Ноч над сьветам панавала,
Поле жудасна маўчало
І халоднай цішыной
Ніпрыветна спатыкало
Тых, хто с крыўджэнай душой
Нёс свой смутак, сваё горо
У гэты сьвет і ў гэту даль,
Каб раскідаць на прасторы
Сьлёзы горкія і жаль,
Каб ў дарозі між крыжамі
Гэты жаль узгадаваць,
Потым песьнямі, сьлезамі
Людзям зноў яго аддаць.
Шоў Сымонка на спатканне
Змроку, цемрадзі палёў…
У круг пакуты і блукання
Мусіць Бог яго павёў. І ён шоў… Куды? Ні ведаў,
Ды аб тым і ні пытаў.
Пад убогі крыжык дзедаў
Ніўзаметкі прыблукаў.
Тут ён толькі схамянуўся,
Стаў па трошку разважаць,
Пудка ў страсі азірнуўся —
Глуха могілкі маўчаць.
Ен прысеў на край магілы,
Скрыпку з-боку палажыў,
І заплакаў: — Дзедка мілы!
Ты адзін у сьвеці быў,
Да каго я прыхіляўся,
Ты адзін мяне ні гнаў
І ні крыўдзіў, ні сьмеяўся
І ў нідолі памагаў.
Голуб сівы мой, ачніся!
Пашкадуй мяне, дзядок… —
Плакаў хлопчык, і ліліся
Градам сьлёзы на пясок,
Плачэ, бедны, прычытае,
Вухо к долу прыхіляе,
Ды маўчыць зямля сырая,
І ў глыбокай цішыне Прычытанне замірае.
Змогся хлопчык, абезсілеў,
Толькі ўсхліпываў, ўздыхаў.
Ен сьлезамі жаль свой выліў,
Смутак імі спаласкаў.
І яму так лёгка стало,
Як-бы што яго ўзьняло,
Далікатненька гайдало
І ў высь лёгінька нясло.
Вот ён ўзьняўся над крыжамі,
Плаўна ў воздусі паплыў,
Толькі ветрык за вушамі:
Ціха-ціха захадзіў.
А ён далей ўсё нясецца,
Хмаркі гонюцца за ім —
І сьмяюцца — ён сьмяецца
Сьмехам радасным такім.
А над імі сонцо зьяе,
Іх цалуе, як дзяток,
І ў праменнях іх купае
Залаты яго кружок.
Лёгка, вольна і лагодна
І на крыллях сьветлых мар
Ен лятае так свабодна У клубках купчастых хмар.
Ды раптоўна цёмна стало,
Злосна бура завыла
І на сонцо хмары гнала,
Закруціла, засьвістала,
Зашумела, загула.
А ляцець ён ўжо ні можэ,
Страх яго апанаваў.
Толькі-ж чуе ён — так гожа
Хтось на скрыпцы заіграў,
Зноў вярнулась хлопцу сіла,
Страху скінулісь гужы.
Азірнуўся — зноў магілы,
Зноў пахілыя крыжы.
А на прыкладзі дрэўляным,
Бачыць — сівінькі дзядок,
Ва ўсё белае убраны,
Галаву схіліў на бок
І ўсё грае, ды так гожа,
Як ніхто ішчэ ні граў.
То, здавалось, анёл Божы
Небу скаргу пасылаў
За дзіцятко, што марнее
Без прызору, без бацькоў, Што ні песьціць і ні грэе
Ласка мацеры, братоў.
Слухаў хлопчык сьпеў нізнаны
І ні сьпеваны нікім,
І гаілісь сэрца раны,
Нікла крыўда перад ім.
Дзед-жа грае, смыкам водзіць,
Плачуць струны і дрыжаць
І такую жальбу родзяць,
Што ніхто ні мог стрымаць:
І крыжы на дол прыпалі,
І схінуўся верх лясоў
І пець дзеду памагалі
Песьню дзіўную без слоў.
А Сымонка, як прыкуты,
Ні мог пальцам зварухнуць,
Ні мо‘ чараў гэтых путы
Ні разбіць, ні адхінуць:
Толькі-ж чуў, што ні ўздужае
Ды й ні схочэ далей жыць,
Бо то дзедка выклікае
Яго душу сапачыць.
Вот-вот ён ужо канае
І ўжо чуе сьмерці ўздох… Ён ні плачэ, ні ўздыхае
І яго ні пашыбае
Ані жаласьць, ані страх,
Бо ён знае — на тым сьвеці
З дзедкам злучыцца ён зноў,
І ім скажэ Бог: «Ідзеце:
Рай даўно для вас гатоў!»
Ды ў той момэнт, як, здавалось,
Дух ўжо цело пакідаў,
Дзіво новае зноў сталось:
У скрыпку ўлез дзед і прапаў.
І самая ўжо скрыпка грала,
Покі лопнула струна,
А як лопнула, — прапала
Гэта дзіўная мара.
Стрэпянуўся, прахапіўся,
Галаву узьняў Сымон:
— Гэта ж толькі сон мне сьніўся…
І галоўку зьвесіў ён.
Аглядзеўся — скрыпка збоку,
Праўда, — лопнула струна.
То-ж сапраўды, ні знароку,
Аж ішчэ гудзе яна.
Страшна, сьцішна хлопцу стало, Калаціўся ён, дрыжаў,
Песьня ж ў сэрцы ні змаўкала,
Смутак, гнеў у ёй гучаў.
Скрыпку ўзяў ён, азірнуўся, —
Страх пашыб яго мацней.
Тут ён скурчыўся, прыгнуўся,
Ды с тых могілак барджэй
Бег, пудліва азіраўся
Ды зноў бег па камянёх,
Толькі ў полі затрымаўся,
Пастаяў на растанцох
Пад тым крыжам, дзе дарогі
Секлі сьледам сваім сьлед
Ды праз нетры і разлогі
Беглі даляй ў Божы сьвет…
Гэй, дарогі ў чыстым полі,
Ніці шэрыя зямлі!
Колькі к долі і нядолі
Ног людзкіх вы пранясьлі!
Вышла-б казка, ды якая,
Каб маглі вы разсказаць
То, што думка ні згадае,
Што адным вам толькі знаць!
І шчасьлівы той, хто з вамі Ні спазнаўся ў ранні час,
Хто ні плакаў пад крыжамі,
У смутку стоючы ні раз,
Адзінока паміж вамі, —
Суеты людзкой ганцы, —
Там, дзе бітымі сьледамі
Бяжыце ва ўсе канцы!
Над Сымонкам думкі ўюцца:
Што рабіць? Куды ісьці?
Ці ў сяло назад вярнуцца,
Ці ў сьвет горо панясьці?
Ды вялікі-ж сьвет без конца,
А ён — мошачка у ім,
Лёгкі пыл ў праменнях сонца,
У ясным небі тонкі дым,
Чужаніца меж сваімі,
«Ніпатрэбны дармаед».
Як пагодзіцца с чужымі?
