Сучаснае палажэньне Праваслаўнае царквы ў Заходняй Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сучаснае палажэньне Праваслаўнае царквы ў Заходняй Беларусі
Артыкул
Аўтар: Усевалад Більдзюкевіч
1930 год
З дакладу гр. У. Більдзюкевіча адчытанага 14/ІІІ—1930 на канфэрэнцыі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праваслаўная вера зьяўляецца старэйшым хрысьціянскім вызнаньнем на нашых землях. Першыя мучанікі за веру Хрыстовую былі праваслаўныя. Першыя храмы, якія былі пабудованы у нашым краі былі праваслаўныя Царквы.

На тым мейсцы, дзе цяпер у Вільні стаіць Мікалаеўская Царква, пры В. Кн. Літоўскім Гэдыміне была пабудована нявелічкая дзераўляная царква ў імя сьв. Мікалая.

Жонка В. кн. Альгерда Мар'я Яраслаўна пабудавала нашую Пятнічную Царкву.

Да 1506 году у Горадні ня было ніводнага каталіцкага касьцёла.

Каталіцтва пачынае распаўсюджывацца ў Ліцьве, часткай захопліваючы і беларусаў, толькі ад 1386, года хрышчэньня В. Кн. Ягеллы.

Наколькі моцным было ў той час Праваслаўе на Літоўска-беларускіх землях аб гэтым сьведчыць акт Гарадзельскай вуніі (1413 г), якая ўжо абмяжоўвае правы Праваслаўнае Царквы на карысьць каталіцтва.

З мамэнту адыходу Беларускіх зямель пад панаваньне Літвы і стварэньня Вялікага Літоўска-Беларускага Княжства, Праваслаўная Царква пачынае змагацца за сваю самабытнасьць.

У 1414 годзе склікаецца Царкоўны Сабор, на якім апавяшчаецца аўтакэфалія і ў 1415 годзе Беларуская Царква мае першага сваіго мітрапаліта Грыгора Цамбляка — які становіцца галавою аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Вялікім Літоўска-Беларускім Княжстве.

Гэтая аўтэкафалія ніколі кананічным парадкам ня была скасавана.

Калі Кіеў адыйшоў да Масквы, то прызнаньне залежнасьці Праваслаўнай Царквы ў В. Кн. Літоўска-Беларускім ад маскоўскага Патрыярха праз Кіеўскага і Усяе Белае і Малае Русі, мітрапаліта Гэдэона было аднабокім актам Масквы і Канстантынаполя.

Гэты пэрыяд самастойнага існаваньня Праваслаўнай Царквы ў В. Кн. Літоўска-Беларускім трэба лічыць самым слаўным пэрыядам у гісторыі нашае царквы.

Перажываны моцны ўціск з боку каталіцкага духавенства, асабліва з боку айцоў езуітаў, а таксама з боку каталіцкага польскага грамадзянства і польскай улады, Праваслаўная царква захоўваючы Апостальскія Саборныя запаведзі змагла аб'еднаць у адзінае цэлае і сваё духавенства і верны ёй праваслаўны народ. Духавенства, якое было роднае народу па мове і па крыві зьлілося з народам і народ бараніў, як сваю веру, так і сваіх духоўных пастыраў.

Вялікую ролю тады ў нас на Беларусі адыгрывалі праваслаўныя брацтвы.

У брацтвах аб'едналіся лепшыя праваслаўныя людзі нашай зямлі і моцна стаялі за сваю сьв. веру і за свой народ.

Царкоўным жыцьцём фактычна кіравалі брацтвы, якія былі адзінымі абаронцамі сваёй праваслаўнай веры і свайго праваслаўнага духавенства ад уціску як з боку сьвецкай улады так і каталіцкага духавенства.

Вера праваслаўная была нацыянальнай верай беларускага народу.

