Сын Даніла
Сын Даніла Аўтар: Карусь Каганец 1910 Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Syn_Danila.html |
Дзея першая
[правіць]Каля акна сядзіць маладая баярыня за прасніцай ды пазірае ў акно, спяваючы:
У лесе, у лузе крынічка была.
Над тэю крынічкай каліна расла.
Ой, тама, бывала, галубка сіва
Ту чыстую воду з крынічкі піла.
Стрывожыў галубку галуб малады.
Хоч страшна пакінуць жыццё без бяды,
Хоч сіза галубка слабодна была —
За сізым галубам у клетку пайшла.
У клетцы з галубам шчасліва жыве.
І песню сардэчну радзенька пяе.
- * *
То не ваўкі завылі,
Лесам голас пусцілі;
То не зубар у пушчы раве,
Ой, то трубы завылі,
Лесам голас пусцілі;
То труба другое вяшчае трубе.
То не ветры зліліся —
То Усяслававы воі ідуць,
Што за крыўду расправу
Учынялі крываву…
Павязаных ворагаў з сабою вядуць.
Цяпер усяк ку сваёму
Вяртаецца бо дадому,
Многа дабра, палону набраўшы,
Гойстры мячы прытупіўшы,
Тапары прызубіўшы,
Сабе славы багата прыдбаўшы.
З няволі бо адбілі
Князя дый вызвалілі,
Што зыманы быў кіяўлянамі
У тым Менскім гародзе
Пры Няміжным бродзе.
Вызвален князь палачанамі!
Гэй, воі Усяслававы,
Дружыннікі Глебавы,
Слаўныя мужы полацкія!
Гэй, людзі бывалыя,
Пакінем справы жаноцкія!
Часы даўны бранныя
Памянём прызваныя;
Мы далей ку дзелу слаўнаму
Свой край дый бараніці,
Ўрагу славу ўчыніці!
Славу зышчама па-даўнаму.
Даніла (ціха падыходзіць і цалуе яе). Эх, жонухна, галубка мая любенькая!
Жонка. Чаго ты такі, чагось невясёлы як бы?
Даніла. Эх, жонухна, жонухна! Годзе ўжо нам варкаваці, годзе цешыцца сабой…
Жонка. Што ты? Чы я табе ўжо прыдакучыла? Чы мае белы рукі, цябе абнімаючы, дадзелі?
Даніла. Не тое, галубка, не тое! Не прыдакучыла ты мне ні сваімі вачанятамі карымі, ні ручкамі сваімі белымі. А трэба мне ў дарожаньку збірацца, на бой-вайну знаражацца. Князь, бач, вестку прыслаў, баяр на бой склікаючы на ворага, што рубеж ад увасходу нарушыў і дужа лютуе, нашы воласці грабячы, сёлы і месты палячы… Трэба іці сваіх бараніць.
Жонка. І ты паедзеш і мяне пакінеш?
Даніла. Мушу, галубка, мушу. На тое я — баярын, каб край свой бараніці за тых земцаў, пасялян, што нас хлебам кормяць, сваю кроў гатоў праліці. На тое я з дзядоў, прадзедаў баярынам завуся.
Жонка. І што я, бедная, рабіціму? І цябе супыняці мне не падабае, і, застаўшыся без цябе, голубе, я з тугі загіну. Знаць, ліха помстуе над намі за тое, што дужа шчаслівыя былі. Ой, гора ж, гора мне, беднай! А што, як цябе вораг… Не, і згадаці страшна!
Даніла. Пакінь, галубка, наперад жахацца! Дасць бог, здароў вярнуся назад.
Жонка. Хаця б скарэй! Ты лішне не баўся, а як пражаняце ворага, ды проста і дадому вяртайся.
Даніла. Добра яно сказаць — скарэй, а на дзеле, то бог ведае, як будзе.