Як сустрэне гэты сьвет?
І да дому-ж ён ні пойдзе —
Сьлёзы ліць і сьпіну гнуць.
Долю знойдзе, ці ні знойдзе, —
Гайда ў пуць, далёкі пуць!
Нікла ночка, дзень займаўся,
Дрогнуў змрок і пашарэў,
Усход далёкі праясьняўся,
Чырванеў і весялеў.
Чырвень шырэй разьнімалась
І пажарам залатым
Над зямлёю калыхалась.
Хмары сівыя, як дым,
Расплывалісь, ападалі,
Бы Сам Бог на іх дыхнуў;
Чары ночкі прападалі,
Чуць дзянёк адно зірнуў.
Шоў Сымонка, углядаўся,
Як зьяў хораша усход,
Як дзень новы з ім вітаўся,
Клікаў весяла ўпярод.
І ён гнаў, мінаў сялібы,
Што чарнеліся ўдалі,
Шоў прамкамі цераз скібы
Сьвежа ўзгоранай зямлі,
Каб з людзьмі ні сустрэкацца
І хітрэй схаваць сьляды,
Бо мог ўсякі запытацца, Хто, адкуль ён і куды.
Ідзе рана так, да сьвету,
І адзін, такі малы,
Абарваны, чуць адзеты
І абуты ў пасталы.
Доўга ён трапаў, далёка
Кінуў роднае сяло,
А над лесам ўжо высока
Сонцо ў гору падышло
І прыветна абласкало
Блазна-згнаніка цяплом,
Бытцым матка, цалавало
Залатым сваім лучом.
І Сымонка усьміхнуўся,
У сэрцы новы сьпеў ўзыграў,
Зноў музыка ў ім ачнуўся,
Зноў душой ён ажываў.
Як сьмяюцца толькі дзеці,
Засьмеяўся зноў Сымон,
Бо пачуўся, што на сьвеці
Ні адзін ён — с скрыпкай ён.
Хлопчык вочкі ускідае,
Каб акінуць гэту даль,
К сэрцу скрыпку прыхіляе. Чаго-ж шкода? Чаго жаль?
І што можэ быць дарожэй
Вольнай волячкі, палёў?
Гэтай сіняй далі Божай,
Нівядомай і прыгожай,
Без канца, без берагоў,
Гэтых хмарак злотатканых,
Ветра посьвісту ў палёх,
Думак сьветлых, мар нізнаных
І нікому ніказаных
Казак лесу і дарог?
Эх, ты, шыр, прастор далёкі!..
І шчасьлівы будзе той,
Хто, душою адзінокі,
У згодзі злучыцца с табой!..
Ды Сымонка с тэй трывогі
Ночкі жудаснай ні чуў,
Што даўно ўжо млелі ногі
І што холад яго гнуў,
А з ім сіла адбаўлялась
І спыняўся яго крок.
Моцна есьці зажадалось,
Так запах яму хлябок!
Проста, цукрам паказаўся — Так ён міл быў і жадан!
А мо‘ ў торбі заваляўся
Хлеба чорстваго крышан?
І дрыготнымі рукамі
Ен шукае яе дна,
Ды дарэмна: за плечамі
Лёгка шоргалась яна.
Голад літасьці ні мае,
Як яго ні прэблагай,
Ні на вошта ні ўважае,
А што трэба, — яму дай.
Ніадступны, ніўгамонны,
За табой ідзе, як цень,
А за ім ты, паднявольны,
Снуеш ў ночы і у дзень.
Апусьціўшы сумна вочы,
Далей хлопчык падыбаў.
Есьці хоча — німа мочы,
Ледзьве ногі падымаў,
І так млосна, млосна стало,
Пацямнело у вачах,
Цело ўсё яго дрыжала,
У бок вадзіло і хістало,
Чуць трымаўся на нагах. Так ішоў ён і раптоўна
Стаў, як спынены ён кім:
Каля лесу, ў небо роўна
Плыў высока сіні дым;
Сам агоньчык ў полі тлее,
Нікагусенька німа.
Хлопчык зразу весялее,
С твару споўзае дума.
О, то можна падкрапіцца
І агоньчык скарыстаць,
Толькі трэба ухітрыцца
Бульбы торбу накапаць.
А у полі яе многа,
Азірнуўся ўперад ён,
Паглядзеў — німа нікога
І — шусь ў бульбу, на загон!
Накапаўшы, асьцярожна
Да агню пашыбаваў.
Відавочка, падарожны
Тут ішоў і спачываў.
Ды цяпер ні да развагі:
Прысак хлопчык расхіліў,
Усыпаў бульбу, ды карчагі
Ды дроў зьверху налажыў. Зноў агоньчык разгараўся,
Бойка полымям шугаў,
С-пад карчагі выбіваўся,
Тонкай стужачкай зьвіваўся
І паленцы ахінаў;
А дымок, як хвост зьмяіны,
Трапятаўся і гуляў
Ды скрозь сучкі ў галіны
Валаконцы працягаў
І губляўся на прасторы,
У ясным небі ціха млеў,
А з ім ніклі думкі, горо,
Зноў Сымонка весялеў.
Сам за кусьцікам схаваўся
І адтуль, як бы зьвярок,
Навакола азіраўся,
Бо Сымонка наш баяўся,
Каб агоньчык і дымок
Ні прывабіў хлопцаў с поля,
Ці з дарогі тут каго…
Бедны хлопчык: так нядоля
Гнула, нішчыла яго,
Што баяўся ўсіх да-звання,
Людзям веры ні даваў, І ў дарозі іх спатканне
За вярсту ён абегаў.
— Ну, лупінка запеклася!
От, ўжо прышчацца яны,
От, ім толькі засталася
Палавінка быць ў агні…
Ну, гатова! Не — сырая!
От, мінуцінка адна —
Ніхай добра падсыхае
Ды паджарыцца яна.
Так Сымонка ніцярпліва
Час, мінутку вылічаў
І на бульбу тую хціва
Вокам ласым пазіраў.
— Ну, цяпер — то ўжо гатова!
Даляй ён ні мог чакаць,
Падышоў, раскідаў дровы
І стаў бульбу выграбаць,
Выграб с прыску яе жыва,
У торбу борзьдзінька кладзе,
Усьміхаецца шчасьліва,
Торбу ўзяў ён і ідзе.
Выйме бульбу, пакачае
Між далоняў, дзьмухане Ды так смачна уплетае,
У бок нікуды ні зірне,
З бульбы вочак ні спускае.
От ён трохі падкрапіўся,
Зноў ажыў ён і ўздужаў,
С скрыпкай зноў цяпер насіўся,
Струнку зьвязваў, нацягаў.
А як ўсё было гатова,
Узяў зашморганы смычок —
І заслухалась дуброва,
Дуб стары, маладнячок,
Як Сымонка здольна смыкам
С скрыпкі сьлёзы выцягаў
І як дзіўным яе зыкам
Усё вакруг тут чараваў.
