Перайсці да зместу

Танзілія (1927)/Іслам-Бэй

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У гарах Іслам-Бэй
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Музыка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Іслам-бэй.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІСЛАМ-БЭЙ

Прыбой спаў.

Ніводнага зыку, ніводнага шолаху ня чуваць было. Над морам нахіляўся бура-зялёным акамянелым стадам хрыбёт высачэзным гор. І мора і горы былі абліты перадвячэрнім ружовым віном. З недалёкай цясьніны, якая расьціснула бязбрэжніцу граніту ў многавярстовы калідор, нясло халадком. Цясьніна раздмухвала па моры сьцежкі і дарожкі, якія часта мянялі колеры ад бледна-чырвонага да зялёнаватага блеску празрыстага ільда. Лёганькія зморшчынкі то паказваліся, то зьнікалі па гэтых зыбістых дарожках. Гладзь мора выглядала тонкім шоўкам, які ледзь гнуўся пад нявідочнымі крокамі.

Я сядзеў на каменным моле і з нецярплівасьцю чакаў свайго сябра — Іслам-Бэя.

Іслам Бэй — паганяты буйвалаў. Служыць ў санаторыі. Вечна дровы возіць з гор на сваёй пары цярплівых жывёлін. Буйвалы ведаюць сваё прызначэньне, нададзенае ім чалавекам. Ніколі ня бунтуюцца. Толькі кармі іх кукурузнымі сьцябламі, а яны, як машыны, будуць вазіць і вазіць цяжары. Нічога з акаляючага іх ня цікавіць няхай сабе дождж, вецер, сонца. Рознастайныя колеры мора і неба, нібы ў вадзяных лужынах, адбіваюцца ў іхніх нявыразістых сьветла-вішнёвых вачох; пераліваюцца гэтыя колеры ў рознае зьзяньне, але ўнутры вачэй мала прыкметна жыцьця. Выразістасьць і жывасьць надаюць буйвалам крутыя, вялізныя рогі, якія вольна і горда раскінуты па абодвых бакох шырокага ілба ў два касьцяныя пытальнікі.

Затое Іслам-Бэй, паганяты буйвалаў, поўны жыцьця і рухавасьці. Ён убірае ў сябе ўсё акаляючае жыцьцё ў рамках вобразаў і гукаў і ператварае яго ў песьні.

Інакш быць ня можа. Бо нашто вочы ў Іслам-Бэя, нашто вушы, навошта сэрца?

Сьпявае чайка на моры; горны ручай пераліваецца срыбнай песьняй — чаму не сьпяваць Іслам-Бэю?

Сьпявае вецер між пальмавых галін, перабірае іх, нібы пальцамі, шуршавістыя кудры; сьпявае мора час-ад-часу — чаму не сьпяваць Іслам-Бэю?

Колькі часу як Іслам-Бэй сьпявае? — з тых часоў, як ён сябе памятае.

Дванаццаць усходаў месяца лічэце на кожны палец. Цяпер плясьніце далонямі (усімі дзесяцьцю пальцамі) шэсьць разоў. Вось гэтулькі часу сьпявае Іслам-Бэй…

Сьпяваў і бацька яго, і дзед, і прадзед. Вялізны ланцуг сьпеваў упіраецца ў гранітныя вянкі гору таямніцу вякоў.

Сужэтам яго песьняў зьяўляецца ўсё, што ён бачыць і чуе перад сабой. Стада баранаў на ўсклоне гары. Бурнахмельны вадаспад. Коньнік, які імчыцца хутка па дарожцы, як бура, як узьлёт думкі чалавечай. Чарнавокая красуня, што на мора любуецца і вызначаецца ўсёй сваёй постацьцю, як малюнак. Кот, які скача спрытна, выгінаецца, як спрунжына, і ня ведае, што з сабою рабіць ад паўнаты жыцьця.

Аб усім сьпявае Іслам-Бэй.

Словы самі складаюцца ў шэрагі, як хвалі на моры. Голас пераліваецца на розныя лады…

Я чую сьпевы Іслам-Бэя штодня. Слоў не разумею, але голас яго робіць на мяне вялікае ўражаньне.

У ім ёсьць монотоннае зацягваньне ветру між абвалаў, выцьцё галодных шакалаў, стогны чайкі морскай і зычны сьмех прыбою.

Шмат пачуцьця ўкладае Іслам-Бэй ў свае песьні.

Увесь сьвет Іслам-Бэй працэджвае праз песьні, нібы малако праз цадзілку.

Іслам-Бэй думае, што ўвесь сьвет — яго ўладарства, толькі для яго і створаны.

— Можа мне гэта здаецца, — тлумачыць мне Іслам-Бэй пры чарцы мачжары[1], — а якая розьніца? Дзе разьбярэш, што здаецца, а што праўда?

