Перайсці да зместу

Тарас на Парнасе (1909, кірыліца)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тарас на Парнасе
Паэма
Аўтар: Канстанцін Вераніцын
1909 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тарас на Парнасе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




№ 2.

ВЫДАНЬНЕ „НАШАЕ ХАТЫ

№ 2.




…„Сонцэ навукі скрозь хмары цемные
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомные
Добраю долей — долей шчасьліваю.“

ТАРАС на ПАРНАСЕ

Новае перагледжэнае выданьне.



ВІЛЬНЯ.


Друкарня М. Кухты, Дворцовая, д. № 4.


1909.


„Тарас на Парнасі“ старая беларуская паэма, напісаная ешчэ ў першай палавіне прошлага веку. Хто напісаў яе — невядома, бо хадзіла яна у народзе ў рукопісах і без ўселякага падпісу аўтора. Іосць дагадка, што напісаў яе наш вядомы песьняр Марцінкевіч, але гэтая дагадка да праўды не падобная. Праудзівей думаць, што напісалі яе вучні даўнейшай Горэцкай Акадэміі Сельскай Гаспадаркі ў Магілёўскай губэрні.

У гэтай паэмі — апісываюцца прыгоды палясоўшчыка Тараса. Іон адзін раз цудоўным спосабам папаў на гару Парнас і бачыў там усіх грэцкіх багоў. Багі гэтые ў паэмі предстаўлены для сьмеху простымі беларускімі селянамі. Хата іх, ўсе стравы, ігрышча і звычкі — ўсё беларускае, бо аўтар і хацеў паказаць нам селян, а не багоў.

Для лепшаго зразуменьня паэмы трэба трохі ведаць аб гэтых багах, што апісаны ў паэмі.

Богі стара-грэцкіе, як тагды верылі грэкі былі падобны да людзей і розніліся ад іх толькі тым што мелі сілу, мудрасць і ўласць божыю.

З грэцкіх тых багоў у паэмі здараюцца:

Зевес — глаўны бог, каторы кіруе ўсімсьветам.

Сатурн. — Бацька Зеўса. Да яго кіраваў сьветам.

Нептун — марскі бог.

Марс — бог вайны.

Бах — бог пʼянства і вясёласьці.

Амур — бог кахання.

Гэба — жонка Зеўса, багіня зямлі.

Вэста — багіня плоднасьці.

Вэнэра — багіня красы і каханьня.

Гэркулес — ня быў богам ад пачатку, але за сваю сілу і добрые карыстаньне ею быў прылічэны да багоў.

Німфы Як бы нашы русалкі.
Наяды

Зэфіры — духі цёплых заходных ветроў.


I.

Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса,
У палясоўшчыках што быў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Іон там ля лазьні блізка жыў.
Што-ж? Чэлавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губу ён ня браў:
За тое-ж ў ласцы быў у пана, —
Яго пан дужэ шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ні разу не збрэхаў.
За тое-ж ён балота з раньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак — ён стрэльбу за плечы,
Заткне сякеру за паяс —
Заўсёды ходзіць бор сьцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці доўга ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Беда ў бару яго спаткала…
Во, як казаў нам сам Тарас:

II.

„На самаго Кузьму-Дземяна
Пайшоў я ў пушчу памеж мхоў!
Устаў я нешта дужэ рана, —
Здаецца с першых пятухоў.
Іду сабе я па нямногу,
Але на пень трохі прысеў.
Аж тут лоп-лоп! Цераз дарогу
Як бытцам цецерук зляцеў.
Злажыўся стрэльбай, кляпсь! — ня паліць,
Крамзель з другога! — не пякець!
Гляджу — аж вось з за елі валіць
Як ёсць хароміна мядзьведзь!
Хоць не труслівы я дзяціна,
Але затросся як асіна,
Зубам, як цюцька, лепячу.
Гляджу — аж зломлена лясіна,
І ўздумаў: — дай ка ускачу!

III.

Скакнуў — ня трапіў, паслізнуўся
І ў яму молоньнёй лячу!
Ляцеў-ляцеў, як рэзануўся, —
Аж стала зелена ў ваччу!
Ляцеў ці доўга я, ці мала,
Таго ніяк я не ўцямлю,
Але ўжо ладна разсьвітала,
Як я зваліўся на зямлю.
Устаў з зямлі, абкалаціўся, —
Бо быў ў гразі я, як свіньня,
І дужэ, дужэ я дзівіўся, —
Дзе апынуўся гэта я?
Рукой паскробшы каля вуха,
Дабыў с табакай рагавень[1],
І храпу напіхаў цяртухай[2], —
Бо не ўжываў я цэлы дзень!
Як прасьвятлелі мае вочы,
Мядзьведзя я ўжо не шукаў.
Закінуў стрэльбу я за плечы
І па бакох глядзець я стаў.

IV.

