Перайсці да зместу

Сябры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сябры
Апавяданне
Аўтар: Леанід Рудніцкі
Крыніца: Беларусь № 3 — 1920

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I.

Студэнт, Мікола Каравайчык, на раніцы піў гэрбату ў сваёй кватэры. З ім, за доўгім сталом, сядзелі яго сябры: Гусяцкі і Кабыла, і таксама пілі гэрбату. Пакой гэты яны наймалі за грошы ў аднае немкі, Марты Іванаўны. У другім пакоі яны займаліся навукамі; тутака, за завесай, стаялі іх пасцелі.

Сябры Міколы былі досыць паважны.

Гусяцкі быў тоўсты, чырвоны, як рак, а валасы на галаве былі трохі рыжыя; таксама рыжыя былі і вусы; росту ён быў сярэдняга. Па натуры ён быў маўчаліў і спакойны. Калі ў яго пыталіся аб чым, дык ён, пускаючы дым з цыгаркі, казаў:

— Так, так.

У другі раз пыталіся, — ён ізноў казаў:

— Пэўна, пэўна!

Ці цераз зубы цадзіў:

— Вядома, вядома, зразумела.

Сябар Кабыла быў яшчэ паважнейшы. Доўгі, як жэрдка, чорны ды лахматы. Твар яго, сапраўды, падгуляла ад кожнадзённай выпіўкі, бо без гарэлкі ў яго не праходзіла ніводнага дня. Шмат дадаваў яму важнасці яго бас, якім ён пеў у розных хорах, дзе прыдарывалася.

Мікола Каравайчык быў ціхі, як ягнёнак.

Адно яму часта шкодзіла: дужа ён любіў сваіх сяброў ды вадзіў з імі кумпанію, а сябры й карысталі з гэтага, бо кішэнь у Міколы быў, як кажуць, дыравы, і грошы ў ём не трымаліся. Як толькі сябры чулі, што Мікола атрымліваў з дому грошы, яны, ведаючы дабрату Міколіну, прыходзілі да яго й віталі з тым, што ён атрымаў грошы.

Вядома, з гэтай радасці трэба было выпіць ды закусіць, а апасля і ў карты пайграць.

Міколу ўсе любілі: ён для сяброў гатоў быў хоць у вагонь і воду, але часта карысталі з гэтай яго дабраты сябры, якіх клічуць «забулдыгамі».

Хоць сабе ўчора. Сябры йгралі ў карты. Мікола трохі праіграў. Было позна. Сябры расходзіліся.

Мікола не меў моцы кінуць ігру, пакуль не астаўся іграць з Кабылай. Кабыле шанцавала, і ён абдуў усіх сяброў. І трэба было Міколе астацца з ім! Ён, сапраўды, хацеў кінуць ігру, але Кабыла папрасіў яго:

— Ну, што ты, Мікола? Паіграем яшчэ; што табе стоіць?

Як было адказаць свайму сябру! Мікола ніколі не адказваў, калі яго прасілі.

— Ну, што з табой зробіць? Трохі пайграем, — кажа Мікола.

Яны й пайгралі.

Тым часам, Міколіны грошы з яго кішэня ды перайшлі ў кішэню Кабылы.

Аб гэтым з сумам успамінаў сёння Мікола, шкадуючы, што астаўся саўсім без грошы.

Ён сядзіць за гэрбатай, охае ды ўздыхае:

— Ах, Божа ж мой! Не хочу есці…

Гэта не праўда. Мікола любіў паесці. Сёння ён ужо з’еў вялікі кавалак сала, выпіў шклянку малака, — а шклянка гэткая, што ў яе тры шклянкі ўлезе, — на рэшце піў гэрбату з малаком ды булкай, а ўсё сумаваў.

— Ах, ліха яму! Відаць, я хворы, бо не хочу есці.

Паснедаўшы, сябры збіраюцца ў другім пакоі. Тута яны працуюць па розным навукам, каб здаць экзамены, ці, як кажуць, зачоты.

На лекцыі гэтыя сябры хадзілі рэдка.

У кожнага сябра есць шафа з кнігамі.

У пакой увайшоў Мікола, сумны, ды сеў на канапу.

Сядзіць, заклаўшы адну нагу за другую, ды цяжка ўздыхае.

— Ах, Божа мой, Божа мой! — шэпча пра сябе.

Тады ідзець к шафе, адчыняе яе ды згінаецца, стоячы на дыбачках.

Трымае аднэй рукой за дзверцу шкапы, сумна глядзіць на апошнюю паліцу, як быццам хоча пашукаць кніжкі; але на гэта ў яго не хапае адвагі.

