Сялянская арыентацыя
Сялянская арыентацыя Публіцыстыка Аўтар: Змітрок Бядуля 1919 Крыніца: Звон, 1919. - №10 |
(Абразок з натуры)
У вёсцы N, у „Трудавой Савецкай Школе”, настаунік-камуніста склікаў сход, склікаў сялян на гутарку-агітацыю.
Лучына дыміла у клясе і мігаценьні агню малявало твары барадатых сялян у фантастычные абразы старасьвецкіх лясных жыхароў.
Твар у настаўніка-камуністы гарэў ад вялікай энэргыі, маладыя вочы зьялі. Голас яго зьвінеў:
„Таварышы! Ад майго простага сэрца да вашых простых сэрцаў я у вас папросту запытаюся: якая у вас орыентацыя?”
Вочы настаўніка-камуністы выяўлялі чаканьне, увесь ён быў падобны да вялікага знаку пытаньня.
Барадатые сяляне пачалі шаптацца. Ад шопату дайшлі да гутаркі, ад гутаркі да зычнага гоману.
„Рыянтацыя, тацыя, чартацыя", — чулося у паветры завэнджанай махоркаю школы.
— „Твае простые словы, пане настаўніку, для нас не зразумелы, ліхо на іх!“ — адважыліся сяляне адказаць настаўніку. — Што гэта азначае “’рыянтацыя"?
— Першым чынам ня панам завеце мяне, а таварышам. Памятайце! Орыентацыя гэта знача — вы да якой партыі належыце? Каму вы спрыяеце, таварышы: ці бальшавіком, ці немцам, ці польскім легіёнам? — закідываў іх настаўнік пытаньнямі, нібы макам.
Яшчэ большы шэпт, яшчэ зычнейшы гоман падняўся паміж сялянамі. Сходка гула на усе застаўкі. Потым высунуўся з грамады адзін стары чалавек, падышоў да самай лучыны, каторую хлопчык трымаў у руццэ, і зьвярнуўся да настаўніка:
— „Пане таварышу! У нас зусім простая „рыянтацыя”: хто не адбірае у нас хлеба і солі, хто ня бьець нас бізуном, за таго мы стаімо! Вось наша „рыянтацыя!” Хай сабе ен расіец, немец, паляк, бальшавік, ангелец — усе роўна. Вось наша „рыянтацыя!" Хто нашае веры не паганіць, хто нашых сьвятых абразоў пад ногі ня кідае, таго мы і паважаем — вось наша „рыянтацыя!" А стаім мы за сябе — хочам самі быць гаспадарамі сваёй зямлі — вось наша „рыянтацыя“!
— Контр-рэвалюцыя!! — грымнуў настаўнік — камуніста ва усю моц сваей глоткі — контр-рэвалюцыя! — паўтарыў ен, грозна азіраючыся па бакох.
„Контр-рэвалюцыя” — вырваўся слабы вокліч з грудзей старых дзядзькоў. Жах напаў на вясковых людзей: яны добра ведаюць, чым пахне „контр-рэвалюцыя" — вастрог і расстрэл. Гэта і простым людзям вельмі добра зразумело...
— Дзя... дзя... дзядзечка, вы... выбачай! м... м... мы гэта казалі ад простага сэрца... — заікаліся сяляне.
І „простые сэрцы” нанясьлі назаутрае настаўніку-камуністу цэлую гару сала і хлеба: „няхай, гад, нас, бронь Божа, ня выдасьць валасному спалкому, а то будзе „халэмус" нашым бедным галованькам.
- * *
Справа аб сялянскай „рыянтацыі" так-сяк улагодзілася: хлеб і сало памаглі.