Усё забыў цяпер Сымонка,
Скрыпцы душу ўсю аддаў;
Граў то ціха ён, то звонка,
І жалобна заміраў;
То зноў скрыпка галасіла
Сумнай восені дажджом,
То зьвінела, гаманіла
І лілася ручаём
І адразу адрывала
Сьпеў магутнасьці яна, Каб зноў горам задрыжала
Яе чуткая струна.
Граў Сымонка і часамі
Смык ад скрыпкі аднімаў
І куды-сь то ў глыб вачамі
Угледаўся, пазіраў,
Ды так пільна і старанне,
Бытцым думкі ён лавіў,
Тыя сьпевы, тое гранне,
Чым ён ў гэты момэнт жыў.
Потым зноў ён ачынаўся
Сэрцо білося ў грудзях,
І агоньчык запаляўся
У яго круглінькіх вачах.
Зноў над скрыпкай смык жалобна
Бегаў плачучы, рыдаў,
І сьлезамі дробна, дробна
Усю дуброву напоўняў.
Сьціхнуў хлопчык, азірнуўшысь,
І падскочыў: перад ім
Сівы дзед стаіць, сагнуўшысь,
Вокам міргае сляпым.
Ен стаяў, як здань якая,
Абапёршысь на кіёк, Галава яго сівая
Пахілілася на бок.
Страшны, бледны, абарваны
Жыцця пасынак, бедак, —
У анучы і лахманы
Быў ахіняны жабрак.
— Хто ты, хлопчэ? — дзед спытаўся, —
Чый сынок? Якіх бацькоў?
Ты праўдзівы, ці мне здаўся?
Ты ні дух гэтых лясоў?
Божэ-ж мілы, як ты граеш!
Усё нутро ты мне спаліў…
С кім хаўрус, скажы мне, маеш?
Чорт, ці анёл навучыў
Граць так здольна, так прыгожа,
Што ні ў сілах жаль стрымаць,
І душа стрываць ні можэ,
Каб ні плакаць, ні рыдаць.
— Я — Сымонка, сын Панасаў,
З дому выгнаны, дзядок!
— А за што і з якіх часаў?
— Я ні ўпасьвіў авечок.
Воўк ўскочыў і параніў,
Трох на полі задушыў; Бацька лаяў мяне, ганіў,
Потым дзьверы адчыніў
І прагнаў у сьвет без хлеба,
З дому роднаго, двара…
— Ну, ні плач, сынок, ні трэба…
А я думаў: ты — мара.
Дзе-ж ты, сынку, ў твае годы
Навучыўся так іграць?
Ці табе Пан Бог з уроды
Судзіў талент такі даць?
Божэ-ж мілы, от дык бацька!
Але-ж, мусіць, ён ні знаў,
Як с табою ён багацька
Траціў, дурэнь, і губляў.
А мо‘, сынку, трошкі хлусіш?..
Ды ні с тых, здаецца, не!
Што-ж цяпер ты рабіць мусіш?
Эх, каб талент твой ды — мне…
— Што-ж бы ты рабіў, дзядуня,
Каб умеў на скрыпцы граць?
— Шчасьце ў рукі к табе суне,
Ні умееш толькі браць… —
Але змоўкнуў і замяўся
Ды закашляўся стары, Знаць штось сьцяміў, дагадаўся.
— Кепска, што ні гавары, —
Дзед другое ужо трактуе, —
Ты малы яшчэ зусім,
Усякі скрыўдзіць і ушчуе,
Бо што цацкацца з малым?!
А тым часам блізка холад,
Прыдзе с сівяру зіма…
Ой, зазнаеш, хлопча, голад,
Як прытулішча німа!
А дзе пойдзеш і хто прыме,
Калі самі ўсю зіму
Печы ціскаюць плячыма?
Не, табе, брат, аднаму
Горка, горка давядзецца, —
Ты старога запытай.
Ой, часамі так прыпрэцца,
Што хоць рэпачку сьпевай.
А на сьвеці, хлопча, усякіх
Многа знойдзецца людзей, —
На пахілых і сабакі
Брэшуць злосьней і гарэй…
А ты-ж як надумаў, дзеткі?
— А ні ведаю, ніяк… — Гм! То кепска, мая кветка! —
Галавой матнуў жэбрак.
Змоўк дзядок, маўчаў Сымонка,
Апусьціўшы вочы ў дол,
А жабрак размысьліў тонка
І гаворэ: — Што-ж, сакол,
Калі хочыш, пойдзем разам
Хлеб жэбрачы дабываць,
Маліць Бога прад абразам…
Ты мне будзеш памагаць.
Што заробім, то падзелім.
Памяркуемся. Дык што?
Да паноў у двор мы цэлім,
І цябе са мной ніхто
Ні пакрыўдзіць, ні ушчуе,
Перакідаеш зіму;
Там — Бог-бацька, ні скрыўдуе,
Ні захочыцца Яму
Нашых горкіх сьлёз сірочых.
Думай, хлопчэ, разважай.
— Хай так будзе, як дзед хочэ, —
Мне адзін ўсюды рай.
— От і добра! Ні пагінеш,
Хлеба знойдзецца кусок… Што-ж, Сымонка, адпачынеш,
Ды пацягнемся, браток:
Дзень кароткі, вечар скора, —
Аб начлезі думаць час.
Бог ні схочэ — без прызору
Ні пакіне, дзеткі, нас.
Зноў Сымонка засмуціўся,
Вокам ўсё кругом абвёў.
Нідалёка дым курыўся,
Вецяр попел гнаў з вуглёў;
Тух агоньчык, што прыветна
Так хлапчынку прыхінуў.
Жаль Сымонку агарнуў,
І сьлязінку нізаметна
Рукавом ён абмахнуў.
Усходзіць сонца, і сьвет с цьмою, —
Прэдстаўцы пачаткаў двух,
Так ні сходных між сабою, —
Памяжуюць с кругам круг.
Нікне ночка. Дзень чуць значна
С сьмехам ясным на вуснох
Ідзе з ёю ў стэп ніўбачны, Покі згубіць ў глыбінох
Цёмна-сініх і далёкіх
Там, дзе зорачкі гараць,
І дзе хмарак адзінокіх
Віхр ні смее заганяць.
Як той дзень за ночкай сьледам
Ходзе кожную пару,
Шоў Сымон за старцам-дзедам:
Уніз адзін, другі ўгару.
Дзед слабеў і траціў сілы.
Жыцця круг ён замыкаў,
І ступаў на край магілы:
Хлопчык жыцце пачынаў.
Шлі яны ад хаты к хаці,
З вёскі ў вёску, с края ў край,
У сермяжках — латка ў лаці,
З адным толькі словам: — дай!
І ў прыгодзе ўсё бывала:
Ціснуў холад іх, мароз,
Уюга вочы засыпала.
