Сіла дужых
Сіла дужых Апавяданьне Аўтар: Джэк Лондан 1911 (пераклад 1927) Арыгінальная назва: The Strength of the Strong Крыніца: Савецкая Беларусь, 1927 - №№196, 197, 199, 200 |
Стары Доўгабароды спыніўся на сярэдзіне апавяданьня, аблізаў свае тлустыя пальцы і абцёр іх аб голыя бакі, у тых мясцох, дзе іх ня прыкрывала ягоная адзіная вопратка — парваная скура мядзьведзя. Каля яго сядзелі на кукішках трое маладых хлапцоў, ягоныя ўнукі: — Зьвералоў, Жоўтагаловы і Страх-Цемры. На погляд яны мала адрозьніваліся адзін ад аднаго. Скуры дзікіх зьвяроў толькі часткова абкрывалі іх цела. Усе трое былі худыя і сухарлявыя, з вузкімі бёдрамі і крывымі нагамі, але затое ўсе з шырокімі грудзямі і вялікімі цяжкімі рукамі. Іх плечы і грудзі абрасьлі густымі валасамі, гэткія-ж валасы пакрывалі рукі і ногі. Доўгія пасмы валасоў, заплеценых у косы, зьвісалі з галавы на вочы, блізка пасаджаныя адно да другога, круглыя, чорныя і бліскучыя, як у шутак. Сківіцы іх адзначаліся масыўнасьцю і моцна высоўваліся наперад.
Неба было ўсыпана яркімі зоркамі, а пад ім далёка цягнуліся паралельнымі сьцягамі горы, губляючыся ў недасягнёнай вокам далечы. На поўдні гарызонт гарэў заравам вулькану. Група хлапцоў, з цікавасьцю слухаўшых апавяданьне старога, сядзела, адвярнуўшыся плячыма да чорнай дзіры — уваходу ў пячору, скуль ад часу да часу ўрываліся подзьмухі рэзкага ветру, а проста перад імі гарэў вялікі агонь. З аднэй стараны яго ляжаў напалову абгрызены труп мядзьведзя, каля якога, на прызваітай, аднак, адлегласьці, пахаджалі вялікія, кудлатыя, падобныя да ваўкоў, сабакі. Каля кожнага мужчыны ляжаў лук, некалькі стрэлаў і вялізная дубіна. Пры ўваходзе ў пячору стаялі прыпёртыя да скалы пікі.
— Цяпер вы ведаеце, як мы жылі на дрэвах, — сказаў Доўгабароды.
Хлопцы голасна расьсьмяяліся, быццам вялікія дзеці, успомніўшыя сьмешнае апавяданьне дзеда. Стары таксама рагатаў, і пяцёхцалёвая косьць, працягненая праз храсток яго буйнога носа, затрасуся і заскакала, павялічваючы і без таго дзікі выгляд яго твару. Гутарка ягоная ня была падобна да цяперашняй мовы, — гэта былі нейкія зьверападобныя гукі.
— Вось гэта і ўсё, што я памятаю аб Марской Даліне, — казаў далей Доўгабароды. — Мы былі тады дурным натоўпам і ня ведалі таемнай вартасьці сілы. Дзеля гэтага кожная сям’я жыла тады сама для сябе. Нас было там трыццаць пар, але мы ня толькі не памагалі адзін аднаму, але ўсьцяж асьцерагаліся адзін другога. Ніхто з нас ніколі не наведваўся да свайго суседа. Навярху высокага дрэва я збудаваў для сябе і свае жанчыны хату з вецьця, а пад дрэвам, на адкрытым месцы, ляжала крушня буйнога каменьня, на якой складаў сваю галаву кожны, хто адважыўся наведаць мяне. Ён канчаў жыцьцё над маімі пікамі і стрэламі. І так жылі мы ўсе. Мы ніколі не хадзілі пад чужыя дрэвы. А калі мой брат аднойчы пайшоўш пад дрэва старога Бу-У, дык той расшчапіў яму галаву, і дні жыцьця яго былі скончаны.
Стары Бу-У быў вельмі моцны. Казалі, што ён можа адным ударам свайго кулака разьбіць, як яйка, галаву дарослага мужчыны. Праўда, што я ніколі гэтага ня бачыў, бо ніхто не зарызыкаваў даць яму магчымасьць зрабіць гэта. Мой бацька таксама не адважваўся. Аднаго разу, калі бацька быў унізе, каля мора, Бу-У прыпільнаваў маю маці. Яна не магла бегчы хутка, бо напярэдадні, калі яна ўзлазіла на гару, зьбіраючы ягады, мядзьведзь абадраў ёй нагу, і вось Бу-У ўдалося яе злавіць і ўвалачы на сваё дрэва. Бацька ніколі ўжо не атрымаў мае маткі назад. Ён баяўся старога Бу-У, які пры спатканьні з ім рабіў страшныя міны. Моцнарукі таксама быў дужы чалавек. Ён быў адным з найлепшых рыбакоў. Але аднойчы, узлазячы на скалы на яйкі марскіх чаек, ён зваліўся ўніз і страціў назаўсёды сваю сілу. Ён усьцяж кашляў, і грудзі яго зрабіліся вузкімі. Тады мой бацька захапіў жонку Моцнарукага, а калі той падыходзіў да нашага дрэва, бацька сьмяяўся з яго і кідаў у яго каменьні. У тыя часы гэтак рабілі мы ўсе. Мы ня ведалі, як аб’яднаць нашу сілу і стаць сільнымі.
— Няўжо і брат захапляў жонку свайго брата? — спытаў Зьвералоў.
— Так, калі ён жыў асобна на другім дрэве.
— Але-ж мы цяпер ня робім гэткіх рэчаў?—абурыўся Страх-Цемры.
— Так, бо я навучыў вашых бацькоў, як можна жыць лепей.
