Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936)/Гісторыя прабываньня Іі­суса Хрыста на зямлі ад Уваскрасеньня да Ўзнясеньня Яго на неба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Апошнія дні Госпада Іісу­са Хрыста на зямлі Гісторыя прабываньня Іі­суса Хрыста на зямлі ад Уваскрасеньня да Ўзнясеньня Яго на неба
Падручнік сьвятой гісторыі
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гісторыя прабываньня Іісуса Хрыста на зямлі ад Уваскрасеньня да Ўзьнясеньня Яго на неба.

82. Уваскрасеньне Іісуса Хрыста.

Мат. XXVIII, 1—15; Мрк. XVI, 1—11; Лук. XXIV, 1—12; Іоан. XX, 1-18.

У першы дзень пасьля суботы, ці трэці па сьмерці, глыбокаю раніцаю Гасподзь Іісус Хрыстос сілаю Свайго Божаства, абкружаны нябесным зьзяньнем, чудоўна уваскрос з мёртвых.
Пры гэтым сталася вялікае землятрасеньне. З неба зыйшоў Ангел Гасподні, які адваліў камень, што закрываў уваход у пячору. Выгляд Ангела быў сьветлы як маланка, і адзеньне белае, як сьнег. Ваякі, якія нясьлі варту, ад страху пападалі на зямлю і зрабіліся як няжывыя. Ачуняўшы, пабеглі ў горад паведаміць аб усім першасьвяшчэньнікаў. Тыя зараз-жа склікалі нараду, запрапанавалі ваякам грошы і навучылі іх казаць, быццам уночы, калі яны спалі, прыйшлі вучні Іісусавы і ўкралі цела Яго. „А калі даведаецца аб гэтым Пілат, — сказалі — мы пераканаем яго і вам ня будзе ніякае кары“. Ваякі ўзялі грошы і зрабілі, як былі намоўлены. „І праняслося між юдэямі слова іхнае (непраўдзівае) ажно да сяньняшняга дня“, заўважвае Евангелісты.
Тым часам ішлі на магілу Госпада — гэта было яшчэ вельмі рана — Марыя Магдаліна і некаторыя іншыя жанчыны, нясучы прыгатаваныя масьці (мѵро), каб памазаць Цела. Жанчыны ня ведалі, што ля магілы пастаўлена стража і таму дарогаю вельмі непакоіліся, кажучы: „Хто адваліць нам камень ад дзьвярэй гробу (камень быў вялікі)“? Марыя Магдаліна першая прыйшла на магілу. Калі яна ўбачыла, што камень адвалены ад гробу, дык адразу, нават не ўваходячы ў пячору, павярнула назад у Ерусалім, каб паведаміць Апосталаў Пятра і Іоанна. „Узялі Госпада з гробу

Уваскрасеньне Іісуса Хрыста.