Вецяр торбачкі іх трос,
Як шалёны выў, сьмеяўся,
Біў іх сьнегам, з ног скідаў,
Ды ў лахмоцці забіраўся, Шапкі з іх галоў зрываў
І ганяў па сьнежным полі
Злы, безжаласны, вар‘ят!
І Сымонка, як ніколі,
Сьлёз і гора вынес шмат.
Але хлопчык шоў пакорна,
Мерным крокам, як і дзед, —
Усюды сьцежка ім прасторна,
Волен ўсюды Божы сьвет.
Ды што нам у тым прасторы?
Што нам шыр без берагоў,
Калі мы — чаўны у моры
Без вясла і парусоў?
І арлу прастор ні мілы,
Хоць і волен яму пуць,
Калі ён ні мае сілы
Вольна скрыдламі ўзмахнуць
І ляцець, куды ён хоча —
У багну сіняй глыбіны,
Там, дзе ў хмарах гром ракоча,
Шле маланка пяруны.
Ніразлучны с скрыпкай — другам
Плёўся хлопчык, ў сьнезе вяз,
А па хатах з дзедам цугам, Узьняўшы вочы на абраз,
Пеў жабрацкія «літанні»;
А калі дзед начаваў,
То старэцкія сьпеванні
Ен на скрыпцы выцінаў.
І тагды, як зрэдка сьпевы
Песянь дзедавых сьвятых
Ціхім жаласьці павевам
Дакраналісь струн жывых,
Раптам скрыпка ажывала ў
І другім ўжо языком
Жаласьць сэрца выяўляла
І зьвінела пад смыком.
І тагды кругом Сымонкі
Шум ў хаці заціхаў,
І ўздыхалі ціха жонкі
І ўсіх смутак ахінаў.
Іх тагды шчырэй дарылі,
Ласкавей былі да іх
І на другі раз прасілі,
Як знаёмых ўжо старых…
Грош завёўся ў дзеда ў латах,
Запамог Сымон яму.
Так ў дарогах і па хатах Перакідалі зіму.
Даў Бог весну. Ручаямі
Зьбеглі талыя сьнягі,
І, пад цёплымі лучамі,
З рэчак спалі ланцугі.
Зноў вакруг загаманіло
Жыцце радасьцю, вясной,
Шчасьце, долячку суліло,
Зноў валало і маніло
У даль з надзеяй за сабой.
А Сымонка ніцярпліва,
Сам ні знаючы чаму,
Ждаў даўно вясны, як дзіва,
І кляў холад і зіму.
І цяпер ён быў вясёлы,
Радасьць ў сэрцы пачуваў,
Як бы гралі там анёлы,
І сам ціхінька сьпеваў
А пра што — душа ні знала.
Так сьпевалося само,
Толькі чуў ён, што спадало
С шыі цяжкае ярмо
Адзіноты, долі горкай:
Жыць хацелось і сьпеваць, А у ночы з Божай зоркай
Доўга, доўга размаўляць.
Ен любіў і небо ясно,
Сьпеў зямлі з яе красой
І з натурай згодна, шчасна
Жыў, зьліваючысь душой.
Часта дзед, йдучы с Сымонам,
У гай сходзіў спачываць,
Каб пад дубам там зялёным
Плечуке крыху размяць.
Сядзе, торбы пазьнімае,
Іншы раз і прыкархне,
А то часта пад шум гаю
С хлопцам гутарку расчне.
Дзед хадзіў па сьвеці многа,
І ні мала ён пражыў,
Дык ні дзіво — у старога
Язык спраўна латашыў.
Толькі-б дзед разгаварыўся,
Потым трудна супыніць:
Сказ за сказам так і ліўся,
І бубніць дзед, і бубніць,
Як у восень дождж па стрэсі.
І адкуль ён толькі браў! І любіў Сымон, як ў лесі
Дзед казанне расчынаў!
А кругом было так міла,
Лес ці гай чуць-чуць шумеў,
Мошка крыллямі званіла,
Чмель над краскаю гудзеў,
Абнімаў яе галоўку
І так смачна цалаваў,
Бы дзяўчыну-чорнаброўку
Шчыра к сэрцу прыгартаў.
Дзед садзіўся каля дуба,
Плечы к комлю прыпіраў
І ў старэчы рот беззубы
Цыбучок кароткі браў.
А Сымонка проці дзеда
Клаўся проста жыватом,
І лілася іх бяседа
Згодным, прыткім ручаём.
Толькі-ж дзед стаў штось трывожны,
Аб зладзеях гаварыў,
Нізнаёмы падарожны
Страх на дзеда навадзіў.
І Сымонка зауважыў,
Як дзед пазухі бярог, Як туды ён часта лазіў,
Толькі ўстаў, або прылёг.
— Што, дзед хвор? — пытаў хлапчына
— Ды й ні дуж такі, браток, —
Крэкчэ хітра старычына,
Зноў хапаецца за бок,
Стогне, войкае нарокам,
Як бы й праўду штось баліць.
А у дзеда там за бокам
Срэбро, золато ляжыць.
Вот ён байкі выдумляе:
Як зладзеяў моцна бьюць,
Што за доля іх спаткае,
Як у пекло пападуць.
Божэ, як іх там ушчуюць:
Вараць чэрці іх ў катлох,
Шкуру кіпцямі зьдзіраюць
З іх зладзейскіх рук і ног,
Бьюць іх ў сьпіну бусакамі,
І жывое мясо рвуць,
І па пальцах малаткамі
Жараць, косьці іх таўкуць.
А найгорай тым трапляе,
Хто нішчасных жабракоў Крыўдзіць, губе, акрадае —
І ні скажыш — німа слоў!
Быў як раз пачатак мая.
Ну, й была тагды вясна!
От такая, што бывае
Можэ ў сотні лет адна.
У меру ўсё было і ў пору:
Дожджык пройдзе, зноў цяпло,
Усё цягнулось к сонцу, ў гору,
Красавало і цьвіло.
Выйдзеш с хаты на до-сьвеці, —
От-бы воздух так і піў.
І расьлі-б, здаецца, дзеці,
Каб ў раллі іх пасадзіў!
А дзянёчак як настане!
Сонцо у лісьццю задрыжыць,
Капля роскі на каштане
Сьмехам ясным заблішчыць.
Якіх красак самавітых
Ні адабьецца ў тэй расе!
Залатых і срэбралітых, —
«Тэнчы» коляры усе!
Сонцо вышэй падплывае, Хмарак лёгінькі пушок
Тчэ з валоканцаў, сплятае
Сонцу белінькі вянок.
А вакруг так ціха, гожа,
А паслухаеш — чутно,
Як расьце травінка Божа,
Нівак сьвежае руно.
І з зямлі празрыстым парам
К небу ўзносіцца туман,
Як малітва сонцу, хмарам,
І дрыжыць, гарыць пажарам
Скат узгоркаў і курган.
Ну, вясна была на дзіво!
Не, Сымонку ні забыць
Тэй вясны, пары шчасьлівай,
Покі ў сьвеці будзе жыць.