Якіясь думкі захапілі яго мазгі, і ён усё роўна як застыў перад шафай, стоячы на дыбачках.

Думкі гэтыя сумныя, бо Мікола дужа цяжка ўздыхае.

— Што з вамі, Мікола? Чаму не працуеце? — звяртае увагу на яго ўздохі Гусяцкі.

— Няма ахвоты — кажа Мікола, і яшчэ некалькі мінут астаецца так сама стаяць каля шафы.

Тым часам Кабыла, сказаўшы, што яму трэба пайсці спяваць у якісь-та хор, выйшаў.

— Ізноў прыдзе сёння п’яны, — кажа Мікола.

— Так, так. Гэта пэўна, — сказаў Гусяцкі і закурыў цыгарку.

— Ах, Божа мой! Кепска, калі грошы няма ў кішэні, — жаліцца Мікола.

— Пэўна, пэўна. Вядома, без грошы кепска. Прайгралі Кабыле? — пытае Гусяцкі.

— Прайграў, ды во — чакаю, што прышлюць грошы з дому ў хуткім часе.

— Зразумела, прышлюць. Без грошы не аставяць.

— Я вам тады, калега, аддам грошы і дужа буду прасіць схаваць іх. Ці добра?

— Добра, ды што толку? — кажа Гусяцкі.

Ён усміхнуўся.

— Ізноў будзеце прасіць кожны раз вярнуць вам грошы, пакуль усе прадуеце.

— Ведаеце, калега, — я напішу на паперцы, што больш граць не буду і распішуся ў тым.

— Так, так. Ды што толку?

Мікола піша нешта на паперы і падае Гусяцкаму.

— Ха, ха, ха, — смяецца той, чытаючы паперу:

— «З гэтага дня абяцаюсь не граць у карты, а калі сяду граць, дык атрымаю па карку ад сябра Гусяцкага».

— Так, так, гэта пэўна, — цягне Гусяцкі, пускаючы дым, — ды не саўсім. Справа ў тым, што прападзе ваша абяцанка, як было і раней. Успомніце, як я клікаў вас, прасіў не граць, ды паказваў вашу пісульку, а што вы на гэта? Пайграю яшчэ гадзінку, кажаце, а на пісульку гэтую самую і увагі не звярнулі, пакуль нічога ў кішэні не асталося.

— На гэты раз я зраблю акурат, як напісаў.

— Як жа? на гэты раз вам ніхто не паверыць, — кажа Гусяцкі.

— Во, ліха яму, — хапаецца за галаву Мікола, — што ж мне рабіць?

Ён сеў за лекцыі, але праца не йдзе ўперад.

Пачакаўшы, ён звярнуўся да сябра.

— Калега, пазычце рублік — ціха кажа Мікола.

Гусяцкі ўжо чакаў гэтага. Ён ведаў, што Мікола ў кожнага з сяброў, якога сустрэне, возьме па рубліку, запіша ў сваю кніжачку і аддасць пазычаныя рублікі ў першы дзень, як толькі атрымае грошы. Зразу ён вынуў з кішэні крэдытку і даў Міколе. У Міколы адлягло ад сэрца. Ён пачаў чытаць, а потым пайшоў да сяброў пазычаць грошы.

У абед Мікола з Гусяцкім успомнілі пра свайга сябра.

— Кабыла не прышоў. Ці не закуціў толькі ён? — сказаў Мікола, ў каторага ўсякая хвароба прайшла, бо ён досыць пазычыў грошы.

— Пэўна, так, — кажа Гусяцкі, — як жа ён можа не закуціць, калі шмат грошы ў кішэні, ажна кішэню распіраюць. Зразумела, ён вярнецца саўсім п’яны, як сцелька. Будзем чакаць. Гэта не ў першы раз.

Увайшла Марта Іванаўна ды паставіла нейкую смачную страву на стол.

II.

Сябры ўжо супакоіліся і палеглі ў свае пасцелі, як пачулі нейкі грук. Гусяцкі ўсхапіўся з пасцелі ды запаліў свечку. Дзверы з грукам адчыніліся, — пачуўся, як коньскі топат. Перасувалася ўперад якоесь вялікае, цяжкае цела, а гэтае цела нехта з усей моцы падтрымліваў, каб яно не ўпала.

Гэта адзін з калег вёў свайго сябра, Кабылу, які не меў, як кажуць, розуму ў нагах.