і ня ведаем, дзе палажылі Яго“, спосьпеху сказала яна ім. Тыя схапіліся, каб зараз-жа пабегчы на магілу. Але вось падыйшлі да магілы іншыя мvраносіцы. Гэта былі: Іоанна, Марыя, маці Якава і іншыя. Глядзяць — камень адвалены, і на ім сядзіць Ангел. Яны вельмі перапалохаліся. Але Ангел прамовіў да іх: „Ня бойцеся! Я ведаю — вы шукаеце Іісуса расьпятага. Ён уваскрос. Пайдзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Гасподзь“. Калі яны ўвайшлі ў пячору, дык убачылі другога Ангела, які сказаў ім: „Што шукаеце жывога між мёртвымі? Ён уваскрос. Яго няма тут. Вось месца, дзе быў паложаны. Пайдзеце хутчэй і скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос і йдзе перад вамі ў Галілею. Агорнутыя страхам і радасьцю, жанчыны-мvраносіцы пабеглі ў места да Апосталаў. Чуюць яны іх апавяданьне і проста ня вераць сабе. Вучыцель уваскрос? Ангелы ля гробу Госпадавага?» І паказаліся ім — кажа Евангелісты Лука — словы жанчын пустымі, і не паверылі ім».
Тымчасам на магілу беглі Пётр і Іоанн. Апошні аперадзіў Пятра і прыбег першым. Нахіліўшыся ў пячору, але не ўваходзячы ў яе, Іоанн убачыў толькі ляжаўшыя палатніны. Тут падходзіць Пётр. Гэты ўвайшоў у пячору, але таксама ўбачыў толькі палатніны і хустку, што была на галаве Яго, і ня разам з палатнінай, але асобна скручаную на другім месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што раней прыйшоў да магілы (Іоанн), і ўбачыў і ўвераваў. Абодва вучні пасьля гэтага вярнуліся дамоў. У пячоры засталася толькі прыбегшая сьледам за Пятром і Іоаннам Марыя Магдаліна. Яна стаяла тут і ціха плакала. „Жанчына! чаго ты плачаш?“ — пачуўся раптам нечы голас. Уздрыгнуўшы, яна нахілілася да гробу і бачыць двох Ангелаў у белым адзеньні, седзячых адзін угаловах, другі ўнагах, дзе ляжала Цела Іісуса. Яна кажа ім: «Забралі Госпада майго, і ня ведаю, дзе палажылі Яго». Сказаўшы гэтае, Марыя аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Іісус, але не пазнала, што гэта Ііcyc. І кажа ёй Іісус: „Жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш?“ Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты палажыў Яго?» Іісус кажа ёй: «Марыя!» Яна па голасу адразу пазнала яго. Зьдзіўленая і радасна ўзварушаная, Марыя міма свае волі ўсклікнула: „Мой Гасподзь і Вучыцель!“ Пры гэтых словах яна кінулася да ног Яго і сьлязьмі радасьці хацела абмыць ногі Яго, але Гасподзь сказаў ёй: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Maіх і скажы ім: «узыходжу да Айца Майго і Айца вашага і Бога Майго і Бога вашага».
Калі Марыя Магдаліна вярталася ад гробу ў Ерусалім, яна спаткалася з другой Марыяй. Да іх далучыліся і іншыя жанчыны, якія прыходзілі да гробу. Раптам перад імі стаў Іісус і сказаў: «Радуйцеся!» Узварушаныя і перапалоханыя, яны ўхапіліся за ногі Яго, каб іх цалаваць, і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Іісус: «Ня бойцеся! пайдзеце, абвясьцеце вучням Маім, каб ішлі ў Галілею — там яны Мяне ўбачаць».
Марыя Магдаліна і іншыя жанчыны расказалі Апосталам, што Гасподзь уваскрос з мёртвых, але тыя не паверылі словам іх.
Як гаворыць паданьне, Гасподзь раней за ўсіх зьявіўся Сваёй маці.

Трапар сьвята.

Хр҃то́съ воскре́сеизъ ме́ртвыхъ, сме́ртію сме́рть поправъ, й сꙋщымъ во гробѣ́хъ живо́тъ дарова́въ.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, зьніштожыўшы сьмерцю смерць, і падаючы жыцьцё тым, што знаходзяцца ў грабох.

83. Уваскросшы Хрыстос зьяўляецца двом вучням, таксама Апосталам у дзень уваскрасеньня.

Марк. XVI, 12—13; Лук. XXIV, 13—48; Іоан, XX, 19—23.