То было як раз на Ушэсьце,
Слаўны быў такі дзянёк!
Увесь дзень парыло, а ўрэшці
Узьняўся ціхі вецярок,
Ды густы падуў з заходу
І засьценьваў неба край.
— Будзе нейкая прыгода,
Кроку, хлопчэ, падбаўляй! Дождж, брат, будзе: косьці ныюць,
Млявасьць чуецца, браток…
Эх, як хмары небо крыюць,
Унь іх коціцца клубок!
Дзед з Сымонам адзінока
Шлі дарогай між палёў.
— Глянь — мо‘ вёска нідалёка?
— Ні відаць нідзе дамоў, —
Азірнуўшысь, хлопчык кажа,
Ды ізноў маўчком ішлі,
А на захадзі, як сажа,
Хмары цёмныя ішлі,
Грамадзілісь, націскалісь
Іх страшэнныя клубы;
Расхадзілісь, зноў сплывалісь
Іх калматыя чубы.
Як зьмяе, клубке качалісь,
Перавальвалісь, зьлівалісь
Ды упярод цяжэрна йшлі,
Ткалі хмару за сабою,
Страшнай, цёмнаю сьцяною
Выпоўзалі с-пад зямлі,
Шырэй небо ахіналі,
Ноч рабілі без пары, І відаць, што бушавалі
У хмарах страшныя віхры.
У бліскавіцах, з грозным рэвам,
Навісала хмар стрэха,
Гук далёкі Божым гневам
Разліваўся перш сьціха,
Потым бліжэй, бліжэй плыне
Ды часьцей, ды усё гучней.
— Ну, Сымон: дождж, брат, ліне,
Хоць бы хата дзе скарэй!
А Сымон быў зачарован
Хмараў грознаю гульнёй,
Погляд быў яго прыкован
Да таго, што над зямлёй
Хмары ў небі выраблялі:
Як таўкаліся яны,
Як маланкі іх гаралі
І трасьлі іх пяруны.
Дзед барджэй ісьці стараўся
І Сымонку падганяў,
Шоў, на момант прыпыняўся,
Вёскі поглядам шукаў,
Ды хрысьціўся тарапліва,
Як маланка жахане. — Божэ добры, літасьцівы! —
Прагаворэ і ўздыхне.
— Дзед! Чаму прад бліскавіцай
Ты крыж трэйчы палажыў?
— Ці ні ведаеш, дурніца:
Каб злы дух ні падступіў,
Бо Ілля яго, паганца,
Лупіць стрэламі грамоў,
Раз‘ежджаючы ў маланцы
Над зямлёй між аблакоў.
А злы дух, чарцяка, знае,
Як схавацца — ні хлушу;
Так і гэтак падступае
Пад хрышчоную душу.
От яго і ні пускаюць,
А як чорта ні пусьціць?
Люд набожны гэта знае:
Крыжык трэба палажыць,
От чарцяка і адскочыць —
Крыж страшней ўсяго яму.
А Ілля тут і даскочыць…
Ну, дык ведаеш чаму
Людзі хрысьцяцца, нябога,
Як стрэляюць пяруны? Каб часамі і самога
Ні распляжылі яны.
Хлопчык слухаў, рот раззявіў.
Страх Сымонку агарнуў,
Зноў у хмары вочы ўставіў,
І пад ногі ён зірнуў.
І яму цяпер здавалось,
Што з ім поруч, як клубок,
Нешта чорнае качалось.
Ні іначай, як чарток…
А у хмарах, на маланках
Верхам лётаў Ілія…
Ціха стало на палянках,
Заспакоілась зямля.
Усё баіцца і чакае
Чагось страшнаго, маўчыць…
Хмара-ж цяжка насядае,
Грозна крылля разнімае,
Гром бушуе, тарахціць.
— Дзедка! Бачыш — унь сяліба!
Брыкнуў радасна хлапчук.
— Што-ж? Мяжою пойдзем хіба, —
Дзед адклікнуўся на гук.
І с шляха яны зьвярнулі, На цяньке ідуць мяжой.
Хмары небо апранулі,
Даль закрылася імглой.
Ось загуў дождж ў аддаленні,
Вецяр дружна праляцеў,
Закачаўся да карэння
Лес і глуха зашумеў.
Як жывое срэбро, важка
С хмар пярэдніх дождж упаў,
За маланкай сьледам цяжка
Гром страшэнны загучаў.
І, здавалось, ні стрымала
Хмара ценжару грамоў,
Раптам ставы разарвала,
Бытцам рэчка лёд ўзламала
І пабегла з берагоў…
Як ёсьць мокрыя да ніткі,
У хату ўходзяць жэбракі.
— Што, пасёрбаў дожджык лыткі?
— Ох, нашчэнт змачыў такі! —
Адказаў дзед на пытанне,
«Пахвалёны» ў хату даў,
Зьняўшы шапку, і літанні
Сумным голасам расчаў. Стаў Сымонка каля лавы,
Хату поглядам абвёў;
Халаток яго дзіравы
Цёк у дзесяць ручаёў.
Загарэў бедак ад сонца,
Твар лушчыўся і ліняў,
І мізэрна так безконца
Гэты хлопчык выглядаў.
Толькі вочкі асьвечалі
Твар заморэны, худы
І так многа прыдавалі
Хлопцу гора і нуды!
У тых вочках адбівалась
Уся яго душа-крыштал,
Мысьль глыбокая снавалась, —
Жыцця горкаго закал.
І той погляд раз даволі
Хоць на момэнт улавіць,
Каб яго ужо ніколі
Ва ўсё жыцце ні забыць.
І Сымонку аглядалі
Можэ з дзесяць пар ачоў,
І відаць, што шкадавалі
Маладых яго гадкоў. Гаспадар тут жыў багаты,
Семяністы — жонка, сам,
Пяць хлапцоў ды тры дзеўчаты
Ды быў парабак, Адам.
— Што, дзядуля: гэты блазан
Свой табе, чужы, — ці як?
— Не, панюхна, ні сваяк.
Так, нідоляй са мной зьвязан.
— А радню якую мае?
Есьць бацькі, ці сірата?
— Есьць то ёсьць, мая любая,
Ды што-ж? цемянь, бедната:
Выгнаў бацька яго с хаты!
— Што ты кажыш? Выгнаў хто?
Хіба ён такі заўзяты,
Ці удраў ён можэ што?
Тут на хлопца вочы строга
Сам уставіў гаспадар.
— Бацька выгнаў? Бойся Бога!
Ты, як бачу, хлопчэ, лгар.
Добры жэўжык, — прызнавайся?
— Не, ягомасьць, як Бог сьвят…
— Ну, ты к хлопцу ні чапляйся,
Хіба ён тут вінават? Заступілась гаспадыня:
— Што карыць яго дарма?
Ад дабра бацькоў ні кіне,
Добра ведаю сама! —
Тут Сымонка ні стрымаўся, —
Як заплакаў, зарыдаў!