Жонка. І навошта гэтым людзям вайна здалася?! Б’юцца, рэжуцца, мардуюць, грабяць, паляць… Колькі ўдовіных слёз пральецца, колькі крыві маладзецкае… І не могуць яны жыці ў злагадзе і міры. Чаго яны не падзеляць? Чаго помстуюць?
Даніла. Гэй, жонухна, не нашае з табой дзела справы мірскія ведаці! На тое ё большыя за нас… Я да іх не пайду, а сваіх бараніць буду.
Жонка. Ты! Я думаю, ты б і недругу крыўды сам не ўчыніў.
Даніла. Э, што там! Усе людзі як людзі.
Жонка. Ой, не ўсе, голубе, не ўсе!
Даніла. Чаму? Можа, табе хто крыўду прычыніў? Што ты так на людзі наракаеш?
Жонка. Не, я так. Няўжо няпраўда?
Даніла. Вядома, што не ўсе роўныя. Ну, але трэба збірацца, я й так забалакаўся з табою.
Жонка. Як, ужо?
Даніла. Ды ўжо ж. Гэтага дзела не адложыш. (Да ўвайшоўшага старца, што каміна пільнуе.) Схадзі ты, дружа, клікні да мяне Радзьку.
Жонка. Божа ж мой, божа ласкавы! Якія правіннасці мы ўчынілі, што нас карай пытаеш? Мы ўсяго гадочак, як адзін дзянёчак, з табою пражылі, божа міласцівы! Ад’язджае ад мяне мой сакалочак, сівы галубочак. Нясе сваю галоўку буйную пад шаблі гострыя, пад тапары важкія, пад пікі сталёвыя. (Плача.) І на каго ж ты мяне пакінеш, мой саколе любы, мяне, сіраціну, без сэрца прыхільнага, без парады шчырай. (Плача.)
Даніла. Супакойся, зязюля! Адна не будзеш — маці мая парадай стане, а я, дасць бог, хутка здароў завітаю.
Жонка. Ой, маці, маці! Не любіць мяне маці твая, не церпіць моладасці мае…
Даніла. Пакінь, гэта табе так здаецца. Пустая думка на сум табе вярзецца. Чаго разрыдалася ты, дурная? Чаго слязамі ясны вочы туманіш? (Уваходзіць маці.)
Маці. Чаго ты расплакалася, як пагода ўвосень? Чаму ты яе не ўнімеш? Чы то ёй хлеб у мужа агарчэў? Чы збрыдзеў свякровін голас?
Даніла. Не тое, матка, кажаш, адно болей тугі ёй прычыняеш. Мне, бачыш, трэба вось пакінуць — мушу ехаць…
Маці. Ага, я чула, што вайна ідзе, чы то праўда? На тым свет стаіць, што мужчыны дома не сядзяць, і мой на вайну ходываў. Чы мала дарагіх бармаў і хустаў красных і маністаў дарагіх прывожываў? На тое мы — баяры, каб вайну ваяваці, а не жонак у святліцы вартаваці. Стыдалася б так плакаць… А ты, сынок, шануйся, без патрэбы не совайся. А я тваю зязюлю ўхаваю ад усякай крыўды, не дам ручак замараці. Хоць яна і маладзенька і гуляці дасужа… Да што там гаварыць! Будзь спакойны — на то я маці…
Даніла. Спасібог, маці, за добрае сэрца. Глядзі ж, матачка, яе, як роднае дачкі свае! Хай бог вам паможа. А цяпер — вы, бабкі, падумайце аб ядзе, а мне збірацца ўжо час. (Уваходзіць Радзька са старым.)
Радзька. Чалом ці, баярыне! Яко прыказанне мне загадаеш, саколю?
Даніла. Вось што, цівуне: нам на вайну трэба ступаці.
Радзька. Я гэта ўжо ведаю, і сёе-тое прыгатавана, саколю.
Даніла. Вот бачыш — я ў такіх справах яшчэ не бываў, а ты чалавек бывалы, ваяка дазнаны,— знаеш лепей, што трэба. Каб усё было, як трэба.