У дзень уваскрасеньня два вучні Хрыстовы, Лука і Кляопа, ішлі ў вёску Эмаус, недалёка ад Ерусаліму (11—12 клм.). Дарогаю яны, сумуючы, гутарылі між сабою аб усіх нязвычайных здарэньнях гэтага дня. Раптам падходзіць да іх Іісус, хоць яны не пазналі Яго, бо вочы іх былі стрыманы. Іісус і кажа: «Аб чым гэта вы разважаеце між сабою? І чым засмучаны?» Кляопа адказвае: «Ці-ж Ты адзін ня ведаеш, што сталася ў Ерусаліме ў гэтыя дні?“ Гасподзь тады пытаецца: «А што?» У адказ абодва яны пачалі гаварыць, што вось быў Іісус Назаранін — Прарок, «моцны дзелам і словам перад Богам і ўсім народам», але архірэі і начальнікі жыдоўскія выдалі Яго на сьмерць і расьпялі Яго». А мы — кажуць — спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які збавіць Ізраіля. Вось ужо трэці дзень, як Ён памёр і пахаваны. Дарэмныя былі нашыя надзеі. Хоць праўда, — некаторыя з нашых жанчын зьдзівілі нас, кажучы, што Ён жывы, бо як хадзілі раніцай на магілу, дык не знайшлі Яго там, да таго-ж бачылі Ангелаў, якія сказалі, што Ён уваскрос. Тады Іісус, закінуўшы ім, „бязмыснасьць і павольнасьць сэрца“, пачаў тлумачыць ім усё, што казана было прарокамі аб Хрысьце ў Старым Завеце, пачынаючы ад Майсея: „Ці-ж ня гэтак і треба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?“ Вучні з вялікаю ўважлівасьцю слухалі Спадарожніка і не агледзіліся, як падыйшлі да вёскі. Хрыстос паказаў від, што хоча йсьці далей. Але яны затрымлівалі Яго, кажучы, што вось і вечар ужо падыходзіць. Ён увайшоў у дом і застаўся з імі. І калі сядзеў за сталом з імі, то, ўзяўшы хлеб, багаславіў, паламаў і падаў ім і тады адкрыліся іх вочы і яны пазналі Яго. Але Ён стаў нявідным для іх. І пачалі дзівіцца, як гэта не пазналі Яго, калі гутарылі з Ім дарогаю. «Ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?» — казалі яны адзін аднаму.
Узрадаваныя, што бачылі Госпада ўваскросшага, Лука і Кляопа сьпяшаюцца ў Ерусалім падзяліцца сваёю радасьцю з Апосталамі. Яны знайшлі разам усіх адзінаццаць і некаторых вучняў, якія былі з імі: яны гаварылі, што запраўды Гасподзь уваскрос і зьявіўся Сіману. У сваю чаргу Лука і Кляопа расказалі, што здарылася з імі ў дарозе, і як пазналі Яго пры ламаньні хлеба.
Калі яны так гутарылі (а дзьверы дому таго былі зачынены, бо сабраныя баяліся жыдоў), раптам стаў сярод іх Сам Хрыстос і прывітаў словамі: «Мір вам». Яны, здумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць не Яго Самога, а Дух Яго. Але Іісус сказаў ім: «Чаго здумеліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае: гэта Я Сам. Ашчупайце Мяне і разгледзьце, бо дух ня мае цела і касьцей, а Я — як бачыце — маю». Сказаўшы гэта, Хрыстос паказаў ім рукі і ногі Свае. Але яны ад радасьці яшче ня верылі і дзівіліся. Тады, каб даць ім новы доказ, што перад імі стаіць ня Дух, Гасподзь папрасіў есьці. Яны падалі Яму частку рыбы і сотавага мёду. Хрыстос, узяўшы, еў перад імі. Пасьля гэтага пачаў гаварыць аб тым, як выпаўнілася ўсё, напісанае аб Ім у Законе Майсеевым і ў прарокаў. «І расчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня». На заканчэньне Хрыстос сказаў ім: „Так напісана і так належала цярпець Хрысту і ўваскроснуць з мёртвых на трэці дзень, і так мае быць прапаведана ўва ўсіх народах пакаяньне і адпушчэньне грахоў у імя Яго. Вы-ж сьведкі гэтага. Таму і пасылаю абяцанае Айцом Маім на вас: прымеце Духа Сьвятога (пры гэтых словах Гасподзь дыхнуў на іх): каму адпусьціце грахі, таму адпусьцяцца, а на кім пакінеце, на тым застануцца». Сказаўшы паўторна: «Мір вам!» Гасподзь стаў нявідным.

84. Паўторнае зьяўленьне Іісуса Хрыста Апосталам пры Ап. Фоме.

Іоан. XX, 24—29.

