Перайсці да зместу

Сьветацені (1928)/Калі часы астудзяць жыцьця хвалі…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Не дары асеньніх васількоў… ⁂ Калі часы астудзяць жыцьця хвалі…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Калі часы астудзяць жыцьця хвалі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Калі часы астудзяць жыцьця хвалі —
Крычым у роспачы за небасхіл гадоў:
Зачым юнацтва мы не закілзалі,
Зачым замылілі жыцьцёвых рысакоў…

Праходзяць дні, —
А з днямі ўсё праходзіць,
На скаце дзён праз чорнае вакно
Стары карчмар
Нас разьлічыцца просіць
За п‘янае юнацкае віно.

Ў юнацтве душу ў сонечных лілеях,
(Юнацтва ў квецені,
Юнацтву не астыць)
Мы запрагаем дні у казачныя шлеі,
І топчам на шляхох жыцьцёвыя цьвяты.

У верасьні
За залатыя сьцежкі
Мы і душу і сэрца аддаём, —
Цалуем сонца мілыя усьмешкі
І молімся над кожным васільком.

Навошта так…
Браточкі дарагія,
Пашто ў пацёмкі душы разьліваць,
Пашто таптаць пялёсткі залатыя,
Каб посьле лісьця жоўтыя зьбіраць.

Праходзяць дні, —
А з днямі ўсё праходзіць…
На скаце дзён праз чорнае вакно
Стары карчмар нас разьлічыцца просіць
За п'янае юнацкае вно.