Радзька. Будзь, саколю, спакойны. Здайся на маю старую галаву! Стары Радзька, саколю, сораму не прычыніць. Я пад тваю міласць думаю вараным узяці, а буланага — то на повад вазьму. Той у бою паваратнейшы, хоч не так сабою стройны.
Даніла. Добра, дружа мой верны! Рабі, як сам знаеш, або добра было.
Радзька. Будзь спакойны, саколю. (Выходзіць.)
Жонка (уносіць кумпяк бараніны, а за ёю маці збан мёду). На, пасілкуйся, саколіку мой ясны! Хто табе там падасць? (Плачучы, засцілае абрус і ставіць страву, налівае ў кубак мёду, надпівае і, сеўшы пры мужу, гладзіць яму чупрыну.)
Даніла. Хто падасць, кажаш,— то не бяда; і ў мяне рукі ё, хоч, можа, і не так будзе соладка. Але каб вайна не зацягнулася. Каб бог памог хутчэй ворага выгнаці. Ты за мяне да бога тут уздыхні.
Жонка. Ой буду, буду, галубчыку сізы, бога маліці, хаця б цябе здаровенькага дамоў прывёў. І ты як табе часам маркотна стане, нагадай аба мне. (Уцірае вочы, плача; маці тым часам сыходзіць, прыносіць сарочкі і складае ў верані ды падае старому, каторы выходзіць.)
Маці. Аддай гэта Радзьку.
Даніла. Хадзі, матка, выпі з намі на развітанне.
Маці. Да пеце ўжо хаця вы, маладыя!
Даніла. Каб хутка здаровым пабачыцца.
Маці. Дай, божа!
Жонка. Каб вораг аднаго віду вашага спалохаўся, ды ўцёк, каб і біцца не з кім было!
Маці. Эй, ты, сарока неразумная! А слава, а здабыча, палон дзе будуць?
Жонка. Э, ці ў нас свайго не хваціць? Праўда, голубе?
Даніла. Як бог дасць, так і будзе, а нам лепей бы ворага не знаць. (Жонка абнімае і цалуе мужа.)
Радзька. Ну, баярыне, гатова ўсё, саколю!
Жонка (падаючы кубак з мёдам). На, выпі, дружа, на дарогу, каб весялей было вам.
Радзька. Спасібог, красна маладзіца! Дай бог вам шчасця і пацеху, саколю!
Даніла. А суседзі путныя ўжо прыйшлі?
Радзька. Аднаго толькі, саколю, яшчэ не было, ды і той ужо павінен з’явіцца.
Даніла. А вось што — пакліч іх сюды ў святліцу, ды выпіце на дарогу, каб весялей на душы было. А ты, матка, страву прыкажы падаць і мёду. (Уваходзіць Радзька і 5 путных баяр, ды кланяюцца гаспадыні шапкамі да зямлі; дзве дзеўкі прыносяць яду, трэцяя бохан хлеба, а хлопец збан мёду.)
Баяры. Здаровы былі, баярства маладое, шчаслівай доляй упору злучаныя.
Даніла. На здароўе вам! Вот сядайце, другаве, і пасілкуйцеся на дарогу трудную на дзела, бач, ратнае.
Баяры. Спасібог, спасібог. (Садзяцца.)
Адзін баярын. Скора здаровым з палонам багатым дахаты вярнуўся! Здаровых дома аглядаці і прывітаці!
Галасы. Дай божа, дай божа! Соб, божа!
Баярыня. А старому можна наліць?
Даніла. Чаму ж не? Што ты пытаеш яшчэ.
Баярыня (наліўшы). Выпі і ты, старэнькі, за здароўе мужа майго ды заграй ты нам што-небудзь такое харошае, як ты ўмееш.
