Перайсці да зместу

Сёлетнія олімпійскія зімовыя ігры/Кірылізацыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сёлетнія олімпійскія зімовыя ігры
Публіцыстыка
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1936 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 2 (88), люты 1936 г., б. 8-9
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сёлетнія олімпійскія зімовыя ігры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сёлетнія олімпійскія зімовыя ігры

Ад 6 да 16 лютага сёлета ў Нямеччыне ў Гарміш-Партэнкірхэн адбыліся зімовыя олімпійскія ігры. Гэта была зімовая частка іграў, якія выпадаюць на 1936 год, і адбудуцца ўлетку, як працяг г. зв. „Олімпіяды“ 1936 году.

Раней, чымся скажам пра сёлетнюю зімовую олімпіяду, успомнім наагул пра олімпійскія ігры, якія адбываліся ў старадаўнай Грэцыі і выкопываныя архэолёгамі памяткі каторых, ад 1875 да 1881 г., насунулі французу Пэра Кубэртэну думку адраджэньня гэных старадаўных олімпійскіх іграў.

У 1894 г. Кубэртэн склікаў ў Парыж кангрэс вучоных пэдагогаў, фізычных выхаваўцаў і спартоўцаў усіх культурных народаў і запрапанаваў ім стварэньне агульных спартовых заводкаў усіх гаспадарстваў, падобна старадаўным Грэцкім Олімпійскім іграм.

Думка Кубэртэна была прынята і мела шчырых староньнікаў ува ўсіх цывілізаваных народаў. На гэным кангрэсе заснаваўася Міжнародны Камітэт Олімпійскіх Іграў, мэтай якога была руплівасьць пра рэгулярнае (што чатыры гады) ладжаньне спорту на вышыні вымогаў часу, культуры і веды.

У Камітэт Олімпійскіх Іграў увайшло 41 гаспадарства, якія ўзяліся за правядзеньне ў жыцьцё думак Кубэртэна. Дзякуючы гэтаму адбыліся міжнародныя олімпійскія ігры ў гэткіх местах: у 1896 г. у Атэнах, 1900 — у Парыжы, у 1904 — у Ст. Люі, у 1908 г. — у Лёндане, у 1912 — у Штокгольме, у 1916 мелі адбыцца ў Бэрліне, але з прычыны вайны не адбыліся, у 1920 былі ў Антвэрпіі, у 1924 г. — у Парыжы, у 1928 — у Амстэрдаме, у 1932 г. у Сан-Франціско, а ў 1936 г. адбываюцца ў Бэрліне. Частка іх, г. зн. зімовыя олімпійскія ігры адбываліся ў Гарміш Партэнкірхэн — мястэчка каля Бэрліна ў Нямеччыне.

У чацьвер 6 лютага вышменаванае мястэчка мела сьвяточны выгляд. Усюды павевалі нямецкія і олімпійскія сьцягі. Над дамамі, дзе закватараваліся прыехаўшыя на ігры чужынцы, павевалі іхнія нацыянальныя сьцягі. А гадзіне 11-ай гарматнія стрэлы абвесьцілі адкрыцьцё іграў. Пасьля адбылася дэфіляда-паход і прысяга спартоўцаў, што будуць чэсна змагацца ў заводках.

Олімпійскія ігры сьцягнулі ў Гарміш-Партэнкірхэн мноства людзей з усяго сьвету. Прыехала на іх аж 320 журналістаў з розных краёў, 100 фатаграфаў, 100 фільмовых і 150 радыё-рэпортэраў.

На зімовай сёлетняй Олімпіядзе былі, ясна, спартовыя ігры на сьнягу і лёдзе, а іменна: язда на лыжах, канькох і санках, скокі на лыжах, выконваньне на канькох розных даволі трудных хвігураў і інш.

Перад афіцыяльным адкрыцьцём іграў, яшчэ 2 лютага адбываліся пробныя скокі на лыжах. На гэтых пробных скоках найдалей скочылі наступныя спартоўцы: Эріксон Свэн (Швэд) — 81 мэтраў, Вальёмэн Ляврі (Фінляндзец) — 77 мэтраў, Марусаж Станіслаў (Паляк) — 77 мэтраў, Міккэльс (Амэрыканец) — 78 мэтраў і г. д. Падчас самых афіцыяльных іграў вынікі скокаў былі трохі меншыя. Першае месца ў скоках на лыжах і залаты олімпійскі мэдаль здабыў Біргэр Рунд (Норвэжац). Першае і другое месца ў фігуровай язьдзе на канькох жанчын заняла слаўная Соня Гэін (Швэдка).

Першае месца і залаты мэдаль за „Гокэй“ (ігра на лёдзе) атрымала Ангельская дружына. Агулам бяручы, паводле атрыманых залатых мэдалёў, паасобныя народы стаяць у наступным парадку: Норвэгія 7 мэдалёў, Швэцыя — 2 мэдалі, Фінляндыя — 1, Амэрыка — 1, Англія — 1 і Швайцарыя — 1. Іншыя народы залатых Олімпійскіх мэдалёў не атрымалі. Апрача залатых мэдалёў былі яшчэ прызнаваныя некаторым народам мэдалі сярэбраныя і бранзовыя.

Канчаючы гэты агляд, трэба толькі выявіць жаль, што на гэных Олімпійскіх іграх не павеваў наш беларускі сьцяг. Мы аднак верым, што ў будучыне, наш бела-чырвона-белы сьцяг, займе сваё месца між сьцягамі іншых народаў і на Олімпійскіх Іграх…

Ул. К.