Аднаго толькі Ап. Фамы — так званага Блізьнюка — ня было з імі, калі зьявіўся ім Іісус. Другія вучні пераказалі Фаме: „Мы бачылі Госпада“. Але ён ня верыў і толькі паўтараў: „Не паверу, пакуль не даткнуся пальцам маім да ранаў Яго ад гваздоў, і не ўлажу рукі мае ў бок Яго, прабіты пікаю“.
Прайшоў тыдзень. У першы дзень наступнага тыдня[1] Апосталы сабраліся ізноў усе разам; быў і Фама з імі. Як і ў той раз, дзьверы пакою былі зачынены. Раптам зьявіўся і стаў пасярэдзіне іх Гасподзь і сказаў усім: „Мір вам!“ Пасьля Гасподзь зьвярнуўся да Ап. Фамы і сказаў яму: „Дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўлажы ў бок Мой, і ня будзь няверным, але верным“. Фама паслухаўся, і ашчупаў пальцамі раны Госпада. „Гасподзь мой і Бог мой!“ з глыбокім перакананьнем і вераю выклікнуў Ап. Фама, і пакланіўся Яму. «Ты паверыў — сказаў яму Хрыстос — бо бачыў Мяне, але шчасьлівыя тыя, якія ня бачыўшы павераць“.
І многа — дадае Евангелісты — зрабіў Іісус чудаў перад вучнямі Сваімі, аб якіх не напісана ў сьв. Евангельлі. „А гэтае ўсё напісана, каб вы паверылі, што Іісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і веруючы мелі жыцьцё ў імя Яго“.

85. Зьяўленьне Іісуса Хрыста Апосталам на моры Тывэрыядзкім. Ўзнаўленьне апостальскае годнасьці Ап. Пятра.

Іоан. XXI, 1—25.

Калі скончылася сьвята Пасхі, Апосталы пайшлі ў Галілею, куды Хрыстос накіраваў іх праз Ангела і жанчын-мvраносіц. Там яны, чакаючы ўрачыстага зьяўленьня Хрыста, ізноў заняліся кожын сваёю працаю.
Аднаго разу Сіман Пётр, Фама, Нафанаіл з Каны Галілейскае, сыны Завядзеевы і яшчэ двох іншых з вучняў Яго лавілі рыбу на моры Тывэрыядзкім. Працавалі цалюсенькую ноч, а не злавілі нічога. На сьвітаньні —бачаць — стаіць на беразе нейкі Чалавек. Яны не пазналі Яго. А гэта быў Хрыстос. Вось Хрыстос і кажа: „Дзеці! Ці ёсьць у вас якая-небудзь ежа?“. Яны адказалі: „Няма“. Тады Ён сказаў: „Закіньце сеці на правы бок чоўна і зловіце“. Яны закінулі, але ўжо не маглі выцягнуць сеці: так многа было ў іх рыбы. Здарэньне гэта мімаволі напомніла ім падобны выпадак з недалёкага мінулага, калі таксама, па слове Госпада, мелі чудоўна вялікі лоў. „Гэта Гасподзь! — кажа Пятру Іоанн — найлюбшы вучань Госпада. Пётр, ня чуючы сябе ад радасьці, хапае першую вопратку,

Зьяўленьне Іісуса Хрыста Апосталам на моры Тывэрыядзкім.

якая была на борце, падперазаўся (бо быў голы) і кінуўся ў мора, каб хутчэй дабрацца да берагу і пакланіцца Госпаду. Іншыя вучні (яны былі недалёка ад берагу, локцяў каля 200) прыехалі ў чоўне, цягнучы за сабою сеці. Выйшаўшы на бераг, усе радасна прывіталі Госпада. А на беразе ўжо быў разьведзены агонь, на якім пяклася рыба; быў тут і хлеб. Іісус Хрыстос загадаў прынясьці і тае рыбы, якую цяпер злавілі. Пётр пайшоў і выцягнуў на землю сець, поўную вялікіх рыбаў; іх было сто пяцьдесят тры, і пры гэтым мностве сець не прарвалася.