Выбачай, братку чытач, што я тут прапусьціў апісаньне нашай сустрэчы з Іслам-Бэем і як мы з ім пасьля ўвайшлі ў духан[2] і селі за столік, як услужлівы грэк паставіў нам бутыль мачжары. Усе гэтыя падрабязгі пакіну для романістага.

Скажу толькі некалькі слоў аб выглядзе Іслам-Бэя. Ён у доўгай чорнай бурцы, якая нагадвае жалобную мантыю, і ў сівым шарсьцяным башлыку на галаве. Болей усяго зварачваюць на сябе ўвагу бровы, вочы і нос Іслам-Бэя. Бровы, чорныя і густыя, зрасьліся над вачыма ў адну чорнааксамітную істужку. Вочы, смаляніста-чорныя з аганькамі, якія то патухаюць, то разгараюцца да нейкай жуці. Іскры ў іх дрыжаць, ноздры раздуваюцца.

Часта мяняецца выраз твару Іслам-Бэя. І ў зьвязку з гэтым ён то выглядае старым, то юнакам. Адно века ў яго трохі апушчана, дзеля чаго здаецца, што адным вокам ён цябе лашчыць, песьціць, а другім грозна паглядае.

А калі Іслам-Бэй уваходзіць у вялікі экстаз гутаркі, тады прыходзіцца мне згаджацца з ім ва ўсіх яго поглядах, а то хватаецца рукой за кінжал (старадаўны ганаровы звычай).

А калі часам яму здаецца, што я ня веру яму, дык утаропіць у мяне пару такіх бліскучых вугольляў, што я мушу апускаць свае вочы. У тую хвіліну мне робіцца не па сабе і здаецца, што нешта ўкраў у Іслам-Бэя…

— А што? — зноў ты з сваімі кніжачкамі? — запытаўся ў мяне, крыху зьдзівіўшыся, Іслам-Бэй.

Я аднаго разу ў жарт абяцаўся яму, што болей кніг у рукі браць ня буду.

Ён чамусьці выказвае ўвесь час нашага знаёмства сваю няпрыхільнасьць да кніг.

І давай зноў даказваць мне аб іхняй непатрэбшчыне:

— Што гаворыцца ў гэтых кнігах?

— Аб ўсім на сьвеце.

— Дык ты на сьвет праз кнігі глядзіш? Яны-ж табе хіба вочы затуляюць, — жартуе іслам-Бэй. — Ці ня лепш так, бяз кніг, глядзець вакол сябе — вальней.

— Ды ў кнігах апісана аб усім тым, што дзеецца на сьвеце, — паўтараюся я, апраўдываючы існаваньне кніг.

— Ты сам што колечы рабі, а няхай аб табе ў кнігах пішуць, калі ёсьць такія аматары. Ты верыш ў кніжкі, як мой дзед верыў у балваны.

— Кнігі вялікая сіла.

— Ну, калі вялікая сіла, дык давай змагацца: я кінжалам, а ты кнігамі. Давай!

Іслам-Бэй падняўся і выхваціў кінжал. Я міжвольна наставіў кніжкі, як шчыт.

Іслам-Бэй зарагатаў голасна, смачна, ад поўных грудзей, вырваў у мяне кнігі і палажыў сабе ў кішэнь.

Ён пільна на мяне зірнуў. Я быў здэтанаваны, і ён гэта заўважыў.

Як-бы электрычны ток прайшоў праз усё яго цела. У вадну хвіліну ён зьмяніўся ад рэзкага і кплівага Іслам-Бэй зрабіўся надзвычайна нежным, уважлівым.

— Прашу прабачыць, — казаў Іслам-Бэй, — ты мой госьць, ты прыехаў у мой край, ты цяпер мне бліжэй за роднага брата…

Не пасьпеў я азірнуцца, як Іслам-Бэй з нейкім дзікім гікам-сьвістам сашчаміў мяне рукамі-кляшчамі і моцна пацалаваў у вусны, так моцна — ажно да балючасьці, да крыві ўпіўся…

Гэта быў братэрскі, шчыры, ад усяго сэрца пацалунак, які апёк мне губы накаленым да чырвона жалезам.

Да яго рэзкіх пераходаў ад імпэтнай грубасьці да такой-жа імпэтнай нежнасьці я ўжо досыць прывык за час нашага знаёмства. Яго пачуцьці нагадвалі сабою вечную ўспыхваючую кучу пораху, якая сыпала выбухі ва ўсе бакі. Яго настроі мяняліся і як-бы зьяўляліся люстэркам усяго акольнага, у якім яно яскрава адбівалася.

