Перайсці да зместу

Сірацінка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сірацінка
Верш
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
1914
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/59033

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У кашульцы чорнай, зрэбнай.
Тварык сплаканы, мурзаты,
Ані бацькі, ані маткі,
Дзядзька выгнаў з роднай хаты.

На узьмежку сядзіць, плача, —
Куды дзецца — знаць ня знае,
Гадок шосты пайшоў толькі…
А тут ночка… страх… зьмяркае…

Ня плач горка, сірацінка,
Беларуская дзяўчынка!
Сьпяць сном вечным бацька, матка, —
Не пачуюць ця, дзіцятка,

Не памогуць твайму плачу,
Ня траць сілы дарагія:
Жыта сіва спаць ця прыме,
Дожджык цёплы шчочкі змые,

Пасьцель мякку трава ўсьцеле,
Пырнік ножкі ўкрые босы,
Сном забудзешся спакойным,
Вецер вольны спляце косы.

Каласочак ця накорміць,
Сонка яснае прыгорніць,
Крыж расстайны будзе таткай,
Ральля чорна — роднай маткай.

Ўстань з узьмежка, ня плач горка,
Глянь у неба: зорка ясна,
Што найдалей сьвеціць міла, —
Твая гэта, твая ўласна.

Вер: ня згінеш, сірацінка,
Беларуская дзяўчынка!
Ў нашым краю многа гэтак
Ў людзі выйшла сірат-дзетак…

Мы належым да народу,
Што ад сьвету да заходу
Кожны з гора ўтрое гнецца,
Аднак гору не даецца.

Крыжам ляжа ў крыві ўласнай,
А ўсё ж верыць зорцы яснай.
Наш народ наўзьдзіў трывалы!
Шмат прыдбаў чужынцам славы…

Аб сабе адно забыўся,
Толькі вось цяпер збудзіўся.
Хоць шмат латак, хоць бяз хлеба, —
Жыць і крэпнуць і нам трэба.

Беларусы! Больш нікому
Не ўступайце вы загону
Свайго жніва, сваёй працы.

Сіраціна! страх дзіцячы
Зглушы ў сэрцы, расьці жвава —
Цябе жджэ народна справа!

(1914)