Перайсці да зместу

Сярмяжнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сярмяжнік
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
Крыніца: http://knihi.com/Uladzislau_Halubok/Siarmiaznik.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Скажы мне, сярмяжнік! Скажы мне, маркотны!
Адкуль ты? Адкуль ты? З нядоляй сваей
Чаму век снуешся пуцінай гаротнай,
Чаму ты ўсіх чыста бядней і цямней?

Ці ты нарадзіўся ў такую часіну,
Ці кару якую зняволен адбыць?
Ці, можа, хто чары такія накінуў
І мучышся вечна - ні ў чым не ручыць.

Аж слёз не стрымаці, як губіш ты сілы,
Крывава гатоўлячы ніву к сяўбе:
Галодны, халодны да самай магілы,
Усё на пажытак людзям, не сабе.

А людзі! Што людзі! Яны не зважаюць
На працу, на чорную долю тваю,
Пагардаю кормяць, ваўком пазіраюць,
Ім толькі каб дуж быў варочаць зямлю.

Цярпі, мой ты браце, і вер, што настане
Сярмяжніку лепшае шчасце, жыццё.
Вер, будзе тваё на зямлі панаванне,
Навекі зваюеш ты гора сваё...

А покуль жа цёмна і сцежка блудліва,
Няпраўду ад праўды дзялі, аддзяляй,
І хоць цяпер мачыхай родная ніва,
Ты ў памяці мей свой народ і свой край.

(1911 г.)