Пры Кацярыне Вялікай беларуска-літоўскія землі адыходзяць да Польшчы і ад гэтага часу меняецца самыўстрой нашае Царквы. Рэформа Пётра Вялікага замяніла Саборны лад Расейскае царквы на Сынодальна-Кансысторскі, пры якой царква траціць сваю самастойнасьці становіцца звычайнай інстытуцыяй якая ўсёцэла знайходзіцца пад уплывам улады адміністрацыйнай. Расейская палітыка якая йшла ў кірунку русыфікацыя нашага краю павінна была зьвярнуць сваю ўвагу на праваслаўнае духавенства, бо духавенства нашае, якое ў той час было нацыянальным духавенствам, стаяло блізка да народу і карысталася вялікімі ўплывамі на насельніцтва.

І вось высшыя духоўныя становішчы пачалі замяшчацца або расейцамі або ўгадоўцамі, якія за гонар і грошы сталі верна служыць царскай уладзе.

Высшыя духоўныя ўстановы і духоўныя сэмінарыі сталі расейскімі.

Мала па малу паддалося і сельскае духавенства, якое яшчэ было верным свайму народу.

Пачало і яно русыфікавацца, тым балей што Расейскі ўрад паставіў яго ў добрыя матэр’яльныя варункі.

Кроўная сувязь праваслаўнага духавенства, якая вязала яго з народам парываецца, само духавенства выдзяляецца ў асобную касту, якая за ўсялякую цану стараецца ўтрымаць сваё ўпрывілеяванае становішча, зьвязанае з пэўнымі матэр'яльнымі карысьцямі.

На Беларусі на народ духавенства пачынае глядзець, як на цёмную мужыцкую масу і лічыцца з ім толькі як з крыніцаю свайго дабрабыту.

Духавенства пачынае лічыць сябе — рускім, народу стараецца ўмушчыць, што праваслаўны беларус — „это ісконі русскій человек".

Да мовы беларускай яно абносіцца з пагардаю як да мовы простай, мужыцкай.

Вось якую спадчыну мы атрымалі ад Расейскай Царскай Улады.

Даўно ўжо няма Расейскае Імпэрыі, нашыя землі адыйшлі да Польшчы. Беларускі народ, з якім ня лічыліся, сьвядома і моцна падняў свой голас. У складзе Польскай Дзяржавы мы прызнаныя канстытуцяй, як нацыянальная меньшасьць. Сьвядомасьць гэтага пранікала ў шырокія масы і беларускі народ пачынае змагацца за свае нацыянальныя правы, за зьдзейсьненьне сваіх нацыянальных ідэалаў.

Але праваслаўнае духавенства з народам не пайшло, яно і да гэтай пары, ня можа пагадзіцца з тым, што наш край адыйшоў ад Расеі, што праваслаўнае духавенства павінна быць цяпер духоўным пастырам беларускага народу.

Да гэтай пары сярод нашага духавенства пануе русафільства і русыфікатарства.

Жыды маюць равінам свайго жыда, палякі-каталікі — свайго ксяндза паляка, ліцьвіны — свайго ліцьвіна, нават нашыя браты беларусы каталікі маюць сваіх кзяндзоў беларусаў.

Чамуж толькі мы праваслаўныя беларусы павінны мець духавенства расейскае?

Але і мы з гэным згадзіцца ня можам!

Ня можам таму, што лічым праваслаўную веру сваёй нацыянальнай верай, што нам нашая вера даражэй усяго на сьвеце.

Ня можам таму, што такое палажэньне вядзе да ўпадку ў нас Праваслаўя. Расьце з кожным днём сярод народу бязбожжа, бязьвера, індэфэрэнтызм да пытаньняў веры.

Расьце сэктанства: бабтызм, метадызм і інш., якое адхоплівае ад лона Праваслаўнае Царквы ёй верных.

Рымска-Каталіцкая Царква ізноў высоўвае на парадак дня вунію і стараецца правесьці т. зв. рэвіндыкацыю цэркваў. Адным словам ідзе развал Праваслаўнае царквы і трэба шукаць ратунку. Высшая Царкоўная Улада знайшла гэты ратунак у скліканьні Усепольскага Праваслаўнага Сабору. Але да справы гэтай падыйшла ня шчыра. Замест таго каб запраўды Сабор даў магчымасьць усебакова высьвятліць сучаснае палажэньне Праваслаўнае Царквы ў Польшчы, замест таго каб сабраць на Сабор прадстаўнікоў ад беларусаў і ўкраінцаў, якія складаюць 80 пр. усяго праваслаўнага насельніцтва, выбарчая ардынацыя Сабору была так падтасавана, што на яго маглі трапіць толькі адныя расейцы.