А вох ці мне! як там прыгожа!
Ну, бытцам хто намалюваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа, —
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсць там; дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя!
А вох ці мне, а-а-вой я;
Куды натрапіў гэта я?
Стаяў я доўга і дзівіўся,
Разявіў зяпу і глядзеў, —
Аж вось аткуліцька зьявіўся,
Ці то прыйшоў, ці прыляцеў
Хлапчына нейкі круглалікі,
Увесь кудравы, як баран,
І за плечмі ў яго вялікі
Прычэплен лук быў і каўчан.
— Аткуль, куды дарога гэта?
Спытаўся я ў хлапца той час.
— Дарога гэта с таго сьвета,
Ідзе проста на Парнас!
Сказаўшы, хлопчык таго часу
На скрыдлах шпарка паляцеў,
Дарогу-ж паказаць Тарасу,
Ня меўшы часу, не хацеў.

V.

Памысліў я тады нямнога:
Што за шайтан Парнас такі?
Пайшоў я проста тэй дарогай,
Узяўшы ў рукі добры кій.
Прайшоў вёрст дзесяць тэй дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць.
Пад тэй гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кіпіць.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха:
Народ ня просты, ўсё паны!
Хто дужэ шпарка, хто паціху,
Ўсе лезуць на гару яны.
Як жыды ў школі, галасуюць,
Гатоў адзін другога з’есьць,
Бо кожны морду ўперад суе,
Каб першым на гару узлезьць.

VI.

Усе с сабой цягаюць кніжкі,
Аж з іншых пот руччом плюшчыць,
Друг дружцэ выціскаюць кішкі,
Аж нехта с прамеж іх пішчыць:
„Памалу, братцы! не душыце
Мой фэльетон вы і „Пчэлу“,
Мяне-ж самога вы пусьціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык да-душы ў газэце
Я вас аблаю на ўвесь сьвет,
Як Гоголя у прошлым леце —
Яж сам рэдактар ўсіх газэт!“
Гляджу сабе, аж гэта сівы
Кароткі, тоўсты як кабан,
Плюгавы, дужэ некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Нясе вялікі мех пан гэты,
Паўным-паўнюсенькі набіт,
Усё там кніжкі ды газэты,
Ну, як каробачнік той, жыд!
Таварыш поплеч з ім ідзе
І несьці кніжкі пасабляе,
А сам граматыку нясе,
Што ў семінар’ях абучаюць.

VII.

Во, нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў ўсё не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермонтоў, Жукоўскі
І Гоголь. Шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.
Ну, словам, многа тут народу
Сабралась лезьці на Парнас:
Былі паны, было і зброду,
Як часам і на сьвеце ў нас.
Праміж людзей і я штурхаўся
І ціснуўся, што ёсць пары;
Вось чуць-ня-чуць такі прабраўся
І лезу проста да гары.

VIII.

Узлез, гляджу — аж хата нова
Стаіць, зазвычай, панскі двор,
Кругом яго там тын яловы:
Нябось, ня плох — ня ўлезе вор!
А на дварэ там сьвіньні ходзяць,
Сабакі, козы, бараны…
Знаць і багі хадзяйства водзяць,
Калі свіньней дзержаць яны.
На грошы ў тронкі тут гуляюць
Парнаскі хлопцы — дзяцюкі;
А хто капейкі з іх ня маець,
Той лупіць толькі у шлякі.
Улез к багам тады я ў хату…
А вох ці мне! ні даць, ні ўзяць!
Як у казармі тут салдаты —
Багоў ня можна пашчытаць!

IX.

Тарасу ліха што здаецца:
Ну, як бы ў раньдзе ён сядзіць —
Хто піпку курыць, хто сьмяецца,
А іншы песьню буруздзіць.
Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць
Шаўцы багіням хадакі,
Багіні-ж у начоўках мыюць
Багам кашулі і парткі.
Сатурн, лыкі размачыўшы.
Падвіркай, лапці падплетаў,
Па сьвеце добра пахадзіўшы,
Лапцей ён многа натаптаў.
Нептун на лаўцы чыніць сеці
І восьці садзіць на шасты,
Пры ім жэ, мусіць, яго дзеці
Дзіравы ладзяць нераты.

X.

Вось бьюцца Марс ды з Гэркулесам,
А Гэркулес, як той мядзьведзь, —
Каб цешыць стараго Зевеса,
Хахол ён Марсу добра мнець.
Зевес жэ наўзніч лёг на печы,
Сермягу ў галавы паклаў.
Іон грэў на печы стары плечы
І нешта ў барадзе шукаў.
Во, перад люстрай задам меліць
І маслам мажэ валасы,
І нечым твар яна свой беліць,
Вэнэра, знаць дзеля красы.
Амур жэ з дзеўкамі жартуе,
Ну, проста сьмех ажно бярэ,
То ён зненацку пацалуе,
То хустку з галавы здзярэ.
То у гусьлі ён зайграе,
То німфам песьню запяе,
То адным вокам ён міргае,
Як бытцам ён каго заве.

XI.