Крыўда, жаль яго прарваўся,
Горка ўздрыгіваў, дрыжаў,
Бо ён першы раз, нішчасны,
Слово жаласьці пачуў;
Слово ласкі, погляд ясны,
Сэрцо хлопцу павярнуў.
У хаці ўсім нідобра стало,
Усе пачулі чорствасьць, стыд.
Мусіць крыўды ўсчуў ні мала,
Калі плакаў так наўзрыд.
— Сьціхні, годзі, а то брыдка!
Хто ні бачыў тваіх сьлёз? —
Дзед тузнуў яго за сьвітку,
За плячук зьлегка патрос.
— А чыя-ж то скрыпка гэта? —
Зноў спытаўся гаспадар.
— То яго! О, граць ён — мэта!
Першай гільдзіі штукар! Ну, Сымоне, утні браце,
Хай паслухаюць паны!
Зацікавілісь у хаці —
Больш Сымон ім стаў дзіўны.
Хлопчык ўцёрся кулачкамі, —
Ен ўжо плакаць трошкі сьціх, —
І гаротнымі вачамі
Зноў акінуў тут усіх —
І на момэнт затрымаўся:
На яго ужо даўно
Мілы погляд цікаваўся,
Толькі-ж борзьдзінька схаваўся,
Чуць Сымон зірнуў адно.
Толькі-ж покі жыць ён будзе,
Ен ніколі ні забудзе
Пары ясьнінькіх ачок,
Чорных бровак, твар прыветны
І на ім чуць-чуць заметны
Добры, добрэнькі сьмяшок.
Ен ішчэ раз вочкі ўскінуў, —
Зноў пагляд той ўлавіў.
Тут Сымонка скрыпку вынуў,
Чуць галоўку пахіліў,
Заіграў — ды так прыўдала, Як ні разу ні іграў!
Скрыпка ціха вымаўляла
Так, што жаласьць пашыбала
І ўсіх смутак ахінаў.
Усё было у гэтым гранні:
Сьлёзы горкія цішы,
Сэрца сум і парыванне
Адзінокае душы;
Гора чулося, нігода
Маладой яго вясны,
Жыцця горкая прыгода,
І, скрозь смутак, радасьць, згода
Вырываліся с струны
І нясьліся дзіўным хорам,
Заглушалі сэрца стон.
Так ляціць над ціхім борам
Цёплым ранкам стройны звон,
Змоўклі ў хаці ўсе да звання,
Так Сымон зачараваў,
Толькі зрэдка, без пытання,
Сам сабой ўздох вылетаў.
Галаву рукой падпёршы,
Гаспадар прысеў за стол,
Нірухома, як абмёршы, Апусьціўшы вочы ў дол:
Гаспадыня, як стаяла;
Дык застыла так, маўчыць,
Бы яе што прыкавало,
На твары сьлеза блішчала.
Скрыпка-ж голасна зьвініць,
Грае хлопчык, ды часамі
Кіне вочкі ў той куток,
Каб спаткацца зноў вачамі,
С парай ясьнінькіх вачок.
І яны глядзелі пільна,
Ды так гожа і прыхільна
Што ў Сымонкі сэрцо, дух
Перад імі расцьвіталі;
Забываў ён ўсё вакруг,
І тагды струну раптоўна
Ажыўляў вясёлы тон.
Зноў хадзіў смык лёгка, роўна,
І с струнамі палюбоўна
У лепшай згодзі вёў гамон.
Так на полі, ў вечар мая,
Ветра лёгінькі павеў
Чуць калосікі гайдае
І з іх гутаркі складае, Ніўцямны людзям сьпеў.
Скончыў хлопчык. На калені
Смык і скрыпку палажыў
І ў маркотным задуменні
Вочкі-спонкі апусьціў.
Усе маўчалі, ўсім здавалось,
Што струна ні абарвалась,
І ішчэ гамоне смык, —
Так у сэрцы адклікаўся,
Без іх волі, сам ўрываўся
У душы іх чароўны зык.
— А браточак ты мой мілы,
Як-жэ граеш, дабрадзей!
Колькі здольнасьці і сілы!
Як завешся ты, пахілы?
Маці! Дай яму скарэй
Падкрапіцца — мо‘ галодны?
Ах, мой мілы, хлопчэ родны.
Музыканце, чарадзей!
Хвале хлопчыка малога
Гаспадар на ўсе лады.
— Ну, хадзі за стол, нябога!
Сядзь і ты, стары, сюды,
Пасілкуйцеся з дарогі, — Ты зьнімі, дзед, свой мяшок! —
Крэкчэ, дзякуе убогі:
— Ні турбуйцеся, панок!
От прысяду я тут с краю,
Хай вас Бог усіх цаліць…
Я, панок, — на што хлусіць?
Натта хлопца паважаю:
Добры хлопчык! Як да сына
Да яго, панок, прывык…
— А відаць, што малыйчына,
Толькі трошачку ён дзік
І худзенькі да замору…
Што-ж Сымон, брат, ні ясі?
Ганна! Зьбегай у камору,
Сыра, масла, прынясі!
Гаспадар к дачцэ зьвярнуўся.
— Зараз, татачка, у раз. —
Хлопчык зьлёгка стрэпянуўся:
Ганнай звалася якраз
Тая гожая дзяўчынка.
І прыўдалая-ж яна!
Станік тонкі, як націнка,
Твар — прыветная вясна;
А як гляне, вочкі ўскіне, Усьміхнецца — ясны дзень:
У каго хочыш злосьць астыне,
Раптам згіне с твару цень.
Праз мінутку, разам з маткай,
Ганна ў хату зноў вайшла:
Апусьціўшы вачэняткі,
Сыр убогім падала.
— Ну, частуй музыку, Ганя!
Засаромілась яна;
Як цьвет маку, ўся да звання
Шчочка стала чырвана:
Але вочкі ускідае
На Сымонку, ды ізноў
Саромяжліва спускае
Ды ніяк ні знойдзе слоў
Папрасіць яго, як трэба.
І Сымонка сам ні свой:
За сталом такі нізграба.
З сырам сыр есьць замест хлеба,
Трэ галушачкі рукой,
Ніжэй гне свой стан сірочы
І ні знае рук дзе дзець
І ні сьмее ёй у вочы
Сьмела, проста паглядзець. Дзед, тым часам, твар жэгнае,
Узьняўшы вочы к абразом,
Рукі ўгору узьдзевае
І прад Богам выслаўляе
Ен прыветны гэты дом.
— Блогаслоў дом, Божэ, гэты,
Усіх цалі тут і гадуй, —
У дому, ў полі, ў зімы, ў леты.
Божэ! Шчасьцейко даруй…
Дзякуй вам за падвячорак! —
Кажэ дзед гаспадаром.
— Ну, Сымон, да першых зорак
Можа ў Ліпы сьціганём? —
Хлопцу стало ўраз маркотна.
— Пойдзем! — Ціха ён ўздыхнуў
Ды падняўся і гаротна
Гэту хату азірнуў.
