І ляціць бязьмежжам
вецер, як на крыльях.
— Межы, толькі межы
думкі засланілі.
Там забралі права
думаць, нават думаць!
Чорная расправа —
панскі падарунак.
З панскага аблічча
дай сарвем завесу, —
колькі там налічым
жудасных процэсаў!
Чую крык нястрымны
полем і лясамі:
лепшы сын краіны
сёньня катаржанін!
Ляскаюць кайданы —
ў катаргу магнаты,
люд закатаваны
гоняць з казэматаў.
Знаем мы, ў палацах
крыецца яднаньне
майстраў провокацый,
лютасьці й выгнаньня.
Толькі дзеці працы
сёл, мястэчак, местаў —
сілай дэмонстрацый
шлюць свае протэсты.
Хай гучыць нястрымна
глеба пад нагамі:
лепшы сын краіны
сёньня катаржанін!
Хай разьлёгся вужам
дрот, радзіўшы стогны,
Але не, ня здужаць
Беларусь мільёнаў!
Чую я заўсёды,
чую й ня дзіўлюся —
ўзойдзе й там пагода
Савецкай Беларусі.
1928 г.
|