Векапомны сьлед налётаў.
Наляталі, як завея,
франкаў, стэрлінгаў
і злотаў
найміты-зладзеі.
Катавалі, рвалі жылы,
Сьмерць душыла
Ў муках лютых.
…Ўзнагароджвалі грамілаў
Эўропейскаю валютай.
∗
Праляцелі сьмерчам-бурай
па тайзе сібірскай хмурай.
Фарбавалі кроўю шпоры
у грудзёх краін прымор‘я.
Размахночылі бяспынна
Шыр абшараў Украіны.
Захлыналіся запоем
беларускаю крывёю.
∗
Ветры восеньскія вылі,
сэрца рвалі ўдзень і ўночы
і разносілі на крыльлях
плач дзяцей і стогн жаночы.
У агнёвых хмарах рыжых
рабавалі людзі-зьверы —
па інструкцыях Парыжу,
пад контролем
Бэльвэдэру.
Галасілі ветры ў полі,
звалі выйсьці выгнаць пана.
Кліч рабочага падпольля —
рушыў сілу партызанаў.
Ветры стукаліся ў шыбы
і заводаў, фабрык моладзь
зазывалі зьліцца ў выбух
сілы Комсомолу.
Хай і прогаладзь касіла
эпідэміяй бяз жалю.
На франтох краіны — сілу
барацьбою гартавалі!
І прышэльцаў і тутэйшых
катаў ворагаў прагналі.
Хутка так, нібы дэпэша,
па краіне беглі хвалі
баявое песьні нашай
бальшавіцкім
маршам.
∗
У рыштаваньнях —
Нашы дні,
Забінтаваны
Нашы дні,
жыцьцё
гісторыяй нязнанае
ўзрастае.
Стрымаць?
Спрабуй, крані!
Узарваць?
Спрабуй, крані!
Наш кожны крок —
сьлед прошласьці
зьнішчае.
∗
Мы адліваем сталь
упартасьці паходаў.
Жаданая вярста
маячыць сонцаўсходам!
Ударнаю, скразной,
заводам бальшавіцкім —
узброеныя — біцца
за пяцігодку — у бой!
∗
…А зацярушан тыл
трухлёй варожых сіл…
∗
Хто прагне крыві чалавечае мора —
наш клясавы вораг.
Хто мкнецца вярнуць нам забытае гора
наш клясавы вораг.
Хто ў штурм пяцігодкі хаваецца ў норы —
наш клясавы вораг.
Хто хоча-ня-хоча, а ворагу ўторыць —
наш клясавы вораг.
Хто ў масках сягоньня, а вораг учора —
наш клясавы вораг.
∗
Дружжа, так узьнята
краінаю ідзем мы…
…Аселіся па хатах
беларускія нацдэмы.