Стары. Здаровы будзьце вы ўсе! (Выпіўшы, выходзіць і варочаецца з кобзаю, а тым часам Даніла прашчаецца з жонкаю, з маткаю і інш. Усе наскора апраўляюць на сабе адзежу і броню і, стаўшы каля выхаду, слухаюць і падхватваюць песню; потым выходзяць за маладым з хаты; апошнімі выходзяць стары і маці. На дварэ чутно канец песні, каманда „на коні! гайда!“ і тупат. Дзеўкі ўводзяць плачучую маладую баярыню, а маці ідзе за імі.)
Маці (сярдзіта). Чаго ты? Чаго ты так расхадзілася, як халопка якая? Знойдзеш сабе ўцеху! Не ўдавай такое няшчаснае…
Заслона.
Дзея другая
[правіць]Ваявода.
Даніла.
Радзька.
Баяры.
Чэлядзь.
Даніла з малодшымі баярамі разлажыліся ў лесе пад дубам; аглядаюць сваю броню і перакідаюцца словамі. Даніла задумёны маўчыць.
1-шы баярын. Ух, яшчэ косці баляць, як той гад паабнімаў! Чуць-чуць вырабіўся.
2-гі баярын. А мне б ужо магіла была, каб не Дапіла падскочыў. Ужо на мяне тапаром замахнуўся, а шабля мая пераляцела наполы, а абушок як завяз у шаломе таго, то я і не мог справіцца. Ужо толькі жду, як мой дух будзе выходзіць. Ажно бачу — рука яго як паднялася ды і не спусцілася, адляцела набок з тапаром. Гляджу — і сам сабе не веру: над вухам Даніла як крыкне: „Чаго стаіш? Вораг уцякае…“
3-ці баярын. Бачыш, гады, шаблюгу маю як пазубілі!
4-ты баярын. А мне такі хтось па галаве здорава заехаў. Прачнуўся — а ўжо адны мярцы валяюцца. Чуць падняўся: балазе шышак мой крэпкі.
1-шы баярын . Ды ў цябе й галава не слабша шышака. (Смех.)
5-ты баярын н. Цяпер, я думаю, па дамох пацягнемся.
2-гі баярын. Ды ўжо пара. Дзякаваць богу, папрацавалі праз усю весну і лета шмат захапілі.
3-ці баярын . Колькі ўжо часу будзе, як мы з дому?
1-шы баярын Ды ўжо шэсць маладзікоў наставала, а сабраліся мы ў Загор’е якраз самаю поўняю, а цяпер — ветах. Вот і лічы…
2-гі баярын Уга, то ўжо багата часу! А швыдка той час пры дзеле бяжыць. Гэта ж ужо 8 месяцаў.
5-ты баярын. Вот дзіва!
4-ты баярын. Ну, але цяпер вораг нас пазнае! Другі раз, мабыць, не скора завітае.
1-шы баярын . Непанадна будзе!
3-ці баярын. Вось і старшыя ідуць.
5-ты баярын. Устаньце, ваявода ідзе!
Ваявода. Вось дзе яны — у халадок пахаваліся! Спачываеце? Ну, па працы, то не грэх. Дзякую вам, малайцы, пастараліся!.. Сядзем, баярства, і мы з імі пасяджом, бо вельмі горача.
Стар. баяр. Хто цяпер не рад у халадку пасядзець!
Ваявода. Скажэце мёду сюды падаць!
5-ты баярын (уклініўшыся). Як дыхнуць… (Ідзе.)
Ваявода. Ну, што, Даніла, здароў? Трэба ведаць, баярства, што сей маладзец мне дужа памог. Каб не ён, то не ведаю, як было б, бо каля мяне вельмі цесна стала. Ды якраз ён са сваімі людзьмі падскочыў, як той каршун, і зразу ворага змяшаў. І мы аправіцца ўспелі.
2-гі баярын. Ён жа і мяне ад няхібнае смерці вызваліў. Шабля мая пырснула, чаканец у шаломе ворага ўвяз, а тут ужо нада мной тапор падняў некі вядзмедзь, ды Даніла ў тую міць руку з тапаром яму адхваціў.
