Сцяг ты чырвоны трымай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Сцяг ты чырвоны трымай
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1920


Гэй, пагарджаны народ,
Смела з адвагай ўпярод!
Скінуў няволі цяжар, —
Сам будзь зямлі гаспадар.

Шмат працаваў на паноў,
Шмат хто смактаў тваю кроў:
Ім ты цяпер адплаці, —
Птушкаю ў бой паляці.

Чуеш на захадзе крык?
Стан іх ужо невялік.
Белае мрэ страхаццё…
Смерць жа іх — наша жыццё.

Смела наперад у бой,
Хто не памершы душой
Гэй, барані вольны край,
Сцяг ты чырвоны трымай!

1920