Вось затраслася ўся гара:
Зевес на печы зварухнуўся,
Зявнуў і дужэ пацягнуўся,
І кажэ: «Есьці ўжо пара!»
Прыгожа дужэ дзеўка Гэба
Гарэлкі ў чаркі наліла
І, як жарон, букатку хлеба
Прынёсшы, бразь! серэд стала. —
Во, з усяго сабралісь неба
Як тараканы каля хлеба,
Багі і селі ўкруг стала.
Смачные стравы с печы Гэба
Насіць да столу пачала.

XII.

Наперш дала яна капусту,
Тады са скваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу
Дае у волю, толькі еш.
І с пастаялкай жур сцюдзёны,
А з кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны пражонай
У волю ўсім багам было.
Як унесла-ж на стол каўбасы,
Бліны аўсяны ў рэшаце,
Аж сьлінькі пацяклі ў Тараса
І забурчэла ў жываце.
Гарэлку піць багі пачалі,
З насаткі ў чаркі знай ліюць.
Падпіўшы, песьні запеялі,
Ну, як у раньдзе ўсе пяюць.
Бах сп’яна пеяў прыпеўкі,
Што аж ня можна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зевес так насьцебаўся,
Што носам чуць зямлю ня рыў —
Іон вочы плюшчыў і ківаўся,
Ды бытцам нешта гаварыў.
Хоць не маё то, праўда, дзела,
Ня сьлед мне можэ і казаць,
Любіў ён цешыць грэшна цела,
Ды часам лоўка падгуляць.

XIII.

Але багі такі усталі,
Як ўсё паелі, папілі.
Во… Разам у дуду зайгралі,
Скакаць багіні пачалі.
Узяўшы хустачку, Вэнэра
Пайшла мяцеліцу скакаць,
Прыгожа, стройна цераз меру —
Пяром ня можна напісаць
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калесе;
Як жар гарыць яе спадніца,
І стужка ўплецена ў касе.
Хапіўшы келішок гарэлкі,
Амур ешчэ павесялеў —
Іграць пачаў ён на жалейцы
І дзеўкам стройны песьні пеў.
Нептун с прыгожэнькай наядай
Пайшоў ў прысядку казака,
Нябось, і у старога гада
Кроў грэе, як у дзяцюка.
А во і сам Юпітэр з Вестай
Пусьціўся, стары хрэн, у пляс
Як бы жаніх перад нявестай
Заткнуў ён рукі за паяс.
А во і Марс у новых ботах.
Іон, мусіць, ботоў не жалеў,
Бо з німфамі скакаў да поту,
Гуляў у жмуркі і шалеў.
І кожны бог так расплясаўся,
Што аж ня можна удзержаць,
А хто гарэлкі насьцебаўся,
Таго пад лаўку клалі спаць.

XIV.

Вось, як зайграў дудар плясуху,
Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,
І з лавы ён, што ёсьці духу,
Скакаць на хату паляцеў.
Як стаў прыстуківаць атопкам,
Аж рот разявілі багі:
То ён прысьвісьне, то прытопне,
То шпарка пойдзе у кругі.
Глядзеў Юпітэр і дзівіўся,
І пад дуду ў далоні біў,
Ў канцы к Тарасу прыбліжыўся
І так яго перэпыніў:
„А ты аткуліцька, прыяцель?
За чым прыйшоў ты на Парнас?
Ты хто такі? Ты не пісацель?“
— „Не, мой панок! — сказаў Тарас, —
Я палясоўшчык с Пуцявішча.
Чуць золак сёньня са двара
Прыйшоў сюды я да поўдня шчэ
Ды ўжо й да дому мне пара.
Ці не была-б, паночэк, ласка
Адсюль дамоў мяне завесьці?
Хадзіўшы па гарэ Парнаскай
Мне дужэ захацелась есьці…“

XV.

Кіўнуў Зевес і мігам Гэба
Крупені ў міску наліла
І добрую краюху хлеба,
Сказаўшы: еш! — мне падала.
Крупені ў волю я паеўшы,
Ўсіх падзяковаў багоў;
Кашэль за плечы прывязаўшы,
Сабраўся ўжо ісьці дамоў.
Але зэфіры падхвацілі,
Хто за руку, хто за паяс,
І, як бы птушкі, паташчылі
Яны мяне цераз Парнас.
Нясьлі на скрыдлах, бытцам вецер,
І проста прынясьлі ў наш лес.
Гляджу я: мусіць ужо вечэр,
Бо маладзік на неба ўзлез…“


С тых пор Тарас ужо ня ходзіць
Так дужа рана па барах,
А дзеля гэтаго ня шкодзіць
Бярвеньня красьці па начах.
Дык вось, што бачыў наш Тарас,
К багам узлезшы на Парнас.
Іон гэта мне апаведаў,
А я ў паперку запісаў.

Зноскі

[правіць]
  1. Табакерка з рогу — удакладненьне Вікікрыніц.
  2. Цёртая табака — удакладненьне Вікікрыніц.