Ваявода. Добра, Даніла, пачынаеш! Дай бог і далей так спраўляцца!
Даніла. Спасібог, ваявода, за добрае слова!
Ваявода. Ды ты штось хмурны? Што гэта можа значыць?
Даніла. Нічога, так штось, і сам не ведаю.
Ваявода. Можа, па маладзіцы затужыў — кажуць, вельмі красна…
Даніла. Усякаму сваё дарога.
Ваявода. Ну, але супакойся, скора ўбачышся.
Даніла. Спасібог! (Прыносяць мёд у двух збанках.)
Ваявода. Ну, вып’ем, Дапіла, на пагібель ворага.
Галасы. На пагібель, на пагібель! Каб ён назаўсёды ахвоту ўтраціў! Дай божа! На пагібель!
2-гі стар. баярын. Шкада нам цябе, Даніла, дадому пускаць. Ты б мог у Полацку, пры вялікім князі, шмат чаго даслужыцца.
Даніла. Роднай краіне я гатоў заўсёды паслужыць, і не затым, каб даслужыцца, а затым, што гэта мая павіннасць.
Ваявода. Во, маладзец! Люблю, дай руку!
Даніла (цалуючы у руку)Спасібог! (П’юць.)
3-ці ст. баярын. Калі ж, ваявода, скажаце дабычу дзяліць?
Ваявода. Заўтра падзелім, а сягоння супачыць трэба.
3-ці ст. баярын. Хай будзе і заўтра.
Ваявода. Ну, але я думаю, вораг памятуе нас. Яшчэ паўз рубеж пройдзем, край ад грабежцаў ачысцім, а там — і па дамах.
2-гі ст. баярын. Памятуе, памятуе, як не памятаваць! Мала хто з іх жывот унёс.
1-шы ст. баярын. Што далі есмо ім на памяць, то далі! Гэта — праўда!
Ваявода. Ты, Даніла, даўно жанаты?
Даніла. Другі год, ваявода.
Ваявода. А прыплод маеш?
Даніла. Пакуль што не.
Ваявода. Як, і прыметы няма?
Даніла. Не было.
Ваявода. А ты, Багдане, шмат дзяцей маеш?
Багдан. Троечку.
Ваявода. О, то зух, а нябось, не старшы за Данілу.
Багдан. Крыху старшы — на годы паўтары.
1-шы баярын. Бо Даніла сваю маладзіцу шануе вельмі. (Смяецца.)
3-ці ст. баярын. А ты як сваю шануеш? (Смех.)
1-шы баярын. У мяне быў сын, ды бог не гадаваў.
2-гі баярын. А ты хочаш, каб бог табе дзеці гадаваў? А сам?
1-шы баярын. Добра, што прыдбаю. (Смех.)
2-ці ст. баярын. А болей няма?
1-шы баярын. Няма, хіба без мяне знойдзецца. (Грае і спявае):
Ой, у полі быліначку
Вецер пахінае,
У святліцы галубачка
Галубка чакае.
Адзін гадочак праходзіць,
Настаў і другі —
Маладая галубачка
Забылась тугі.
Маладзец дамоў прыехаў,
Галубачку застаў
З чужым галубком у пары,
І праўду ён пазнаў.
Ваявода. А даўно жанаты?
1-шы баярын. Гадоў пяць, а можа, і болей,— ужо не ўпомню.
2-гі баярын. Вось каб бачылі, як ён сягоння з адным кацапам абнімаўся!
3-ці ст. баярын. Мабыць, згарача. яму здалося, што то маладзіца. (Смех.)
1-шы баярын. Добра, маладзіца, калі косці баляць, што і не павярнуцца. Вот ён — то на кацапа богу маліўся: думаў, святы.
2-гі баярын. І ты б маліўся, каб табе так прыйшлося.
3-ці баярын. Во, зараз пасварацца.
Старш. баяр. Завошта?
3-ці баярын. Яны заўсёды так.
1-шы баярын. Прыйшлося — а чаму такі спраўны.
