьці і падзівіцца,
Як усё цьвіце, іскрыцца.
Навакола, як прыгожа!
Пахне як язьмін і рожа,
Плотка з вокунем танцуе,
Ясень з вольхаю жартуе.
І той месяц, што з-за хмаркаў
Насустрэч да нас бег шпарка,
Каб, як мы сябе ўбачым,
Сьветам нас абліць дрыжачым.
Ах! і песьня салавейкі,
Што так голасам жалейкі
Сьвішча, б‘е, перабівае,
Што аж дух у нас займае:
Што так ўраз як застракоча,
На ўвесь лес як зарагоча,
Як цымбаламі удэрыць —
Глыб у сэрцы проста мерыць…
І дзяньніцы уставаньне,
Нашы мукі расставаньня —
Усё у век рэальнай дозы —
Толькі проза, толькі проза. —


Слонім
І. Дварчанін.