Перайсці да зместу

Сялянка (Трус)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сялянка
Аўтар: Паўлюк Трус
Крыніца: http://exussr.ru/vershy/syalyanka

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Можа, сонныя з самага ранку,
Людзі знойдуцца — скажуць: «не лжы».
Дык няхай… Але працы сялянкі,
Я скажу, ты не знойдзеш мяжы.
Дзень працуе, а ўвечар на сходзе —
На успененым сходзе сялянак —
Аб жанчыне размову заводзіць,
Як даўней прыганяў яе пан.
Як даўней падняволле і здзекі
Панавалі над цёмнай жанчынай,
А нагайкі свісталі спрадвеку —
Учарашняга толькі ўспаміны.
Пракацілася бура паўстання,
Зруйнавала мінулае з дымам,
І заковану ў путы сялянку
Раскаваў волі светлай уздым.
Яна сёння зусім маладзіца,
Апавіта чырвонаю жычкай.
Паднявольнае сёння не сніцца,
Аб прыгнечанні ёй не кажы.
Больш па змучаным паншчынай карку
Бізун панскі не будзе гуляць.
Яна думае, як гаспадарку
На высокі узровень падняць,
І наладзіць дзіцячыя яслі
Яна ймкнецца ад шчырай душы,
Каб вясковыя дзеці не гаслі,
Не ўміралі ў сялянскай глушы.
У Савет, ў камітэт дапамогі
Яна йдзе без прыгону-панукі,
Ёй адчынены ўсюды дарогі
Да шырокае працы, навукі.
Шмат дзяўчат ужо там, ў камсамоле,
Шмат жанчын увайшлі ў КПБ.
Ну пашто ў полі ветрам сваволіць,
Калі ў сэрцы магутны імпэт.
Дык ідзі шлях-дарогаю Леніна,
Безупынна наперад ідзі,
Калі сэрца свабодай успенена,
Калі волі ўзышоў маладзік.