2-гі баярын. Добра, што ты спраўны.
5-ты баярын. Даніла, Даніла! Чы ты аглух?
Даніла. Га? Чаму?
5-ты баярын. Чаму? Ці ты не чуеш, як клічу?
Даніла. А што?
5-ты баярын. Твой чалавек цябе чагось выглядае.
Даніла. А, Радзька. (Ідзе да яго.)
Ваявода. Ну, трэба ў табар іці. (Усе разыходзяцца.) Заўтра дзяльба будзе.
Даніла. Ну, што скажаш, дружа?
Радзька. Ганец з дому, саколю.
Даніла. Давай яго сюды швыдчэй.
Радзька. Зараз, саколю! (Ідзе і скора з чалавекам вяртаецца.)
Ганец. Чалом вашай міласці!
Даніла. Здароў! Што з дому добрага нясеш?
Ганец. Усё па-старому. Вось карту прыслала старшая баярыня.
Даніла. Давай сюды! (Не церпячы.) Вось захаваў і сам не дастане!
Ганец. А як жа — каб не пераняў часам хто.
Даніла. А маладая як маецца?
Ганец. Старшая баярыня казала сказаць, што здарова і вясёла.
Даніла. А сам ты яе не бачыў? Да жывей жа!
Ганец. Бачыў, але так што… нічога не казала.
Даніла. Ды ведаеш, як выглядзіць?
Ганец. Красная.
Даніла. Я і сам ведаю, што красная, а ты кажы, чы здарова, чы не тужыць?
Ганец. Бог яе ведае. Старшая казала адно сказаці, што здарова і вясёла. Больш нічога не казала.
Радзька. Што з гэтым дурнем гаварыць! Казала, не казала…
Ганец. Вось яна, карта. Маеце!
Даніла. Нарэшце. (Чытае, бляднеючы; прысланяецца к дрэву, трэ рукою лоб, а далей кажа.) Можаце адысціся, а я паклічу, як трэба будзе. (Тыя адыходзяцца, а ён чытае сабе ўголас.) „Дарагі мой сыну! Хоч ведаю, што ліст мой будзе табе не па душы, але мушу табе павясціць загадзе, каб ты меў час прывыкнуць крыху да таго, што ў нас творыцца. Пішу я гэта не затым, каб пажаліцца, бо ведаю, што ты яе болей любіш, як мяне, а баючыся, што ты, вярнуўшыся дадому, будзеш вельмі паражан, бо твая зязюля зусім ад рук адбілася. Не слухае парады; што ні скажу — усё ёй не так. Усё гуляла б ды гуляла. І коні пазаезджывала, і шаты пазаношывала, і мёды парасчастоўвала, усё гасцей прымаючы, каханых частуючы. А калі я тваё імя назаву, то яна і слухаць не хоча. «Адстань, адкасніся ты, кажа, з сваім Данілам: ужо агорк ён мне». Пішу я гэтыя словы і сама плачу. Жаль мне твае моладасці…“ (Кінуў ліст і, узяўшыся за галаву, уздыхае; потым, зацяўшы зубы, гаворыць.) Вот табе і шчасце, вот табе і вера! І як тут верыць каму, после гэтага?! Э-э! Такая, здаецца, добрая, чыстая,— адным словам, святая. А бачыш як — горш змяі падкалоднае. Гэтак прыкідацца! Э-э-э! Прапаў я, і ўсё прапала!.. Радзька, га Радзька! Радзька, гу!
Радзька (прыбегшы). Чаго, саколю!
Даніла. Пакінь ты сваё саколю! Мёду давай чым болей, а ганца таго дурня задзяржы! Чуеш!
Радзька. Чую, сак… (Выходзіць.)
Даніла, заламаўшы рукі за галаву, адкідваецца на траву і ляжыць, сцяўшы зубы.
Радзька. Баярыне мой, саколю, скажэце, што з вамі. Можа, стары Радзька на што прыдасца.
