І казала ласкавей чаромхі,
Сінім цьветам абсыпала слоў:
— Ну, пашто,
Ну, куды цябе
гоніць
Твайго сэрца ўскіпеўшая кроў?
Ну, пашто ты згараеш ў піўнушках
І вядзеш барацьбу з ветракамі,
Калі вочы твае
гэта сушыць,
Калі ў сэрцы ад гэтага
— камень?
Словы кволыя
больлю сум точаць,
І ня ведаю, што адказаць…
Адказалі ёй сінія вочы:
— Прадалася
мая
чыстата…
Адказалі каханай на гэта
— Адпачыць трэба сінім ад мар,
Толькі сэрца так больлю ўскіпела,
Толькі ў сэрцы вішнёвы пажар.
Адказалі ў імглістых завеях —
Сінь вятры параскідаюць ў
клоччы,
Заквітнець яшчэ сінь не
пасьпее,
Сінь чаромхай раскідае ноч.
Ну, а сінь?..
Мы таму мо‘ і бачым,
Бо мы ведаем, —
ёсьць і туманы.
Вось таму гэтак п‘ю я і плачу,
Што цьвярозым сіней за ўсіх
стану.
◆
Я з шыпшынавых гнёзд
Гэту песьню
Прынёс,
Там, дзе песьня
Цьвіла
Ды пад хусткай
Нябёс.
Ты была мне
Сястрой,
Ты як маці
Была…
◆
Сінь нябесная,
Сінь далёкая…
— Ні дастаць яе,
— Ні сарваць;
— Ні надзець мне
Чорнавокую, Ў сіняй хустачцы
Пагуляць…
Сэрцу мала ўсё —
Песьні
Склала ёй
З сумнасіняга
Серабра.
Дзе глыбокае
— Там і боль для нас…
Недалёкае
Ўсім здаволена…
Вось таму так
Зажурыўся я…
Найглыбейшага
— Не сказаць…
Сінь нябесная,
Сінь далёкая!.. — Ні дастаць яе,
Ні сарваць…
♦
Я учора адзін
Супакоіў сябе:
— Ты была мне сястрой,
Ты была мне, як маць…
Сінь зайшла за гарой,
Каб сіней яшчэ стаць…
♦
Так заўсёды ў жыцьці і бывае…
Просіш ты, каб я стаў
чалавекам.
Я і сам чалавека шукаю —
Адкажы, які шлях будзе
сьветлым? Адкажы, які шлях ў сьвеце сіні,
Калі песьняй жыцьцё засяём
мы?..
Запалілась вось ты на хвілінку
І спаліла маё жыцьцё.
Зьнікла ты… Мне-б сказаць
так нягожа,
Толькі, як адшукаеш шляхі?..
І любіць цябе ў песьні ня
можна,
Ды і роўнай табе — не знайсьці.
◆
Кахаць жыцьцё ты навучыла, —
У вар‘яцтвах я
Сваіх —
Заціх. І вось цяпер пішу для мілай:
— Я хочу
Чыстым,
Чыстым
Быць.
Маё каханьне засталося…
А дзе-ж тваё?
А дзе-ж і ты?..
Пад ветрам сыплюцца пялёсткі,
Жалобай сьцежкі спавілі…
Калі і як чужым зрабілася —
І песьні боль,
І што было,
І ўсё, што ў нашым сэрцы
ўзьвілася,
Што нашым раньнем рась-
цьвіло… Кахаць жыцьцё ты навучыла,
Ў вар‘яцтвах я
Сваіх
Заціх.
І вось цяпер пішу для мілай:
— Я хочу
Чыстым,
Чыстым
Быць…
Сэрца сёньня ў смутку,
Сэрца словы точыць,
Як з шыпшыннай болі,
Радасьцю сказаць.
Я ня хочу болей,
Любая, ня хочу —
На крыжы шыпшынай
Сэрца расьпінаць! Ўчора я ня ведаў,
Што мне ноч варожыць,
Думаў я у ночы —
„Жысьць“ сваю —
Сьпяю…
Толькі-ж так нягожа
Ў гэту нашу ростань,
Звонам пахавальным
Выліць боль сваю.
Я скажу на ростань:
— Сэрца раніць досыць!
Досыць сэрца жытам
З болем раскідаць!
Так на сьвеце сіне,
Так на сьвеце проста,
Так ласкава любай
Вішаньню сьпяваць.
◆
З халодным сэрцам жыць
прыгожа,
А як з пякельным болем жыць?..
Магу дзяліць я радасьць з кож-
ным,
А гора з кім мне падзяліць?..
Глядзі мне ў вочы…
Кажуць праўду —
Каханьня ў іх мне
Не схаваць,
Каханьня песьні
Нам ня здрадзяць,
Не адцьвітуць яны
Ніяк.
Я сэрцам песень хочу сінім,
Хаця у песьнях быць з табой… Ах, што усьмешка на хвіліну,
Пасьля яе — глыбей нам боль.
◆
Цяпер „сябры“ мае пачалі
Вакол мяне свой дзікі вой
Так для цябе яны шукалі
Абраз таму,
Хто жыў табой.
Няхай…
Тваё пачуе сэрца,
Хто ў песьні боль расьпяў сваю!
Я і цяпер мацней у сьвеце
Ласкава-сьветлую — люблю…
Я і цяпер скажу праўдзіва:
— Ня гэта Здолею
Цярпець,
Хай толькі гора, што схіліла,
Апошнім будзе для цябе.
◆
Ня муч і дай мне быць з табою,
Іначай болю
Ня стрымаць нам…
Калі каханьне — гэта сон,
Дык я ня хочу прачынацца.
Ня муч! Каханьнем прабачай!
Якою-ж здолееш ты сілай
На ўсё жыцьцё сказаць
„прашчай“?
І як глядзець, што тое згіне,
Аб што я сэрца раскалоў, І што было калісьці сіньню,
Што нашым некалі было…
◆
Ты думай, любая, што вечна
Маё каханьне сум прадзе,
І калі сэрца затрапешча,
Дык прывітаньнем будзе мне…
Віецца верш ў каханьня строму,
І я, я сам сказаць бы мог:
— „Другія вершам перамогуць,
А я-б каханьнем перамог“…
◆
Цяжка, так цяжка!
Сьветлая, дай рукі,
Хай ўспаміны зьвяжуць, Сэрца больлю скруцяць!
Крывёй ад калючак
Сыпляць розы ўвосень…
Сьветлая, — балюча…
Сэрца боль — ня зносіць.
Муч! Да дна! Да краю…
Не хлапчук. Ня плачу.
Шляхі сэрцам чую,
Як прайсьці — ня бачу.
Далей у п‘яным зельлі
Сэрцу жыць — нягожа.
І любіць мне нельга,
Ня любіць
— Няможна