Гэты сябар ледзьве дацягнуў цела сябра і кінуў яго на пасцель. Кабыла хрыпеў і нешта лапатаў, хоць язык і не дужа яго слухаўся.

Гэты сябра быў такі самы забулдыга, як і Кабыла. Клікалі яго — Сашка Нябыткін. Усё ж ён меў больш розуму ў нагах, чымся Кабыла, і спачуваў свайму сябру.

— Не, я цябе, браток Кабылка, так не пакіну, — кажа Сашка.

— А? што ты кажаш?, — хрыпла басіць Кабыла.

— Я цябе, брат, гэткага не пакіну, — ізноў кажа Сашка.

— Пашоў вон адсюль, — прахрыпеў бас.

— Як пашоў вон? Не, не пайду. Я мушу цябе перш-на-перш раздзець, а тады — ў пасцельку ўлажыць.

— Пашоў вон, чуеш? Я не хачу.

— Не, я не пайду, — кажа Сашка і пачынае раздзяваць Кабылу. Той ляжыць, як бервяно, толькі бармоча.

— Пайшоў прэч, адвяжыся!

Сашка, не слухаючы, тым часам раздзяваў яго.

— Кінь, кінь! Во ахвота ўзяла! Пусці! Прыліп, як смала, — адмахіваецца Кабыла.

Сашка маўчыць. Ён, хістаючыся, то зразу матнецца да сябра, то адкінецца ў бок. Ледзьве сам на нагах трымаецца, а сваей працы не кідае.

Ось ён ухапіўся за бот Кабылы і цягне яго з усей моцы; пачырванеў, як рак, і вочы як не вылезуць.

— Ус-сэрдзіе не па розуму, — хрыпіць Кабыла.

Моцна ірвануўшы, Сашка адляцеў з ботам ды так і бразнуўся аб падлогу.

Кабыла зарагатаў. Гусяцкі і Мікола тож вельмі зацікавіліся гэтай сцэнай.

Сашка устаў.

— Нічога, — кажа, — давай другі бот.

Так сама ён сцягнуў і другі бот.

Раздзеўшы сябра, ён накрыў яго коўдрай.

— Ну, цяпер, браток, спі сабе пакойна, — кажа ён і пайшоў да свае кватэры, шарпаючы нагамі па падлозе.

Усю ноч быў у гарачцы Кабыла: то равеў, як звер, то пеў басам, як у хоры!

На раніцы ён скінуў з сябе коўдру ды тросся ад холаду.

— Брр, брр-брр, басіў Кабыла, але не знайшоў у сябе розуму ўзяць коўдру з зямлі.

А пасля гэтага, сябры чулі, што Кабыла вазіўся на пасцелі ды рваў нейкую адзежу.

Як была пара ўставаць, Гусяцкі прачнуўся і ўбачыў, што Мікола сядзіць на пасцелі сумны і трымае ў руках нейкую адзежыну, а Кабыла ляжыць пад коўдраю і грэецца, хлопаючы мутнымі вачмі.

— Свіння ты, Кабыла, — кажа Мікола з жалем у голасе, — парваў мае порткі.

Тут толькі Гусяцкі ўбачыў, што Мікола трымаў у руках палавіну гэтай адзёжы.

— Што мне робіць? — кажа Мікола.

— Што ты, Мікола, — адазваўся Кабыла, — не можа таго быць: я свае, здаецца, надзяваў.

— Да не, парваў. Свіння ты, свіння!

— А мо й парваў, — кажа Кабыла, — а дзе ж другая палавіна?

Ён узяў з другога століка, які стаяў з другога боку пасцелі, другую палавіну і падае Міколе. Сябры паняволе рагаталі, а тым часам Мікола сядзеў, як убіты.

Кабыле трохі было брыдка, і ён казаў:

— Ды не, ты ж, браточку, даруй мне. Ведаеш, уночы мне стала халодна, а коўдры няма, — яна скінулася — няхай яму трасца!. Я й пачаў адзявацца, ды ўзяў адзёжу з твайго століка. Вядома, твае порткі да мяне не прышліся; ну, вядома, й трэснулі па швох. Ты мне даруй, браточку, а я табе іх зашыю.

Міколе ад гэтага не было лягчэй, але і ён засмяяўся, бачучы, як рагочуць яго сябры.

Удзень ён меў вялікую ўцеху.

Прыйшла на яго імя павестка на грошы. Ён іх атрымаў і дужа быў рады. Ён ужо ведаў, што сёння прыдуць яго сябры, каб прывітаць яго, і будзе вясёлы баль.


24 снежня 1919 г.