Доўгабароды запусьціў сваю валасатую лапу ў мядзьведжае мяса, выцягнуў стуль поўную жменю сала і пачаў смактаць з выразам задумы. Пасьля ізноў абцёр пальцы аб голыя бакі і казаў далей:
— Гэта ўсё, аб чым я вам раскаваў, было вельмі даўно, калі мы ня ведалі яшчэ нічога лепшага.
— Ну, і дурні-ж вы былі, калі не разумелі, што можна жыць лепей,— заўважыў Зьвералоў, а Жоўтагаловы забурчэў патакваючы.
— Так, мы ня толькі былі дурнымі, але, як пабачыце, яшчэ і дурнелі з кожным днём, пакуль, урэшце, бяда не навучыла нас розуму. Здарылася гэта вось як. Мы, рыбаеды, ня ўмелі аб’яднаць свае сілы. Але мясаеды, якія жылі па той бок гор, у Шырокай Даліне, палявалі, лавілі рыбу і ваявалі супольна. Аднойчы яны прыйшлі да нас у Марскую Даліну. Кожная наша сям'я зараз-жа ўзьлезла на сваё дрэва. Мясаедаў было толькі дзесяць, але яны нападалі супольна, а мы бараніліся кожны паасобку.
Доўгабароды змоўк, ды доўга і заклапочана нешта лічыў па пальцах.
— Нас было шэсьцьдзесят чалавек, — сказаў ён урэшце, — і мы былі вельмі дужыя, толькі ня ведалі гэтага. І вось мы спакойна пазіралі з сваіх дрэваў, як дзесяцера Мясаедаў кінуліся да дрэва Бу-У. Ён адважна бараніўся, але дарма. Барацьба была няроўная. Кожны раз, калі мясаеды пачыналі ўзлазіць на дрэва, стары Бу-У мусіў высоўвацца з гальля, каб кідаць у іх каменьнямі, а тады рэшта іх абсыпала яго сваімі стрэламі. Гэткі быў канец Бу-У.
Пасьля мясаеды ўзяліся за Аднавокага з ягонай сям’ёй, а пасьля дабраліся да дрэва Шасьцёхпальца; у той час, калі яны забівалі яго разам з дарослым сынам, мы чым хутчэй уцяклі. Аднак, мясаеды здалелі яшчэ злавіць некалькі нашых жанчын, якія не маглі хутка бегчы, і пацягнулі іх за сабою ў Шырокую Даліну.
Калі ворагі пайшлі ўжо, праз нейкі час мы адважыліся прывалачыся ізноў да сваіх дрэваў. І вось, ці то таму, што мы былі вельмі напалоханы, ці проста зьдзіўленыя супольным дзеяньнем мясаедаў, але раптам мы пачулі патрэбу адзін у адным, і пачалі перакідвацца словамі аб тым, што здарылася. Гэта была наша першая нарада, пасьля якой мы ў першы раз аб’ядналіся ў племя. І мы зрабілі гэтак дзеля таго, што напад быў для нас добраю навукаю: мы пабачылі, што кожны мясаед меў сілу дзесяцкі, бо ўсе дзесяць біліся, як адзін. Яны злучылі свае сілы. У той самы час усе нашы трыццаць сем'яў і шэсьцьдзесят сяброў з гэтых сем'яў мелі сілу аднаго толькі чалавека, бо кожны бараніўся асобна.
Гаварылі мы доўга і з вялікай труднасьцю, бо тады мы яшчэ ня ведалі ўсіх тых словаў, якімі карыстаемся цяпер. Значна пазьней ужо Блашчыца, а таксама і шмат каторыя з нас, прыдумалі некалькі назваў для розных рэчаў. Але ўрэшце рэшт мы ўсё-ж такі згаварыліся і пастанавілі злучыць свае сілы ў вадно ды дзейнічаць усім супольна, у разе, калі-б мясаеды ізноў перайшлі праз горы, ваб украсьці ў нас нашых жанок, і гэта было племя.
Мы паставілі двох мужчын на верхавіне гары: адзін стаяў удзень, а другі — ўначы, і загадалі ім сачыць, ці не падыходзяць ворагі. Гэта былі вочы племяні. Апрача гэтага, дзесяці мужчын, узброеныя ў дубіны, стрэлы і пікі, дзень і ноч былі напагатове да бітвы. Да таго часу было інакш: калі каторы з нас ішоў лавіць рыбу альбо зьбіраць сьлімакоў і чайковыя яйкі, ён браў з сабою зброю каб хто-колечы на яго не напаў.
Цяпер гэтага страху ня было: — мужчыны выходзілі бяз зброі, і ўвесь час аддавалі на здабываньне ежы. Таксама калі жанчыны ішлі на горы зьбіраць сакавітыя карэньні і ягады, палова варты ішла з імі дзеля аховы... А цяпер праз увесь час вочы племяні пільнавалі рубеж з найвышэйшага месца.
Але хутка ў нас пачаліся спрэчкі. Як заўсёды, пачалося з-за жанчын.
Мужчыны, якія ня мелі сваіх жанок, захаплялі чужых жанчын, і тады паміж абодвымі старанамі даходзіла да вялікіх боек; як-не бач, людзі разьбівалі адзін аднаму галовы альбо прабівалі адзін аднаго пікамі. Здаралася таксама, што калі хтосьці вартаваў на гары, другі краў у гэты час яго жонку, і той зыходзіў уніз бараніць яе. Тады другі вартаўнік палохаўся каб хто-колечы не захапіў і яго жонку, і таксама бег уніз. Часта гэткія сваркі здараліся і паміж дзесяцёх ваякаў, пільнуючых са зброяй у руках уваход у Марскую Даліну: яны пачыналі біцца, пяцёра супроць пяцёх, і біліся аж пакуль адны ня пускаліся наўцёкі ўздоўж берага; тады другія гналіся за імі.