Мы вышлі з духана. Ён левай рукой абвіў мне шыю і мы пайшлі дарогай у бок гор.

Мы ішлі моўчкі.

Востры пах духана, які казытаў ноздры і трохі кружыў галаву, пачаў расьсейвацца, як дым. Горы дыхалі ароматным халадком заходу. Рэльефы іх вызначаліся ярка, як гравюры, а на аддаленых вяршынах срыбрыліся воблакі, клубіліся, як вялізныя скруткі зьмеяў, і перасоўваліся з месца на месца. У падножжы гор ляжалі сіняватыя цені, а некаторыя вяршыны гарэлі ў апошніх праменях сонца. Вялізныя пасы агню мянялі свае фарбы ад жоўта-мядовых да ярка-фіолетавых.

Нейкі цуд чыніўся вакол…

Музыка колеру разьлівала лагоднасьць на сэрцы. Думаць не хацелася ні аб чым. Было жаданьне піць вакольную красу і быць шчасьлівым у злучэньні з дзіўнай прыродай, як злучаюцца дробныя брызгі з морскай хваляй.

Мне здавалася, што я тут даўно хаджу так — ад самага сформаваньня гэтых гор. Час і прастора для мяне ня існуюць. Ні шчасьця, ні гора няма ў маім сэрцы. Адзін нясупынны супакой ахоплівае мяне. Супакой адвечнага хараства, які з кожнай эпохай толькі формы свае мяняе.

Мы вышлі на гладка ўтрамбаванае шосэ. Горы раптам пагасьлі. Апошні беражок крывавага сонечнага дыску апусьціўся ў мора.

Памёр дзень.

Цені прыкметна пасінелі. Сум завандраваў вакол. Заўтрашні дзень ня будзе падобным да сягонешняга ніводнай хвілінай…

Прачнуўся прыбой.

Яго голас рос з кожным мігам, падымаўся, як стада чаек, што раніцой з гор над морам носіцца.

Спачатку прыбой мурлыкаў, нібы кот. Потым задрапаў, нібы лапамі, па прыбярэжных каменьнях. Урэшце зароў, завыў, засьвістаў на розныя галасы. Пагрознай каймой абхапіў бераг, падскакваў у гару, лізаў тысяччу языкамі прыбярэжжа і вызначаўся ў змроках вечару вялізным сівым стадам гнеўных мядзьведзяў.

Мы спыніліся каля выступу голай гранітнай скалы, якая тырчэла ўгару, нібы замчышча няведамых волатаў. Мы селі на вялікім асколку граніту.

— Што, падабаецца табе наш край? — запытаўся ў мяне Іслам-Бэй такім тонам, як-бы запытаўся, ці падабаецца мне яго хата, або яго вячэра.

Гордасьць заблішчэла ў яго вачох, быццам паказваў мне свае ўласныя багацьці-скарбы.

— Вось табе і кнігі — чытай!

— Іслам-Бэй зрабіў такі гэст рукой вакол сябе на горы i мора, нібы паказвае мне вялізныя паліцы з кнігамі ў сваёй аграмаднай бібліотэцы.

— Тут нашы каўкаскія плямёны і народы крывёй пісалі аб сваім жыцьці ў гэтых кнігах-скалах. Цікавая штука, у цябе нашы горы выклікаюць задумёнасьць, а ў мяне гарачаць кроў. Як агонь ці як віно, гарачаць. Рукі ірвуцца да нейкіх учынкаў. А што я цяпер? — асколак. Каб ты ведаў мяне маладым! Ой, як людзі стараліся гнуць мяне ў буйвалаўскі рог. Але ці можна мяне гнуць? Хіба толькі ламаць можна…

Ноч наступіла хутка. Нібы хто апусьціў цёмную заслону. Здалёку сьвяціліся агні з вокнаў б. палацу прынца Ольдэнбурскага (цяпер — савецкі санаторыум). Гэта было з усклону прыбярэжнай гары. А з неба глядзелі зоркі — буйныя каўкаскія зоркі. Яны так ярка блішчэлі, ажно адкідвалі ад сябе праменьні ў выглядзе тонкіх і доўгіх, ярка-зялёных кінжалаў…

— Эх, рушкі (так мяне называў Іслам-Бэй — пра Беларусь ня ведаў), нічога мяне і ламаць не магло, апрача майго брата Арджбаі. Я цяпер паломаны… Брат мяне зламаў…

Яго голас перайшоў у шэпт — у буйны шэпт. Так пад моцным ветрам шапоча лісьцямі піхта на вяршыне гары.