І пачуў ён, як заныло
Сэрцо беднае яго
І як жаласьць падступіла, —
І па чым яна? Чаго?
Так нудзьга, але безмерна
Абхапіла бедака.
Як ні міла і цяжэрна Гэта торба жэбрака!
— Тут начуйце, хто вас гоніць?
Унь на небі сколькі хмар!
Ды і позна — к ночы клоніць, —
Да іх кажэ гаспадар:
— Клуня блізка, і на сені
Можна хвацка сапачыць,
Чым вы мелі па калені
Гразь па-поцемку мясіць.
— О, ніхай вам Бог спрыяе!
Нам абы які куток, —
Кажэ дзед ды зноў зьнімае
Свае торбы і мяшок.
Сьціхлі сьпевы навальніцы,
Далей хмары ў сьвет пашлі.
І зьнікалі бліскавіцы
Разам с хмарамі ўдалі:
Разрывалісь, ападалі
Хмары кучамі на ніз.
Зоры ў небі замігалі,
Запалілісь, задрыжалі,
Загарэлась Божа высь. Толькі зрэдка гук грамучы,
Гром таёмны і магучы
Гневам Божым далетаў,
Ды ўсё небо пас бліскучы,
З зор сатканы, спавіваў.
Разгарнуўшысь дзіўным шляхам,
І пад змрокам, як пад дахам,
Сьвет трывожна заміраў.
Лёг Сымонка з дзедам ў сені,
Ні змыкае вочак сон,
Перад ім плывуць, як цені,
І ўстаюць з усіх старон,
Як хмурынкі залатыя
У дзіўным пожары лучоў,
Думкі, вобразы такія,
Для каторых німа слоў,
Каб ўлавіць іх было можна
І падняць із недр душы!
То нісьмела і трывожна,
Сьпевам-музыкай цішы,
Паднімалісь і зьнікалі,
Каб на зьмену ім ізноў
Шлі аднекуль, выплывалі
Роі новых абразоў. І адзін з іх, вобраз Гані,
Усіх ясьней і ўсіх ярчэй
Плыў, як зорачка ў тумані,
З мілым усьмехам вачэй,
Плыў, і клікаў, і сьмеяўся,
І маніў ён, і ласкаў,
Майскай краскай калыхаўся,
Песьняй Божаю сьпеваў.
У Сымонкі ціха ў сэрцы
Песьня склалася сама.
Ніадступна білась ў дзьверцы,
Ей спакою тут німа,
Хочэ вырвацца на волю,
Раскатурхаць сон цішы;
Томяць сьпеўкі грудзь да болю,
Хочуць выбіцца з душы.
Устаў хлапчынка, сеў на сені,
Сон яго ніяк ні браў,
Сьціснуў ручкамі калені
І галоўкай заківаў, —
І ні можэ хлопчык зладзіць
Сам с сабою, каб ні граць;
Узяў ён скрыпку, с торпы злазіць,
Сэрцу волю хочэ даць. Ноч ўсю зямлю агарнула,
Ліст заснуў на тапалёх:
Нават краска прыкархнула
У вузкіх межах на палёх:
Толькі месячык прыгожы
Сумны блеск свой разліваў
Ды баранчык дзесь-то Божы
Над балотамі блеяў.
А над цёмнай паласою,
Там, дзе сходзіцца з зямлёю
Край далёкіх небясоў,
Як па слову чараўніцы,
Гасьлі, ўспыхвалі зарніцы.
І зьнікалі без сьлядоў.
Змрок над імі чуць гайдаўся,
Ціха, боязна дрыжаў,
То на момэнт разступаўся,
То схадзіўся і гушчаў,
Каб ні страціць панавання,
Каб закрыць дарогу дню, —
А Сымонка слаў вітанні
І вачыма на спатканне
Цягся к Божаму агню.
Пастаяў, палюбаваўся Ён ўсім гэтым хараством.
І ў густы вішняк схаваўся
Пад парканам за садком,
І па струнцы, па шоўковай
Тромкнуў пальчыкам Сымон, —
Адазваўся песьняй новай
І панёсся стройнай мовай
Чуткіх струн удалы звон.
І казалі струны тыя,
Струны чуткія, жывыя:
«Хто разсыпаў ў небі зоры
Без канца і без чысла?
І каму у тым прасторы
Ночка, дол, лясэ і горы
У сьпевах кажуць «чэсьць, хвала?»
Для каго зарніцы зьяюць
З нісказанай быстрынёй
І цьму ночкі разганяюць?
Каго хмаркі выслаўляюць
На усходзі чарадой?
І хацеў бы з імі зьліцца
І я, зьбеглы і малы,
Каб з усімі ў тахт маліцца,
Каб з усімі палучыцца У зыках славы і хвалы!»
Струны звонюць, струны граюць,
Сьпеў ужо іншы выяўляюць:
«У небі зоркі, месяц зьяе —
Ціхі срэбраны кружок, —
І зарнічак рой гуляе;
У цьме ні нікне, ні счэзае.
Неба сьветлы беражок.
На зямлі-ж, пад небам гэтым
Зьяе іншая краса,
І цьвіце пышнейшым кветам
І яе прыветным сьветам
— Наша цешыцца душа…»
Тут Сымон настаражыўся,
— Раптам сьпевы абарваў —
Нібы куст заварушыўся.
— Хто тут? — хлопчык запытаў.
Лёгка, бы каза лесная,
І без шуму, як мара,
Ганна вішні расхінае.
— Гэта я, Сымонка, я!
Скрыпку ўчула, ні стрывала
І, схаваўшыся ў кусты,
С паўгадзіны тут стаяла, Вельмі-ж здольна граеш ты!
Век бы слухала, здаецца! —
Так гаворучы, яна
Села радам з ім, сьмяецца,
Ціхай радасьці поўна.
Хлопчык весь усхваляваўся,
Слоўца вымавіць ні мог,
Бы яму язык адняўся,
Рук ні чуў ён, ані ног,
— А як нас тут хто пачуе?
Урэшці вымавіў хлапчук: —
— Можэ матка засярдуе,
Бацька выйдзе твой на гук,
Скажэ — позна, спаць пагоне, —
Лепей так пасядзімо…
Ніхай ноч адно гамоне, —
Хай іграецца само…
— Хіба-ж ночка голас мае?
Ночка — проста ноч і цень,
Ноч як усё, сапачывае,
Ноч тагды, як гасьне дзень, —
Кажэ Ганна. — Нёж ніколі
Ты ні чула, як жыва,
Галасоў начных у полі, Ці як шэпчэцца трава?
Як у лесі дрэво з дрэвам
Ціха, важна загудзе,
І як жыто шумам-сьпевам
Мову-песьню, павядзе?
От, прыслухайся, Гануся,
Як сьпевае усё вакруг…
— Што ты кажаш? Я баюся:
То мо‘ страшэ нас злы дух?