Урэшце дайшло да таго, што племя засталося бяз вочаў і бяз варты. Мы ўжо ня мелі сілы шасьцідзесяцёх кожны, і былі слабыя. І вось мы сабраліся ізноў на нараду, і ўстанавілі нашы першыя законы. Я ў той час быў дзіцянём, але добра памятаю гэта. Мы казалі аб тым, што хочучы быць дужымі, няможна біцца паміж cабою, - і мы ухвалілі вакон, паводле якога чалавек, які забіў другога, мусіў быць забіты і сам усім племям. Мы пастанавілі таксама, раз назаўсёды. што кожны, хто ўкрадзе жонку ў другога, таксама будзе забіты племям. Мы гаварылі аб тым, што калі-б хто-колечы з нас меў залішне вялікую сілу, такую сілу, якою ён мог-бы пакрыўдзіць сваіх братоў па племені, таксама павінен быць забіты, каб сіля яго ня крыўдзіла другіх. Бо, калі-б мы дазволілі, каб сіла гэткага чалавека шкодзіла сваім родзічам, дык яны баяцімуцца яго і племя разваліцца, а мы ізноў можам зрабіцца гэткімі-ж слабымі, як тады, калі на нас першы раз напалі мясаеды і забілі Бу-У.
Але Вострая-Косьць, які жыў разам з намі, быў вельмі дужы і ня дбаў аб законах. Ён, паклаўшы надзею на сваю сілу, ўзяў ды ўкраў жонку Трох-Дубінаў. Той быў спрабаваў бараніць сваю ўласнасьць, але Вострая-Косьць расшчапіў яму галаву. Вострая-Косьць забыўся, аднак, што ўсе мы злучылі свае сілы, каб супольна пільнаваць выконваньне закону: і вось, сабраўшыся, мы забілі яго пад ягоным уласным дрэвам ды павесілі труп на галіне, як доказ таго, што закон, які ўхвалілі тут усе супольна, — ёсьць магутнейшы за ўсялякага, на’т наймагутнейшага чалавека.
Былі ў нас яшчэ і розныя іншыя труднасьці, бо (ведайце гэта, і ты Зьвералоў, і ты Жаўтагаловы, і ты Страх-Цемры) ня гэтак лёгка ёсьць закласьці племя. У нас было шмат усялякіх спраў і малых і паважных, так што склікаць усіх людзей дзеля вырашэньня іх было вельмі цяжка. Нам прыходзілася зьбірацца на парады і раніцою, і ўдзень, і ўвечары, і на'т позна ўначы. Мы мелі замала часу на паляваньне і здабываньне харчоў, бо заўсёды знаходзілася шмат розных дробных спраў, якія вымагалі разгляду: ці то трэ' было вызначыць новых вартаўнікоў на зьмену старым на гары, ці то пастанавіць, якая колькасьць харчоў належыцца людзём, што вартавалі ўвесь час са зброяй у руках і ня мелі магчымасьці карміць сябе самі. Сягоньня здаралася адно, назаўтра другое.
Нам трэба было мець чалавека, які выконваў-бы ўсе гэта, які меў-бы рашаючы голас у нарадах і нёс адказнасьць перад племям за ўсе, што ён зробіць. І вось мы абвясьцілі сваім правадыром Шыт-Шыта. Гэта быў добры выбар, бо ён быў чалавек моцны і хітры, а калі злаваўся, сычэў быццам дзікі кот-шыт-шыт!
Тым дзесяцём ваяком, якія ахоўвалі племя, мы загадалі перагарадзіць упоперак даліну ў найвузейшым месцы мурам з каменьняў. Жанчыны, большыя дзеці і шмат каторыя з мужчын дапамаглі ім у гэтым. Калі гэта было зроблена, усе сем’і пасходзілі з дрэваў і пабудавалі сабе хаты з гальля. Гэта былі вялікія хаты, шмат лепшыя за жыльлё на дрэвах, і ўсім было лепш і бясьпечней жыць, бо ўсе злучылі свае сілы і сталіся племям.
Дзякуючы збудаваньню муру, ваяком і вартаўніком у нас было болей часу на паляваньне, рыбную лоўлю і зьбіраньне карэньчыкаў ды ягадаў. Пажытку прыбавілася, і ніхто болей не галадаваў, асабліва калі Трохногі (ён быў скалечаны яшчэ хлопчыкам, і хадзіў, падпіраючыся кіем) пасеяў каля свае хаты насеньне дзікагага збожжа. Ён прабаваў таксама перасаджваць сакавітыя карэньні ды іншыя расьліны, якія знаходзіў у горных далінах.
— Калі Марская Даліна, абгароджаная мурам, зрабілася бясьпечнай, а ежы было так шмат, што за яе ўжо ня прыходзілася весьці барацьбу, тады да нас з суседняй раўніны і з ваколічных гор пачалі прыходзіць сем’і, якія жылі там больш падобна да дзікіх зьвяроў, чымся да людзей. У кароткі час уся наша мясцовасьць запоўнілася мноствам сем'яў і шматлікімі хатамі.
Але яшчэ перад гэтым зямля, якая дагэтуль была вольная і нічыя, бо належала да ўсіх, была падзелена між намі. Пачаў гэта Трохногі, калі стаў сеяць збожжа. Толькі яшчэ доўга пасьля гэтага большасьць з нас ня дбала пра зямлю. Мы лічылі, што азначаць межы плотам з каменьняў і капцамі — недарэчнасьць і глупота мьі-ж мелі досыць харчоў, дык чаго-ж болей трэба? Помню, што мой бацька і я, — мы памаглі Трохногаму абгарадзіць каменным плотам яго поле, і ён даў нам за гэта збожжа.