Усе селі абедаць. Гасподзь узяў хлеб і даў Апосталам; таксама і рыбу. Усе елі моўчкі; ніхто не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?» бо ўсе ведалі, што гэта Гасподзь.
Падчас абеду Гасподзь пытаецца ў Пятра: „Сіман Іонін! ці любіш ты Мяне больш, як яны?“ Пётр кажа яму: „Так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю Цябе“. Іісус кажа яму: „Пасі авечкі Мae“. Пётр ведаў, чаму Гасподзь так пытаецца ў яго. То-ж тры разы выракаўся Пётр Свайго Вучыцеля, калі ворагі ўзялі яго, каб загубіць. Пётр справядліва лічыў сябе пазбаўленым у Госпада даверу, без якога ня мог заставацца Апосталам. Вось чаму Хрыстос зьвяртаецца цяпер да аднаго толькі Ап. Пятра, а не да ўсіх Апосталаў. Бачачы веру і адданасьць Пятра, Гасподзь хоча вярнуць яму яго Апостальства. Даручэньнем „Пасі авечкі Мае“ Гасподзь выбачаў Пятру ягонае зраканьне і вяртаў годнасьць Апостала.
Тры разы — і ўсё аднолькава пытаецца Гасподзь у Пятра, ці любіць ён Яго, і на станоўчае сьцверджаньне апошняга, што любіць, Гасподзь тры разы паўтараў яму: „Пасі авечкі Мае“. Гасподзь не хацеў мучыць Ап. Пятра, а толькі хацеў, каб ён трыкротным сьведчаньнем загладзіў сваю віну перед Ім. Пётр напасьледак быў засмуціўшыся, ня ведаючы як і адказваць, „Госпадзі! кажа: Ты ўсё ведаеш. Ты ведаеш, што я люблю Цябе“. — „Пасі авечкі мае!“ адказаў яму Гасподзь. Пасьля таго Гасподзь сказаў Пятру: „Калі ты быў малады, дык падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як будзеш стары, дык выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпяража і павядзе, куды ня схочаш“. Гэтымі словамі Гасподзь паказваў, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога[2]. Сказаўшы гэтае, Іісус пайшоў уздоўж берагу і паклікаў Пятра: „Ідзі за Мною“. Пётр пайшоў, і пад уражаньнем толькі што выслуханага прадказаньня спытаўся, паказваючы на Іоанна, які йшоў за імі: „Госпадзі! а ён што?» — Іісус кажа яму: „Калі-б Я хацеў, каб ён ператрываў пакуль прыду, што табе да гэтага? Ты йдзі за Мною!“ Хрыстос як-бы так гаварыў: калі-б Я захацеў, каб Іоанн ніколі не памёр, а застаўся жывы да другога Майго прыходу, дык што табе, Пётр, да гэтага? Словы Госпада вучні зразумелі літаральна, чаму вось і пайшла гутарка між вучнямі, што Іоанн не памрэ, хоць Гасподзь зусім гэтага не сказаў (Іоанн памёр сваёю сьмерцю ў глыбокай старасьці, у пачатку II веку пасьля Р. Х.).

86. Зьяўленьне Іісуса Хрыста Апосталам і больш як 500 вучням на гары Галілейскай.

Maт. XXVIII, 16—20; Mpк. XVI, 15—18.

Найбольшаму ліку Сваіх вучняў Гасподзь зьявіўся на аднэй гары ў Галілеі — там, дзе пераважна вучыў да Сваей сьмерці. Апрача Апосталаў, было тут больш як 500 Ягоных вучняў і пасьледавальнікаў. Усе яны з радасьцю чакалі Госпада, Які Сам вызначыў тут сабрацца. Калі зьнячэўку Хрыстос стаў пасярод іх, яны пакланіліся Яму. Аднак раптоўнае зьяўленьне Хрыста выклікала ў некаторых сумненьне. Яны не разумелі той перамены, якая сталася з цялеснай істотай Хрыста з часу Яго слаўнага ўваскрасеньня, — не разумелі, бо ня мелі яшчэ Духа Сьвятога, Які навучыў-бы іх усяго.
Калі Хрыстос падыйшоў бліжэй, сабраныя пачулі з вуснаў Яго такія вялікія, уладныя словы: « Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Таму ідзеце, навучайце ўсе народы, хрэсьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўняць усё, што я загадаў вам. Хто ўверуе і ахрысьціцца, спасёны будзе; хто-ж ня ўверуе, засуджаны будзе. Для ўвераваўшых будуць гэтыя знаменьні (чуды): імем Маім дэманаў выганяцімуць, новымі мовамі гаварыць будуць, зьмеяў браць будуць, і калі-б што сьмяротнае выпілі — не зашкодзіць ім, паложаць рукі на хворых, і тыя здаровымі будуць».
Вялікі страх агарнуў Апосталаў, калі яны пачулі гэты наказ: Гасподзь гаварыў аб сваёй уладзе ня толькі на зямлі, але і на небе; Гасподзь надзяляў іх такою вялікаю сілаю; напасьледак, Гасподзь пасылаў іх — бедных, простых, неадукаваных людзей, мо’ ніколі не пераступаўшых межаў свайго краю, — пасылаў навучаць словам Евангельля «ўсе народы». Ня дзіва, што іх апанаваў страх і замяшаньне. Аднак Гасподзь тут-жа заспакоіў іх абяцаньнем: „Я буду з вамі ўва ўсе дні да сканьчэньня веку. Амінь».
Апрача гэтага зьяўленьня, Гасподзь зьявіўся яшчэ Апосталу Якаву, як аб гэтым успамінае Апостал Павал (I Кар. XV, 7), хаця калі і дзе зьявіўся — няведама.
Адыходзячы Гасподзь загадаў Апосталам сабрацца ў Ерусаліме і там чакаць, пакуль не агарнуцца сілаю звыш.

