Таптанне на месцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Таптанне на месцы
Артыкул
Аўтар: Алесь Дудар
Крыніца: Дудар, Алесь. Выбраныя творы / Алесь Дудар. — Мінск : Лімарыус, 2017. — 480 с. - с. 371
(«Бронецягнік» — БДАТ-1)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Перад намі чарговая навінка БДАТ-1 — «Бронецягнік» Ус. Іванова. П’еса гэта, упяршыню выведзеная на сцэну маскоўскім мастацкім тэатрам, адыграла ў яго гісторыі рашаючую ролю. К 30-й яго гадавіне яна завяршыла яго шлях ад чэхаўскай «Чайки» канца мінулага стагодзьдзя, праз містычную «Синюю птицу», праз даволі выразныя «Дни Турбиных» да ідэёва закончанай пастаноўкі п’есы Іванова. Пастаноўка «Бронецягніка» на маскоўскай сцэне была выклікана гістарычнай неабходнасьцю і зусім лёгічна выцякала з усяе лініі тэатру і з тых умоў, якія яго працаю кіравалі. Чарговаю пастаноўкаю маскоўскага мастацкага тэатру будзе, безумоўна, п’еса, прадстаўляючая гістарычны працяг «Бронецягніка», г. зн. п’еса, малюючая будаўніцтва пераходнага перыяду.

Мы знарок дазволілі сабе гэты невялічкі экскурс у гісторыю п’есы «Бронецягнік», каб знайсці хоць якія моманты, якія-б паказалі месца «Бронецягніка» на нашай сцэне. Аднак, пры ўсім жаданьні, мы ўсё ж-такі ня можам улавіць думку дырэкцыі, якая прывяла яе да пастаноўкі «Бронецягніка» пасьля «Перамогі», «Кар’еры таварыша Брызгаліна», «Змроку» і г. д. Наш тэатр разьвіваўся зусім іншымі шляхамі, чымся ня толькі маскоўскі мастацкі тэатр, але і наогул расійскі. Якраз у тыя самыя гады, калі ў прасторных памяшканьнях мастацкага тэатру праходзілі першыя пробы «Синей птицы», невялічкія групы маладых беларускіх актораў з вялікімі труднасьцямі рых тавалі першыя беларускія аднаактоўкі для напалову сямейнай аўды торыі. А калі, пасьля рэвалюцыі, беларускі тэатр упяршыню стаў на ногі, дык першаю буйнаю яго пастаноўкаю была пастаноўка «На Купальле», прасякнутая рамантыкай новага жыцьця, што вырастае на руінах цёмнай, прыдушанай, прыгнечанай старой Беларусі. І пасьля гэтая пастаноўкі лінія тэатру доўгі час ішла даволі зразумела і ясна і праца тэатру нібыта накіроўвалася на развіцьцё і паглыбленьне самабытнага беларускага тэатральнага мастацтва. І вось цяпер, ці то сапраўды ад рэпертуарнага голаду, ці то па незадачлівасьці нашага тэатральнага кіраўніцтва БДАТ1 пачынае губляць сваю лінію і мітусіцца, шукаючы дарогі. Заместа таго, каб весці далей лінію ўзмацненьня тэатральнай культуры Беларусі, замест таго, каб паклапаціцца аб набыцьці рэпертуару, які быў-бы лёгічна зьвязаны з папярэднім шляхам тэатру і адначасова даваў бы поступ наперад. БДАТ1 затаптаўся на месцы паміж «Мяцежам», «Верацёнамі» і «Бронецягніком». У пагоне за перастарэлымі навінкамі маскоўскіх тэатраў, БДАТ1 адыйшоў ад сваёй сапраўднай і настойнай задачы.

Навошта было ставіць «Бронецягнік»? Для завяршэньня шляху тэатру ад нябыўшых у нас «Чаек», «Синих птиц» і «Дней Турбиных»? Ці можа яшчэ па якіх вышэйшых меркаваньнях? Прынамсі мы ніяк не можам знайсьці ключ да вырашэньня гэтага цікавага пытаньня. Ня ведаем і якую карысьць можа прынесьці нам гэты малюнак сялянскай барацьбы ў Сібіры.

Калі мы пярэйдзем да сцэнічнага афармленьня п’есы, дык і тут мы натыкаемся на цэлы шэраг супярэчнасьцяў. Рабскае перадражніваньне маскоўскага тэатру прывяло да ўнясеньня канструкцыйных элементаў, да якіх калектыў БДАТ-1 мала прыстасаваны. Убогая дэкарацыя ў 2 дзеі выклікае усьмешку: можна было-б зрабіць прасцей і з большым густам. Сьветавыя эфекты ў канцы апошняй дзеі мімаволі нагадваюць сцэну з кіно ў 2 дзеі п’есы «Запяюць верацёны» — да таго гэта вышла няўмела і нязграбна. Многія сцэнічныя эфекты таксама больш напамінаюць аматарскі гурток, чымся акадэмічны тэатр.

Сярод артыстаў звычайна вылучаюцца выкананьнем роляў Крыловіч (Вершынін), Крыніца (Абаб), Ждановіч (Пекляванаў) і др. Уладамірскі (Сін-Бін-У) бязьдітасна шаржыруе тып кітайца і зусім не дае ўяўленьня гэтай цікавай фігуры ў п’есе Іванова. Але хто выклікае шчырае абурэньне, дык гэта Зораў (Незяласаў). Працуючы ў беларускім тэатры ўжо ня першы дзень, ён дагэтуль не навучыўся вымаўляць беларускія словы як належыць, адгэтуль цэлы шэраг слоў набывае ў яго вымаўленьні самы дзікі характар. Трэба было-б і самому актору і кіраўніцтву тэатру ўжыць належныя мерапрыемствы, каб гэтакі зьдзек з беларускай мовы на далейшы час спыніўся.