Такім чынам, толькі невялікі лік людзей захапіў усю зямлю, а Трохногі ўзяў найбольш. Пры гэтым шмат хто з тых, якія набралі сабе кавалкі зямлі, аддавалі яе тым нямногім, якія хацелі захаваць зямлю для сябе і атрымоўвалі ад іх узамен карэньні, скуры мядзьведзяў і рыбу. Мы не пасьпелі азірнуцца, як уся зямля была разабрана. Каля гэтага часу памёр Шыт-Шыт, і начальнікам быў абвешчаны яго сын, Сабачы-Зуб. Ён моцна дамагаўся гэтага, бо, казаў ён, раз яго бацька быў начальнікам, дык пасьля яго сьмерці начальнікам мусіў быць ён, Сабачы-Зуб. Спачатку ён упраўляў вельмі добра, сам шмат працаваў, і рада мела што-раз меней працы. У тым часе, аднак, даўся чуць у Марской Даліне новы голас. Гэта быў голас Скручанай-Губы. Мы ніколі не зварочвалі на яго асаблівай увагі, пакуль ён ня стаў займацца гутаркай з душамі памёршых. Пасьля мы назвалі яго Тоўстае-Сала, бо ён страшэнна абжыраўся, нічога ня робячы, і стаўся вельмі тоўсты ды сыты. Аднаго разу ён абвясьціў нам, што яму ведамы ўсе тайны памёршых, ды што праз яго гаворыць бог. Ён здружыўся з Сабачым-Зубам, які загадаў нам збудаваць для Тоўстага-Сала вялікую хату. І Тоўстае-Сала прымаў у гэтай хаце бога ды рабіў закляцьці.
Мала-па-малу Сабачы-Зуб зрабіўся мацнейшы за раду, а калі мы пачалі наракаць ды пагражаць, што выбарам новага начальніка, — Толстае-Сала сказаў, што бог не дазваляе гэтага, і заклікаў нас да паслухмянасьці. І мы мусілі пакарыцца, бо супроць нас былі Трохногі і ўсе іншыя ўласьнікі зямлі, а таксама Марскі-Леў, вельмі дужы чалавек, якога яны цішком падкупілі, падараваўшы яму некалькі палеткаў зямлі, шмат мядзьведжых скураў і кашоў збожжа. І вось Марскі- Леў сказаў, што Тоўстае-Сала запраўды гаварыў ад імя бога, ды што яго трэба слухаць. А ў хуткім часе Марскі-Леў быў абвешчаны намесьнікам Сабачага-Зуба і ётаў выступаць ад яго імя.
Жыў тады паміж намі яшчэ Малы-Жывот,— маленечкі, дробны чалавек з такім сухім целам і тонкім жыватом, як быццам ён вечна быў галодны. Пры вусьці рэчкі, дзе была пяшчаная мель, якая аслабляла сілу напору хваляў, ён зрабіў запруду для лоўлі рыбы. Ніхто з нас ніколі ня бачыў, ды й ня сьніў, напэўна, гэткай штукі. Малы-Жывот цэлымі тыднямі працаваў над гэтым, разам з жонкаю і сынам, а мы ўсе толькі сьмяяліся з яго. Аднак, калі ёа скончыў сваю працу і ў першы-ж дзень злавіў больш рыбы, чым усё племя магло злавіць за тыдзень, нас абкаціла вялікая радасьць. Але на ўсёй рэчцы засталося яшчэ толькі адно месца здатнае для пабудовы запруды,—і вось, калі мой бацька, я і яшчэ дванаццаць чалавек узяліся будаваць запруду, з вялікай хаты, якую мы пабудавалі для Сабачага-Зуба, прыйшла варта і стала калоць нас пікамі, загадваючы пакінуць працу, бо Малы-Жывот зьбіраўся зрабіць тут запруду сам, са згодай Марскога-Льва, які быў голасам Сабачага-Зуба.
Мы пачалі наракаць, і бацька мой склікаў раду. Але калі ён падняўся, каб гаварыць,—Марскі-Леў прабіў яму пікаю горла, і ён памёр. Бачачы гэта і Сабачы-Зуб, і Малы-Жывот, і Трохногі, а таксама ўсе ўласьнікі зямлі сказалі, што гэта правільна. А Тоўстае-Сала дадаў, што гэтага хацеў бог.
Ад гэтага часу мы ўжо баяліся гаварыць у радзе, а значыцца, ня стала і самой рады.
Другі чалавек, Сьвіны-Пашчэнак, стаў гадаваць коз. Ён чуў, што так робяць мясаеды, і праз нейкі час ужо і ён меў шмат коз. Іншыя людзі, якія ня мелі ні зямлі, ні запрудаў, і дзеля гэтага былі вельмі часта галодныя, ахвотна працавалі для Сьвінога-Пашчэнка, пільнуючы яго чараду ад дзікіх зьвяроў і заганяючы на горныя пасьвішчы. Узамен за іх працу, Сьвіны-Пашчэнак даваў пастухом казінае мяса на харчы і скуры на вопратку, а таксама абменьваў ім на рыбу збожжа і карэньні.
Каля гэтага часу ў нас зьявіліся грошы. Марскі-Леў быў першы, якому гэта прыйшло ў галаву, і вось ён перагаварыў аб гэтым з Сабачым-Зубам і Тоўстым-Салам. Трэба сказаць, што гэтыя трое мелі ўдзел ува ўсім, што здабывалася ў Марской Даліне. Яны мелі адзін кош з кожных трох кашоў сабранага збожжа, адну рыбу з кожных трох злоўленых рыб, адну казу з кожных трох коз, жывых ці мёртвых — усё роўна. Узамен за гэта яны кармілі валкоў і варту, а рэшту пакідалі сабе. Часам, калі бывала злоўлена шмат рыбы, яны ня ведалі, дзе падзець сваю частку. Тады Марскому-Льву прыйшло ў галаву рабіць грошы. Ён пасадзіў жанчын за працу, - яны рабілі маленькія кружочкі з чарапашынак з дзірачкай пасярэдзіне; усе кружкі былі аднолькавыя, гладкія і прыгожыя. Іх нанізвалі на шнуркі, якія і называліся грашыма.