87. Узьнясеньне Госпада на неба (Ушэсьце).

Мрк. XVI, 19; Лук. XXIV, 49—53; Дзеян. I, 1—26.

У 40 дзень па ўваскрасеньні Госпада Апосталы былі ўсе сабраныя ў аднэй Ерусалімскай сьвятліцы. Раптам паміж імі стаў Гасподзь, вітаючы, як заўсёды, словамі: «Мір вам». Пачалася (апошняя) разьвітальная гутарка. Гасподзь паўтарыў перад імі ўсё Сваё вучэньне і паказаў, як споўніліся на Ім усе праракаваньні Старога Завету — ўсё, што напісана аб Ім „у законе Майсея, у прарокаў, і у псалмох“. У прамове Хрыста да вучняў было яшчэ шмат незразумелага для іх, таму Гасподзь «адкрыў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня». І сказаў: „Так напісана, і так належала Хрысту пацярпець і ўваскроснуць з мёртвых у трэці дзень, і так будзе прапаведана

Узьнясеньне Госпада на неба.

ў імя Яго пакаяньне і дараваньне грахоў сярод усіх народаў, пачынаючы ад Ерусаліму. Вы-жа сьведкі таму. І вось Я пашлю вам абяцанае Айцом Маім“. Апосталы з усёю праніклівасьцю слухалі Вучыцеля, больш і больш усьведамляючы сабе тайну Божаскага пасольства Яго ў сьвет і тайну будаўніцтва заснаванага Ім Царства Божага на зямлі. Аднак, блізкасьць расстаньня не магла ня нудзіць іх сэрца, хаця і цешылася яно тым абяцаньнем, якое даў Ім Гасподзь.
Калі гутарка скончылася, Гасподзь вывеў вучняў з места і пайшоў з імі ў кірунку Віфаніі, на гару Аліўную. „Ці ня ў гэтым толькі часе, Госпадзі, адбудуеш ты Царства Ізраілю?“ — спыталіся дарогаю ў Госпада Яго вучні, да апошняе мінуты не пакінуўшыя пагляду на Хрыста, як на заснавальніка перш за ўсё зямнога, магутнага і слаўнага Царства Ізраіля. Ажно дасюль Яны заставаліся сынамі больш „царства Ізраіля“, як сынамі „Царства Божага“ і насьледнікамі „Царства Нябеснага!“ Хрыстос адказаў ім: „Ня вам ведаць час ці пару, што вызначыў Айцец у ўладзе Сваей. Але прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце сьведчыць аба Мне ў Ерусаліме і ўва ўсёй Юдэі! і Самарыі, ды ажно па край зямлі“.
Спадарожныя падняліся на самы верх Аліўнае гары. Які чароўны від! Пад нагамі разлёгся пышны, багаты Ерусалім: там на схіле гары ўся цьвітучая, прыгожая Віфанія, там блакітныя горы, між імі быстраводны Іардан, а там далёкае, далёкае сіняе мора… Колькі разоў быў тут на гары Гасподзь з Сваімі вучнямі! Колькі ўспамінаў і думак нёс у душу гэты краявід! Аднак агорнутых сумам вучняў Госпада нішто цяпер ня можа захапіць ці ўзварушыць.
Прыйшоў і час расстаньня. Паўтарыўшы абяцаньне паслаць Духа Сьвятога, Які навучыць іх усяго і дасьць ім сілу прадоўжыць Яго дзела на зямлі, Іісус Хрыстос, схрэсьціўшы рукі, багаславіў іх і, калі багаслаўляў, пачаў ад іх аддаляцца і ўзнасіцца на неба. Апосталы ў глыбокім маўчаньні пакланіліся Госпаду. Але вось зьявіўся сьветлы вобалак, які і ўкрыў Яго. У той жа час сталі перад імі двое мужоў у белых вопратках, якія сказалі: „Мужы Галілейскія! Што вы стаіцё, узіраючыся на неба? Гэты Іісус, узяты ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як бачылі вы Яго, ўзыходзячы на неба“.
І пакланіліся Апосталы Узьнятаму, і з вялікаю радасьцю вярнуліся ў Ерусалім. Тут усе яны знаходзіліся неадлучна, зьбіраючыся для малітвы, разам з Божаю Маткаю, братамі Госпада і іншымі веруючымі, і чакаючы абяцанага ім Уцяшыцеля — Духа Сьвятога.