— А любіў-жа я Арджбаю, як сына… Адзін ён у мяне быў родны на цэлым сьвеце. Цяпер нікога ня маю. Ён быў самы малодшы ў нашай сям‘і. Я выгадаваў яго. Колькі год таму назад, як тут была меншавіцкая ўлада, ён пайшоў да меншавікоў. Арджбаю яны заманілі добрым канём. Я з самага пачатку за бальшавікоў стаяў. І мы разлучыліся. Мне бальшавікі каня не далі, але я і без каня ім шчыра служыў. Я ведаю горы ваколіцы, як свае пальцы на руках, і вандраваў па горах, сочачы за меншавіцкімі атрадамі. Аднаго разу ў пахмурны поўдзень я ішоў па вузкай сьцежцы над самым краем глыбокага страшнага абрыву. Раптам пачуў конскі тупат. Я прытаіўся. Зьняў стрэльбу з плеч. Вось з павароту гары мне насустрач паказаўся мой родны брат на сваім меншавіцкім кані (нашы коні карабкаюцца, нібы, козы, па самых кепскіх горных сьцежках). Сэрца ў мяне закалацілася ад злосьці на брата, на здрадніка. Брат хутка заўважыў мяне. Таксама схапіўся за стрэльбу… Але, пазнаўшы мяне, свайго старшага брата, апусьціў стрэльбу і спыніў каня. Я — чалавек гарачы. Доўга ня думаючы, выстраліў ня ў брата, але каню ў грудзі. Рэха пакацілася па гарах. Конь з братам паляцелі з абрыву ўніз…

Спачатку я ніякай жаласьці да брата не адчуваў. Спакойна пашоў уніз крутымі дарожкамі паглядзець, ці ён жыў астаўся…

Іслам-Бэй пры гэтым схваціў мяне за руку. Пальцы ў яго лёгка дрыжэлі. Вочы сьвяціліся, нібы фосфар, мігацелі жудасна. Ён на хвіліну змоўк.

Неба пакрылася хмарамі. Заімжыў дождж. Цяплынь плыла вакол нас. Здалёку раздавалася выцьцё шакалаў. Спачатку зацягнуў адзін, за ім — другі. Пасьля пачалі пераклікацца між сабой з усіх бакоў. Трохі падобнае да выцьця беларускіх ваўкоў у калядныя ночы, але болей зычнае і абрывістае. У іхнім голасе, у выцьці чуецца сьмех і плач, зьмешаныя ў адно. Часам шакалы заліваюцца ў гэтым сьмеху-плачы чалавечым голасам, ад чаго жуда павялічваецца. Водгаласкі перакідваюцца з гары да гары, запаўняюць цясьніны, плывуць у высь.

— Дык вось, — кажа Іслам-Бэй, — я спусьціўся ў самы ніз абрыву, чапляўся за кусты, падрапаў сабе рукі і твар да крыві, але не зварочваў на гэта ўвагі. Брат ляжаў на вострых каменьнях акрываўлены, пакалечаны, з зачыненымі вачыма. Побач ляжаў яго меншавіцкі конь.

— Арджбая… — пачаў я будзіць яго, — Арджбая… Брат адчыніў вочы…

— Што ты зрабіў? — прашаптаў ён, — гэта ж я таксама, як і ты, бальшавіком служыў. Ты ня ведаў… Я наўмысьня… Брат ня кончыў гаварыць. Кроў хлынула з носа, з горла. Ён тут-жа і сканаў з расчыненымі зьдзіўленымі вачыма.

Працяглы стон вырваўся з грудзей Іслам-Бэя. Ён да болі сьціснуў мне руку.

— Потым… Я ня памятаю, што было. Я два дні ляжаў, прыпаўшы галавой да мёртвых грудзей Арджбаі… Я ня плакаў — я выў, як шакал. Пастухі знайшлі нас — мяне з мёртвым братам. Тут-жа вырылі магілу. З тых часоў я перастаў хадзіць у горы. Але бадай штоноч ува сьне бачу Арджбаю. Ён ка мне прыходзіць. Стаіць, глядзіць на мяне зьдзіўленымі, вытарашчанымі вачыма і маўчыць… Я прачынаюся. Вакол раздаецца водгаласак майго-ж стону і затуманенымі вачыма я яшчэ бачу цень брата, які адыходзіць ад мяне і зьнікае… Я колькі разоў зварочваўся да доктара у санаторыі. Ён мне гаварыў, што брат ка мне ня прыходзіць, а я бачу перад сабою люстэрка сваіх уласных думак. Доктар казаў мне ня думаць аб гэтым, тады і нябожчык ня зьявіцца. Як магу я ня думаць, калі думаецца? Брат мяне зламаў. Я цяпер нікуды ўжо не гаджуся.

Я нічым ня мог уцешыць, супакоіць Іслам-Бэя.

Я толькі моўчкі абняў яго…

Прыбой шумеў.

  1. Маладое віно.
  2. Карчма.