Кожны шнурок меў вартасьць трыццаці альбо сарака рыб, а кожная жанчына, якая магла зрабіць адзін шнурок у дзень, атрымоўвала за гэта толькі дзьве рыбы. Такім чынам рыба, якой не маглі зьесьці Сабачы-Зуб, Тоўстае-Сала і Марскі-Леў самі, даставалася другім. Затое ўсе грошы былі ў іх, і яны зьвярнуліся да Трохногага ды іншых уласьнікаў зямлі з тым, што возьмуць у іх за грошы частку збожжа і карэньняў; да Малага Жывата — што заплацяць грашыма за частку рыбы; і да Сьвінога-Пашчэнка, што адбяруць ад яго частку коз і сыру ўзамен за грошы.
Такім чынам чалавек, які нічога ня меў, працаваў на багатага і атрымоўваў плату грашыма, купляючы за іх рыбу, мяса, сыр і ўсё неабходнае, Трохногі і ўсе ўласьнікі плацілі Сабачаму-Зубу і Марскому-Льву і Тоўстаму-Салу за іх трэцюю частку таксама грашыма. І ваякі ды варта атрымоўвалі за сваю працу грошы, а доля таго, што грошы Сабачаму-Зубу, Марскому-Льву, Тоўстаму-Салу абыходзіліся танна, дык яны зрабілі яшчэ шмат мужчын ваякамі. Аднак, некаторыя з нас хутка сьцямілі, у чым справа, і пачалі самі вырабляць грошы, але тады ваякі Сабачага-Зуба прабівалі нас пікамі і стрэламі на-сьмерць, кажучы, што мы гэтак можам зьніштожыць племя — вялікі праступак, бо тады прыдуць мясаеды і пазабіваюць нас усіх.
Тоўстае-Сала быў голасам бога, і вось ён загадаў Зламанай-Скабе зрабіцца яго сьвятаром. Такін чынам Зламаная-Скаба стаў голасам Тоўстага- Сала і гаварыў ад яго імя з народам. Абодва яны набралі сабо яшчэ іншых людзёў і парабілі іх сваімі слугамі. У Малога-Жывата, Трохногага і Сьвінога-Пашчэнка таксама былі слугі, якія ляжалі каля іх хат на сонцы ды выконвалі і перадавалі загады сваіх гаспадароў. Што-раз усё болей і болей людзей адрывалася ад працы, ваб зрабіцца прыслужнікамі альбо ваякамі, а рэшта працавала больш чым калі-колечы дагэтуль. Здавалася, што ўсе імкнуліся да таго, каб не працаваць, і кожны стараўся знайсьці які-колечы спосаб, каб прымусіць працаваць за сябе другіх. Крывое-Вока знайшоў гэткі спосаб: ён першы зрабіў з зярнят збожжа вагністае піцьцё. Ад гэтага часу ён забыўся аб працы, бо перагаварыў, скрыта ад другіх, з Сабачым-Зубам і Тоўстым-Салам, ды ўмовіўся з імі, што толькі ён адзін будзе мець права рабіць вагністае піцьцё. Але Крывое-Вока не працаваў сам: другія людзі варылі для яго вагністае піцьцё, а ён плаціў ім за гэта чарапашынамі, якія атрымоўваў за прададзеную гарэлку, бо ўсе куплялі яе. Шмат шнуркоў грошай даваў ён Сабачаму-Зубу, Марскому Льву і ўсім іншым начальнікам.
Калі Сабачы-Зуб узяў сабе другую жонку, а пасьля і трэцюю, Тоўстае-Сала і Зламаная-Скаба баранілі яго. Яны казалі, што Сабачы-Зуб — начальнік, ёсьць істота вышэйшая за другіх людзёў і зьяўляецца другім пасьля бога, якога трымаў у сваёй хаце Таўстае-Сала сілаю закляцьцяў. А Сабачы-Зуб казаў тое самае, ды хацеў ведаць хто асьмеліўся наракаць на лік яго жанок.
Ён загадаў зрабіць вялікі човен, і адарваў гэтым ад працы шмат людзёў, якія нічога не рабілі; увесь занятак іх быў—ляжаць на беразе і чакаць, калі Сабачы-Зуб захоча паехаць у чоўне, каб працаваць за яго вёсламі. Пасьля начальнік паставіў Твар-Тыгры за ваяводу над ваякамі і вартай, так што той зрабіўся яго правай рукою, і калі хто-колечы не падабаўся Сабачаму-Зубу, — ваявода забіваў таго чалавека ад імя начальніка.
Так прайшоў доўгі час, шмат гадоў. І дзіўна: тыя што працавалі, з кожным годам мусілі працаваць усё болей і болей, а харчоў атрымоўвалі што-раз меней.
— Але-ж вы гадавалі коз, сеялі збожжа і карэньні, рабілі запруды, — спытаўся Страх-Цемры, — дык чаму-ж у вас не павялічвалася колькасьць харчоў?
— Праўду кажаш, — згадзіўся Доўгабароды. — Гэта праўда, што трое людзёў пры запрудзе даставалі з рэчкі шмат больш рыбы, чым дагэтуль усё племя. Але ці-ж я не сказаў вам, што мы былі дурні? Чым болей здабывалася пажытку, тым меней даставалася яго нам.
— Няўжо-ж людзі, якія здабывалі ежу, ня мелі яе самі ўдастатку? — прамовіў з недаўменьнем Жоўтагаловы.
Доўгабароды сумна матнуў галавою.
— Не, ня мелі. Начальнікавы сабакі абжыраліся мясам, людзі, якія ляжалі на сонцы і нічога не рабілі,— абрасталі салам, а ў той самы час вашы малыя дзеці плакалі і засыпалі у сьлязох ад голаду, які грыз іх парожнія жываты.
Апавяданьне аб голадзе пабудзіла Зьвералова адарваць кавалак мядзьведжыны і прыпячы на ражне пад вугальлём; калі ён, ласа пляскаючы губамі, еў, Доўгабароды казаў далей:
— Калі мы пачыналі наракаць на гэткія парадкі, зьяўляўся Тоўстае-Сала і ад імя бога казаў, што вялікі дух выбраў мудрых людзей уладаць зямлёю, козамі, рыбнымі запрудамі і вагністым піцьцём, ды што, каб ня было гэтых мудрых людзёў, дык усе мы абярнуліся-б ізноў у дзікіх зьвяроў, як тады, калі мы жылі па дрэвах.