Ясна, што такая выбарчая ардынацыя не магла не спаткаць пратэстаў з боку праваслаўных беларусаў, якія не маглі дапусьціць, каб на Саборы ня было прадстаўнікоў ад беларускага народу.

Стварыўся спэцыяльны Царкоўны Камітэт, які востра выступіў на старонках беларускай прэсы супроць выбараў на Сабор.

Потым выступіла з сваім мэмарыялам на імя Мітрапаліта Діанісія Т-ва „Прасьвета”, у якім падкрэсьліваецца аднабокасьць выбарчай ардынарыі і праводзіцца думка, што да скліканьня Сабору павінны быць праведзены караныя рэформы Праваслаўнае царквы на Беларусі.

Нарэшце 14 сакавіка 1930 г. адбылася першая Праваслаўная беларуская Канфэрэнцыя — Сход, пратакол якой і вынясеньні разалюцыі зьмяшчаем ў гэным нумары нашае часапісі.

Да гэтай пары ў справе Праваслаўнай царквы беларусы выступалі неарганізавана і вось Кан. 14 сакавіка парушае спр. арганізаванага выступленьня — на якой і быў закладзены першы Беларускі Праваслаўны Камітэт.

Нашае выступленьне расейцы стараюцца рэклямаваць як спробу разбурэньня праваслаўнае царквы ва Беларусі. Зразумела робіцца гэта імі толькі дзеля таго каб дыскрэдытаваць новапастаўшую беларускаю праваслаўнаю арганізацыю, якая мае на мэце падтрыманьне праваслаўя і ўзмацненьне Яго.

І пункт нашага статуту: „Цэнтральны Беларускі Праваслаўны Камітэт па беларусізацыі Царквы прызнае ненарушымасьць дагматаў, канонаў і абрадаў Праваслаўнае Царквы, а таксама Аўтакэфалію Праваслаўнае Царквы ў Польшчы і Яе Галаву ў асобе Мітрапаліта“ ясна гаворыць, аб тым, што Праваслаўная царква ў Польшчы павінна быць Адзінай Праваслаўнай Царквой.

У рэзалюцыі, якая была вынесена на сходзе 14. ІІІ. 30 г. і ў § З статута ясна падкрэсьліваем, што мовай цэркоўна-богаслужэбнай павінна быць мова царкоўна-славянская.

Так што-ж тады выклікае абурэньне расейцаў?

А гэта тое, што мы хочам духавенства зблізіць з народам, што мы хочам мець духавенства нацыянальна зьвязанае з народам, якое стаяла бы блізка да народу і было бы яго першым сябрам і дарадчыкам.

Мы хочам, каб народ як і раней ў сваім гістарычным прошлым моцна стаяў бы за сваю Сьвятую Веру і бараніў бы Яе.

Мы хочам каб духавенства было нашае беларускае, а не расейскае як гэта маем цяпер.

Каб наш духаўнік ня цураўся бы нашай мовы, як мовы „простай някультурнай", а лічыў бы яе сваёй роднай і на гэтай мове вучыў бы народ верыць у Бога і любіць Яго, каб народ разумеў бы свайго пастыра і прыняў бы яго вучэньне душой і сэрцам. Мы дамагаемся ськліканьня Усепольскага Праваслаўнага Сабору, які бы аб'еднаў ўсіх веруючых у Адзіную Саборную Апостальскаю Праваслаўную Царкву ў Польшчы.

Вось тая беларусізацыя якой так палохаюцца расейцы і расейскае праваслаўнае духавенства, якія чамусь думаюць, што кіраваньне царкоўным жыцьцём на Беларусі павінна знайходзіцца толькі ў руках расейцаў. Хоця-жа гэта якраз і пагражае ўпадкам і разбурэньнем сьв. праваслаўнай Царквы на Беларусі.