Даніла (усхапіўшыся). Маўчы. Давай мёд! (П’е нахілком.)
Завеса.
Дзея трэцяя
[правіць]Двор Данілаў у глыбі сцэны, дом на адну старану, у акне сядзіць задуманная Даніліха. Пачуўшы топат, яна азірнулася ўправа, крыкнуўшы з радасці, і выбягае насустрач. Вароты адчыняюцца, і на двор уваходзіць Даніла, а за ім Радзька.
Ульяна. О, божа ж мой! Данілка! (Выбягае і бяжыць к Данілу. З правай стараны выглянула галава з чорнаю шырокаю барадой і схавалася.)
Даніла (выхватвае шаблю). Стой, гадзіна!
Ульяна (падае перад ім на калені). Што?! Што з табою, саколіку?! (Убачыўшы, што той замахіваецца на яе шабляю.) За што?
Даніла. Вось за што! (Секануў па галаве.)
Ульяна (падаючы). За што, саколю?! (Падскакваюць Радзька і стары з-за вугла, з ізбы выбягаюць дзве дзяўчыны і давай галасіць. Даніла стаіць, апёршыся на крывавую шаблю, звесіўшы голаў.)
Радзька (захадзіўшыся). Падаць сюды намітку чы бок, ручніка і вады! (Дзеўкі прыносяць, галосячы.)
Стары (збегаў, узяў мякішу хлеба і вяртаецца, размінаючы яго і гаворачы як бы да сябе). Напрасна, баярын, ты сваю душу загубіў. Нізашто, сам пабачыш…
Даніла. Маўчы, бо і табе!.. Нясеце яе ў святліцу!
Стары. У святліцу нельга.
Даніла. Што? Ты зноў?!
Стары. Там старшая з малым…
Даніла. З якім малым? Што ты, ашалеў? А гэты барадаты — хто?
Стары. З сваім малым, што нядаўна мела, а той барадаты прыйшоў сына пабачыць.
Даніла. Брэшаш, стары пёс!
Стары. Сам пабачыш! (Абмываюць з Радзькам рану і заляпляюць яе хлебам. Даніла, пастаяўшы, пайшоў па двары, скора заглянуў ува ўсе вароты, а тым часам сабралася каля Ульяны шмат народу. З ізбы выскачыў чалавек з чорнаю барадой і шмыгнуў за вароты. Даніла, заглянуўшы ў хату, падбягае к Ульяне і, цалуючы яе рукі і твар, са слёзамі просіць.)
Даніла. Ульяна, сонца маё, ачніся! Глянь на мяне! Даруй мне, шалёнаму! О, божа! Госпадзі! Я з вума сыду! Ульянка! Сонейка, даруй мне! Паглянь на мяне — праклятага! Ачуняй, сэрца! Божа, памажы! Божа, божа!
Ульяна. Да-ані-ла…
Даніла. Ачуняй, Ульянка! Што хочаш са мной рабі! Вон гані! Забіць кажы! Адно ачуняй! Даруй!..
Ульяна. Бог табе, Данілка, даруе. Прашчай, голубе,— дай пацалуемся!
Даніла (прыпадаючы к ёй). Ой! (Ульяна памірае ў яго на руках. Даніла глядзіць на яе акамянеўшы, а после, схамянуўшыся, кажа.) Прывядзіце матку! (Матку прыводзяць злякану з малым на руках.)
Даніла. Вось любуйся, маці родная! Цешся з свае работы! Тры грахі перад сабой маеш: адзін грэх — жыццё маладое нявінна загубіла; другі грэх — маё жыццё змарнавала; а трэці грэх — самы большы — бо душу маю загубіла і збойцам я стаў твору святога. А цяпер, Радзька, ты мне адзін застаўся. Ідзем чым далей ад гэтага гнязда праклятага. Ульяну забяром ды пахаваем, каб не здзекаваліся паганыя з святога…
(Чуваць прычытанні.)
Завеса
1910