І тады выступіў адзін чалавек, які стаў песьняром правадыра. Называўся ён Блашчыца, бо быў дробны і няпрыгожы з твару і не адзначаўся ані працай, ані чым іншым. Ён любіў смачныя косьці з мозгам, найлепшую рыбу, цёплае казінае малако, першае збожжа з поля і выгодны куток пры вогнішчы. І вось ён зрабіўся песьняром правадыра, бо гэта таксама быў спосаб, каб нічога не рабіць і абрастаць салам. А калі нашы нараканьні дайшлі да таго, што некаторыя з нас сталі кідаць каменьнямі ў вялікую хату Сабачага-Зуба, тады Блашчыца зацягваў песьню аб тым, як добра быць рыбаедам. Ён пяяў, што мы былі выбраным народам вялікага духа і найпрыгажэйшым народам ува ўсім сьвеце. Ён пяяў аб мясаедах, абзываючы іх сьвіньнямі і груганьнём, ды казаў, што рыбаеды павінны ісьці ваяваць і уміраць за божую справу, г. ё. забіваць мясаедаў. Словы яго песьні разьліваліся вагнём па нашых жылах, і мы дамагаліся, каб нас вялі на ворагаў. І мы забываліся пра голад, пра свае нараканьні і скаргі, і з радасьцю ішлі, з Тварам-Тыгры на чале, за горы, дзе забівалі мноства Мясаедаў.
Палажэньне ад гэтага, аднак, не палепшала, і хутка ўва ўсёй Марской Даліне адзіным спосабам здабыць сабе ежу стала праца на Трохногага, Малы-Жывот альбо на Сьвінога-Пашчэнка, бо не засталося ані кавалачка вольнай зямлі, дзе чалавек мог-бы пасеяць збожжа сам для сябе. А як у Трохногага і другіх багачоў часта не хапала працы для ўсіх жадаючых, дык людзі галадавалі, а разам з імі — іхнія жонкі, дзеці і старыя маткі. Твар-Тыгры сказаў ім тады, што яны, калі хочуць, могуць зрабіцца ваякамі. Шмат якія так і зрабілі; ад таго часу яны ўжо не працавалі, а толькі калолі сваімі пікамі тых, якія працавалі і бурчэлі, што трэба карміць гэтулькі дармаедаў. Калі-ж племя пачынала наракаць залішне голасна, Блашчыца зацягваў новыя песьні. Ён пяяў, што Трохногі, Сьвіны-Пашчэнак і другія былі дужэйшыя сярод дужых і дзеля гэтага мелі шмат больш маёмасьці за нас усіх. Ён пяяў, што мы павінны лічыць за шчасьце ўладу гэткіх магутных людзей над намі, бо іначай мы, як слабыя і безбародыя істоты, загінулі-б ад стрэл мясаедаў. Дзеля гэтага мы не павінны перашкаджаць сваім уладаром браць ад нас усё, што ім спадабаецца. І Тоўстае-Сала, а разам з ім Сьвіны- Пашчэнак, Твар-Тыгры ды ўсе іншыя прытакнулі, што гэта праўда.
Тады Доўгі-Клык сказаў: — «Добра, я таксама хачу быць дужы». І вось ён, дастаўшы крыху збожжа, пачаў рабіць вагністае піцьцё і прадаваць яго за чарапашынкі. А калі Крывое-Вока пачаў яго лаяць, ён адказаў, што ён і сам—дужы чалавек, ды што кожнаму, хто стане яму на дарозе, ён рашчэпіць галаву. Крывое-Вока спалохаўся і пайшоў з скаргаю да Трохногага і Сьвінога-Пашчэнка. Утрох яны пайшлі да Сабачага-Зуба, які аддаў загад Марскому-Льву, а той паслаў чалавека з загадам да Твару-Тыгры. Твар-Тыгры зараз-жа паслаў сваіх валкоў, якія спалілі хату Доўгага-Клыка ўраз з вырабленай ім гарэлкай і забілі яго самога і ягоную сям‘ю. І Тоўстае-Сала сказаў, што так і трэба было зрабіць, а Блашчыца сьпяяў новую песьню аб тым, як добра выконваць закон, які харошы край Марская Даліна, і як кожны, хто любіць свой край, павінен ісьці ў бой і забіваць злых Мясаедаў. І зноў яго песьня разьлілася вагнём у нашых сэрцах, і мы пакінулі наракаць.
І была ў нас яшчэ адна незразумелая рэч. Калі Малы-Жывот часам зловіць гэтулькі рыбы, што яе трэ’ было-б прадаць у вялікай колькасьці і зусім танна, — ён кідаў значную частку рыбы назад у ваду, каб за рэшту атрымаць як найбольш грошай. А Трохногі часта пакідаў непасеянымі шмат якія з сваіх прасторных палеткаў, каб болей атрымаць за сваё збожжа. Дый сам Сабачы-Зуб спыніў выраб грошай, бо жанчыны выраблялі столькі шнуркоў з чарапашынкамі, што ў яго не хапіла на іх прыпасаў. І вось у нашых жонак і дачок ня стала працы, і яны былі змушаны займаць месца мужчын. Я тады працаваў на рыбнай запрудзе і атрымоўваў шнурок грошай за кожныя пяць дзён. Але мая сястра заняла маё месца за гэткую-ж плату ў кожныя дзесяць дзён. Жанчыны працавалі таньней, меней елі, і Твар-Тыгры сказаў нам пайсьці да яго ў ваякі. Але я ня мог зрабіць гэтага, бо быў кульгавы на адну нагу. Гэткіх як я было шмат, бо ад заўсёднай цяжкай працы шмат хто зрабіўся калекам і мог хіба толькі дзяцей няньчыць.