У гэтым часе на сабраньні Апосталаў і вучняў Гасподніх (каля 120) быў абраны ў лік Апосталаў, замест Юды Іскарыёта, Матфій, адзін з блізкіх Госпаду і Апосталам вучняў, які быў сьведкаю ўваскрасеньня і ўзьнясеньня Госпада на неба.

Трапар Узьнясеньня.

Возне́слсѧ є̆сѝ во сла́вѣ, Хртѐ Бж҃е на́шъ, ра́дость сотвори́вый ѹ̆ченикѡ́мъ, ѡ̆бѣтова́нїемъ Ст҃а́гѡ Дх҃а, йзвѣщє́ннымъ й̀мъ бы́вшымъ бл҃гослове́нїемъ: ꙗ῎кѡ Ты̀ є̆сѝ Сн҃ъ Бж҃їй, Йзба́витель мі́ра.

Ты ўзьняўся ў Славе, Хрысьце Божа наш, узрадаваўшы вучняў абяцаньнем Сьвятога Духа, — пасьля таго, як Тваё багаславеньне ўзмацавала іх веру, што Ты — Сын Божы, Збавіцель сьвету.

88. Зыходжаньне Сьвятога Духа на Апосталаў.

Дзеян. аддз. II.

Праз дзесяць дзён пасьля Узьнясеньня Госпада было жыдоўскае сьвята Пяцьдзесятніцы (у памяць Сінайскага законадаўства). Для Апосталаў гэты дзень быў падвойным сьвятам, бо Пяцьдзесятніца прыйшлася на першы дзень тыдня, у які ўваскрос Хрыстос. З прычыны сьвята ў Ерусалім прыйшло шмат людзей з самых далёкіх краінаў.
Апосталы зраньня былі сабраныя ўсе у сьвятліцы, дзе маліліся. Было каля трэцяе гадзіны, панашаму 9-ая раніцы. Зьнячэўку воддаль пачуўся нейкі шум, як-бы з неба, быццам ад наляцеўшага буйнага ветру. Шум усё павялічваўся і хутка напоўніў увесь дом, у якім былі Апосталы. Потым увесь пакой асьвятліла нібы полымя, і над кожным з Апосталаў паказаліся языкі, быццам агнявыя. І напоўніліся ўсе Апосталы Духа Сьвятога, і пачалі кожын гаварыць на розных новых мовах (якіх раней ня ведалі) — так,

Зыходжаньне Сьвятога Духа на Апосталаў.