— Не, ні бойся: ні пасьмее
І здалёк ён падступіць —
Усюды сьвятасьць, згода вее.
Глянь, як радасна дрыжыць
Небо зорнае, сьвятое,
І які прастор, разлог!
Чэзьне, нікне усё ліхое,
Бо на землю сходзе Бог…
А Ілля сьвяты прад гэтым
Езьдзіў ў хмарах, біў чартоў,
Разагнаў, пабіў без сьметы
Злыдняў стрэламі грамоў;
Іх нідзе німа сягоння,
Зноў у пекло іх запруць…
— Як ты знаеш ўсё, Сымоне! Разскажы мне што нібудзь,
Пра сваю скажы старонку,
Як ты жыў, як будзеш жыць? —
Просіць Ганна і Сымонку
У вочкі хораша глядзіць,
Усьміхнуўся хлопчык, рады
С тэй увагі, з гэтых слоў,
І пра жыцця свайго здрады
Ціха гутарку павёў…
Разсказаў, дзе ён радзіўся,
Як ён жыў і чым ён жыў,
Як і с кім калі здружыўся,
Чым ён сэрцо весяліў,
Аб усім казаў праўдзіва,
Проста, здатна ён казаў,
Усе спаміны свае жыва
Вольным словам маляваў,
І абразы за абразам
Шлі, ўставалі с туманоў,
Здольным сумным-сумным сказам
Ткалісь згодна, клалісь разам,
Як часамі з аблакоў
Тчэцца хмара дажджэвая…
Ганна слухала той сказ Пільна, вочак ні спушчае,
Хоць парушылась-бы з раз.
— Ой, Сымонка, як цікава!
Ну-ж, і гора ты зазнаў!
Кажа дзеўчынка ласкава:
— Ты усё жыцце гараваў.
Ці ты ўжо такім радзіўся,
Ці табе так Бог судзіў,
Каб пакутаваў, нудзіўся
І як прокляты хадзіў?!
— Не, не, Ганна залатая!
Ласкаў Бог і на мяне:
І мне радасьць пасылае
У сьпевах ночкі, цішыне…
От паслухай:
«То ніўдалы,
Ніхлемяжы быў дубок,
Сярод траў, ў глушы запалы,
І пахілены на бок.
Хто быў дужшы і праворны,
Той грунт лепшы карыстаў,
Для таго быў сьвет прасторны,
А слабейшы і пакорны
Толькі жыцце марнаваў. Усе дубэ расьлі, таўшчалі,
А закіданы дубок
За нівошта зьневажалі;
І ён быў там адзінок,
Зьмізарнелы і адметны,
Для другіх дубоў чужы;
З ім быў кожны ніпрыветны,
Як той камень на мяжы.
Збоку глянуць, ўсім здавалось,
Што дубок той прападаў,
Што з яго трава сьмеялась,
Што дарма ён грунт займаў.
Так другія разважалі,
А што думаў сам бедак,
То таго яны ні зналі,
Ні дагадвалісь ніяк.
А ў яго быў кут багаты
Усякіх думак, сьпеву, сноў,
Казак вугал ніначаты,
З ім размову вецяр вёў,
І яму сьмеялісь хмаркі
Ды віталісь моўчкі з ім,
Плывучы ў адзэнні яркім,
Тканым сонцам залатым. З ім усё лето, дзень і ночку
Булькаў сьветлы ручаёк,
А з лясоў, с палёў дубочку
Нёс навіны матылёк.
А ён слухаў, сам маркотны,
Усіх гатовы падтрымаць
І палёгку усім гаротным,
Як і сам ён, хацеў даць,
Каб ўсе чыста былі рады,
Каб ніхто ні гараваў,
І каб крыўды, ліха, здрады
Больш ніхто ні зазнаваў.
Углыбіўшысь ў думкі сьвета,
Зьліўшысь з гэтым усім жыццём,
У горкі жаль яго адзеты,
Ен зрабіўся песьняром.
І сьпеваў ён так прыўдало
У час, як сьвет сапачываў,
Што аж небо ўсё дрыжало,
І зямля ўся замірала,
І дух згоды ахінаў.
Тагды ўсё яго стварэнні,
І усё слухало той сьпеў.
Чэзло здраднае насенне, Пераходзіў ў радасьць гнеў,
Ажывала ноч глухая,
Зноў займаўся ясны дзень…
Здрыганулась сіла злая,
Чуе — кепска: згіне цень.
Сьціхла песьня — цёмна стало,
Ураз пагасьлі ўсе агне,
І сякера заблішчала
Пры дубовым каране.
Ссеклі злыдні дзіво-дрэво,
Сэрцо вынялі з яго,
Каб ні чулі ночы сьпеву
Найдзіўнейшаго таго;
А дубок без сэрцавіны
Злосна кінулі на дол.
Змоўклі песьні с тэй часіны,
Сумна стало навакол,
Толькі зрэдка, на сьвітанні,
Як уздымаўся вецярок,
Чулісь журба і стагнанне —
Плакаў ссечаны дубок.
Шоў тым мейсцам падарожны
І спыніўся: чуе ён —
Ні то голас чый прыветны, Ні то струн балючы звон,
Аглянуўся — нікагутка…
Бліжэй к дзераву ступіў —
Што за дзіво? Што за чутка?
Дуб жалобна галасіў,
Як бы скаргу слаў да Бога,
Ці на долю нарэкаў…
Падарожны з дуба тога
Дудку жыва змайстраваў.
І пашоў у сьвет ён Божы
З гэтай дудкай жабраваць,
Ды ужо ні так прыгожа
Гэта дудка стала граць,
Бо ні тое на ёй гралі,
Чым душа яе жыла,
Бо дар у ёй тамавалі,
Бо нівольніцай была.
І нудзілась дудка тая
Усё аб родных каранёх,
Аб праўдзівых песьнях края,
Мілым лузі і палёх…
Толькі-ж раз яна пачула
Родны воклік, родны зык,
Воля, ласка ёй вярнула Злымі вынаты язык.
І за момэнт ласкі, волі
Усё гатова дараваць,
І за гэта сваю долю
Стала дудка выслаўляць.
А як волю усю пачуе —
Зноў, як колісь, ажыве,
Ды зноў песьня запануе,
У сьвет далёка паплыве.
А на тых яе карэннях
Дрэвы новыя ўзрастуць
І другому пакаленню
Яе песьню дапяюць».
Скончыў хлопчык казку гора,
І галоўку пахінуў…
Зноў Сымонку, як учора,
Жаль вялікі агарнуў.
Ганна слоўка ні ўраніла,
Ўся замёрла, як і ён,
Бы жуда іх ахапіла,
Надышла з усіх старон.
І зьнячэўку Ганна ўстала,
Усім надхнулася нутром, У твар яго пацалавала
Крэпка-крэпка! І прапала
Дзесь ў саду за вішняком.
На усходзі чырвань грала,
Цень зьбегала, нікнуў змрок,
І зямля ужо вітала
Новы радасны дзянёк.
|