Жоўтагаловы таксама захацеў есьці, і прыпёк сабе на вугалькі кавалак мядзьведжыны.
— Але чаму-ж вы не паўсталі ўсе чыста, ды не пазабівалі Трохногага, Сьвінога-Пашчэнка, Тоўстае-Сала і ўсіх іншых, каб пасьля можна было есьці колькі схочаш? — спытаўся Страх-Цемры.
— А таму, што мы доўга не маглі сабе гэтага ўцяміць, — адказаў Доўгабароды.
— Гэта трэба было добра абдумаць, а тут варта калола нас пікамі, Тоўстае-Сала правіў казаньні пра бога, Блашчыца пяяў што-раз новыя песьні; а кожнага хто правільна разважаў і выказваў голасна свае думкі, Твар-Тыгры з сваімі ваякамі зараз-жа хватаў і прывязваў да скалаў на ўзьбярэжжы ў часе адплыву, каб яго затапіў прыбой хваляў.
Дзіўная рэч — грошы. Яны былі падобныя да песьняў Блашчыцы: здавалася быццам усё добра, у той час, як нічога добрага ня было. Але нам трудна было зразумець гэта адразу. Сабачы-Зуб пачаў сьпешна сьцягваць усе шнуркі з грашыма. Ён сабраў іх у вялізную кучу ў асобнай вялікай хаце, дзе іх пільнавала, як дзень, так ноч, асобная варта. Але чым болей зьбіралася там грошай, тым даражэйшымі яны рабіліся, і з кожным днём за аднальковую колькасьць грошай трэба было працаваць усё болей ды болей. І пры гэтым нам заўсёды казалі аб неабходнасьці расправы з мясаедамі. Рыхтуючыся да вайны, Сабачы-Зуб і Твар-Тыгры складалі ў васобных хатах збожжа, сухую рыбу, вэнджанае казінае мяса і сыр. Але, ня гледзячы на гэткія вялізныя запасы, людзі ня мелі чаго есьці.
Што-ж, дужыя людзі не зварочвалі на гэта ўвагі — усё роўна, як толькі народ пачынаў галосна наракаць, Блашчыца зацягваў новую песьню, Тоўстае-Сала апавядаў аб тым, што богі жадаюць, каб мы нішчылі Мясаедаў, а Твар-Тыгры вёў нас за горы забіваць Мясаедаў і быць забітымі ў сваю чаргу. Я быў няздатны служыць у варце, але калі мы хадзілі ваяваць, Твар-Тыгры браў і мяне з сабою. Мы пакідалі ваяваць толькі тады, як канчаліся запасы харчоў, пасьля чаго ізноў браліся складаць новыя запасы.
— Я думаю, што ўсе вы хіба падурнелі, - заўважыў Зьвералоў.
— Так, мы былі запраўднымі дурнямі, — згадзіўся з ім Доўгабароды. У тыя даўнія дні рабілася шмат чаго дзіўнага. Быў, напрыклад, паміж намі Расьцяты-Нос. Ён казаў, што ўсё ідзе нядобра, і казаў, што мы робімся дужэйшымі, калі злучаем свае сілы. Ён успамінаў таксама, што калі мы першы раз заснавалі племя — лічылася правільным пазбаўляць сілы тых, хто шкодзіў ёю сваім братом, забіваючы іх і крадучы іх жанок. А цяпер, — казаў Расьцяты-Нос, — народ стаў ня дужэйшым, а слабейшым, бо сярод яго былі людзі маючыя розныя сілы, якія крыўдзілі племя. І ён называў Трохногага, у якога была сіла зямлі, Малога-Жывата — уласьніка сілы рыбнай запруды, Сьвінога-Пашчэнка з ягонаю сілай казінага мяса. Уся справа ў тым, — пераконваў нас Расьцяты-Нос, — каб пазбавіць гэтых людзёў іх злоснае сілы, прымусіць іх працаваць, усіх да адзінага і не даваць есьці тым, хто ня хоча працаваць.
Але Блашчыца запяяў тады песьню аб людзях, падобных да Расьцятага-Носа, якія хочуць ісьці назад і вярнуцца да жыцьця на дрэвах. Расьцяты-Нос запярэчыў аднак, і сказаў, што ён ня толькі ня хоча вярнуцца да жыцьця на дрэвах, а імкнецца наперад, што сіла толькі ў аб’яднаньні, што калі-б мы злучыліся з мясаедамі, дык ня было-б вайны, ня трэ’ было-б ні вартаўнікоў, ні ваякаў, што калі-б, урэшце, усе людзі працавалі, дык усім было-б даволі харчоў, і кожнаму чалавеку трэ’ было-б працаваць ня болей дзьвюх гадзін у дзень.
Тады Блашчыца запяяў ізноў. Ён пяяў, што Расьцяты-Нос—гультай. Ён сьпяяў таксама песьню аб пчолах. Гэта была дзіўная песьня, і ўсе, хто яе слухаў, зрабіліся п’янымі, быццам напіліся наймацнейшага вагністага піцьця. Песьня гэта расказвала пра рой працоўных пчол і пра зладзейку— асу, якая жыла разам з пчоламі і крала ад іх мёд. Аса не хацела працаваць сама, і да гэтага-ж падбурвала пчол, ды радзіла ім здружыцца з мядзьведзямі, якія, як яна казала, ня толькі ня кралі мёду, але і былі запраўднымі сябрамі пчол. І ўсе, хто слухаў песьню Блашчыцы, разумелі, што рой—гэта племя Марской Даліны, мядзьведзі — мясаеды, а гультайка-аса — гэта Расьцяты-Нос. Калі Блашчыца пяяў аб тым, як пчолы слухалі асу, аж пакуль яна амаль што не загубіла ўвесь рой, народ узбурана гудзеў і злаваўся, а калі Блашчыца сьпяяў аб тым, што добрыя пчолы, урэшце, паўсталі і на сьмерць забілі зладзейку-асу—людзі сталі падымаць з зямлі каменьні і забілі Расьцятага-Носа на сьмерць. І было сярод тых, што кідалі ў яго каменьні, ня мала беднякоў, якія шмат працавалі і цярпелі голад.