як Дух Сьвяты даваў ім прамаўляці. Яны пачулі сябе з новымі духоўнымі сіламі, як-бы зноў народжанымі да жыцьця. Усё раней незразумелае ў вучэньні Госпада цяпер станавілася для іх ясным і зразумелым. Нейкая нястрыманая сіла цягнула іх спаведваць Хрыста і абвясьціць Яго Слова.
Тым часам каля дому, дзе знаходзіліся Апосталы, сабраўся нязьлічоны натоўп людзей, якіх прыманіў сюды чуты шум. У натоўпе было з розных краінаў шмат чужаземцаў, прыйшоўшых у Ерусалім адны — дзеля малітвы, другія — дзеля гандлю падчас сьвята (былі з Парфіі, Мідыі, Фрыгіі, Лівіі, Эгіпту, Аравіі, Крыту і іншых). Калі Апосталы выйшлі да народу і пачалі гаварыць да ўсіх на розных мовах, дык гэта выклікала вялікае зьдзіўленьне, бо Галілейскія рыбаловы былі ведамы ўсім, як людзі простыя, неадукаваныя, якія маглі гаварыць толькі сваёю роднаю моваю. Тыя з натоўпу, якія ня ведалі Апосталаў, пачалі сьмяяцца над імі, кажучы, што яны ўпіліся маладым віном. Тады да ўсіх зьвярнуўся Апостал Пётр і сказаў: «Мужы юдэйскія! і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта ведама і выслухайце словы мае: яны (Апосталы) ня п’яныя, як думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня. А ёсьць тое, што сказана прарокам Іоілем: „І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, выльлю Духа Майго на кожную істоту, і будуць прарочыць. Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя. Іісуса Назарэя — мужа, праслаўленага між вамі ад Бога сілаю і чудамі, якія тварыў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце, — Яго вы ўзялі і, рукамі беззаконных прыбіўшы гваздамі, забілі… Вось яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, і ўсе мы сьведкі гэтага. Вось узьнесёны сілаю Бога дый узяўшы ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога, Ён падаў тое, што цяпер бачыце і чуеце. Няхай-жа цьвёрда ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Яго, гэтага Іісуса, Якога вы расьпялі“. Гарачая прамова Апостала Пятра ўзварушыла ўвесь народ, і многія пыталіся ў Яго і іншых Апосталаў: «Што нам рабіць, мужы-браты?» Тады Пётр сказаў ім: „Пакайцеся, ды няхай кожын з вас ахрысьціцца ў імя Іісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і атрымаеце дар Духа Сьвятога“. І прынялі словы Яго, і хрысьціліся. У той дзень далучылася да Апосталаў каля трох тысяч людзей. І разьнясьлі яны вестку аб усім, што бачылі і чулі, ва ўсе канцы сьвету.
Усе веруючыя ў Ерусаліме жылі разам і ўсё ў іх было супольнае. Яны прадавалі дабро сваё і дастаткі, і дзялілі між усімі, як каму было трэба. Кожын дзень усе аднадушна маліліся ў храме, па дамох-жа зьбіраліся для ламаньня хлеба (прычашчэньня), у радасьці і прастаце сэрца славячы Бога і маючы ласку ў народзе. Гасподзь-жа штодня дадаваў Царкве тых, што збаўляліся.
Так паўстала першая Апостальская Хрысьціянская Царква ў Ерусаліме. Яна зьявілася тым асяродкам, скуль вера Хрыстова пашыралася ўва ўсе канцы сьвету.
Нова-Заветная Царква захавала сьвята Пяцьдзесятніцы, але ўспамінае ў гэты дзень не ўстанаўленьне Сінайскага законадаўства, а зыходжаньне Сьвятога Духа на Апосталаў. Пяцьдзесятніца называецца яшчэ Тройцыным Днём, бо ў гэты дзень мы праслаўляем Сьвятую Тройцу (у беларусаў — Сёмуха).

Трапар сьвята.

Благослове́нъ є̆сѝ, Хртѐ Бж҃е на́шъ, и῎же премꙋ́дры ловцы̀ ꙗ῎вле́й, низпосла́въ ймъ Дх҃а Ст҃а́го й тѣ́ми ѹ̆ловле́й вселе́ннꙋю: Человѣколю́бче, сла́ва Тебѣ̀.

Багаслаўлёны Ты, Хрысьце Божа наш, што простых рыбакоў выявіў прамудрымі, паслаўшы ім Сьвятога Духа, і праз іх прывёў да веры ўвесь сьвет: Чалавекалюбча, слава Цябе!


  1. Гэты дзень або „васкрасеньне“ ці, „нядзеля“ — па-беларуску — стаў ужо сьвяшчэнным днём для Апосталаў, а ад іх пасьля і для ўсяго хрысьціянскага сьвету.
  2. Як гаворыць паданьне, Ап. Пётр памёр падобна да Хрыста быў расьпяты на храсьце, толькі галавою ўніз.