Ня гледзячы на страшную сьмерць Расьцятага-Носа, знайшоўся ўсё-ж чалавек, які адважыўся устаць і выказаць усё, што ён думаў. Гэта быў Валасаты-Твар. «Дзе сіла дужых? — пытаўся ён у нас. — Мы дужыя толькі ўсе разам, і толькі супольнымі сіламі здолеем перамагчы і Твар-Тыгры, і Трохногага, і Сьвінога-Пашчэнка і ўсіх тых, хто нічога ня робіць, але шмат есьць, і ўсіх тых, хто аслабляе нас і крыўдзіць сваёю злою і разбурваючай уладай. Людзі, якія ня хочуць альбо ня ўмеюць аб’яднацца, заўсёды трапляюць у ярмо да тых, хто ўмее выкарыстаць сваю сілу. Калі-б чалавек, які першы адкрыў вартасьць і карысьць ужываньня агню, выкарыстаў сваю сілу, дык усе мы былі-б сёньня яго нявольнікамі, як цяпер мы нявольнікі Малога-Жывата, які знайшоў вартасьць і карысьць рыбнай запруды, і тых людзёў, якія патрапілі заўладаць зямлёю, гадаваць коз і рабіць моцнае піцьцё. Раней, браты, мы жылі на дрэвах, і ніхто з нас ня быў бясьпечны.
Але цяпер мы ўжо не нападаем адзін на аднаго, — мы аб’ядналі свае сілы. Дык пакіньма-ж біцца з мясаедамі, злучым нашу сілу з іхняй сілам, а тады мы будзем дужыя запраўды і будзем разам забіваць ваўкоў, мядзьведзяў і дзікіх сабак, разам будзем пасьвіць сваіх коз на горных схілах і сеяць збожжа ды карэньні па ўсіх горных далінах. І ў той час у нас будзе гэткая сіла што ўсе зьвяры пачнуць уцякаць ад нас і пагінуць. Тады ніякая сіла ня зможа нас, бо сіла кожнага чалавека будзе сілаю ўсіх людзей на зямлі.
Так казаў Валасаты Твар, а яны забілі яго, бо, як яны казалі вам, гэта быў дзікі чалавек, які хацеў вярнуцца да даўных часоў і жыць на дрэвах.
Дзіўныя рэчы рабіліся тады, вельмі дзіўныя. Як толькі зьяўляўся чалавек, які імкнуўся наперад, усе тыя, што стаялі на даным месцы, пачыналі крычаць, што ён хоча вярнуцца да старога жыцьця, ды што яго трэба забіць. І беднякі памагалі пабіваць гэткіх людзёў каменьнямі, і былі дурнямі. Так, усе мы былі дурнямі, апрача тых, хто заплываў салам і не працаваў. Дурняў называлі разумнымі, а разумных пабівалі каменьнямі. Працоўныя ня мелі чаго есьці, а людзі, якія нічога не рабілі, аб’ядаліся.
А тымчасам племя слабела што-раз болей. Нашыя дзеці былі кволыя і слабыя. А дзякуючы таму, што мы ніколі ня мелі даволі харчоў, каб есьці дасыта, сярод нас зьявілася нейкая пошасьць і мы мерлі, як мухі. Аб гэтым даведаліся мясаеды і папалі на нас. Мы залішне часта пад правадырствам Твару-Тыгры пераходзілі мяжу і забівалі іх, і вось цяпер яны прышлі да нас з крывавай помстай. Мы былі заслабыя, каб абараніць высокі мур. І ворагі выразалі ўсё племя, за выняткамі некалькіх жанчын, якіх яны забралі з сабою. Мне і Блашчыцы ўдалося ўцячы. Я хаваўся ў лясных гушчах, паляваў ва дзікіх зьвяроў і больш не галадаў. Праз нейкі час я ўкраў у мясаедаў жонку і жыў разам з ёю ў пячорах на высокіх гарах, дзе мяне не маглі знайсьці. У мяне было тры сыны, і кожны з іх украў у мясаедаў жонку. А рэшту вы ведаеце, бо ці-ж вы ня сыны маіх сыноў?
— А як Блашчыца? — спытаўся Зьвералоў.
— Што з ім сталася?
— Ён пайшоў жыць да мясаедаў і зрабіўся песьняром іх правадыра. Ён цяпер стары ўжо, але пяе тыя самыя песьні, і калі хто-колечы паўстае, каб ісьці наперад, ён пяе аб тым, што гэты чалавек варочаецца ў прошлае і хоча жыць на дрэве.
Доўгабароды запусьціў руку ў труп мядзьведзя і пачаў абсмактваць сваімі бяззубымі сківіцамі сала з кулака.
— Калі-колечы — сказаў ён, абціраючы пальцы аб свае бакі, — усе гультаі і дурні памруць, тады ўсе чэсныя і разумныя пойдуць наперад. Яны знойдуць тайну сілы дужых, злучаць свае сілы ў відно, і ўва ўсім сьвеце ні адзін чалавек ня будзе біцца з другім. На мурог ня будзе ні ваяваў, ні вартаўнікоў, якія носяць зброю. Усе дзікія зьвяры загінуць, і — як вазіў Валасаты-Твар, — козы будуць бясьпечна пасьвіцца на горных схілах, а ўсе высокія горныя даліны будуць засеяны збожжам і засаджаны гароднінай. І ўсе людзі будуць братамі; ніхто ня будзе ляжаць гультаём на сонцы і жывіцца чужою працай. Але ўсё гэта станецца толькі тады, калі ўсе дурні памруць і ня будзе больш сьпявакоў, якія стаяць на адным месцы і пяюць песьню аб пчолах. Пчолы ня ёсьць людзі.