Сутарэньне (1925)/На курорце
← Паўло Пачачуй | На курорце Апавяданьне Аўтар: Андрэй Александровіч 1925 год |
Два ліпнёвыя дні → |
НА КУРОРЦЕ
У горадзе ціха. Электрычныя ліхтары аблівалі вуліцы мяккім дрыжачым зьзяньнем.
Начную ціш прарэзвалі звонкія галасы маіх таварышоў.
Еду на курорт.
З вясёлаю нясьціхаючай гутаркай падышлі мы да вакзалу.
Таварышы ўвашлі са мной у вагон, усадзілі мяне, пагутарылі і вышлі.
— Пішы! — крыкнуў адзін з грамады.
— А як-жа, як толькі заеду.
— Шчасьліва, брат, табе, — на ўздагон кінуў таварыш, — бывай!
— Бывайце! — махаючы рукой праз акно, адказваў я, — бывайце…
Невялічкі свой клумак кінуў на лаву і пазіраю праз акно на белыя камяніцы, на сваіх сяброў. Думкі мае аблёталі ўсе знаёмыя куточкі, неяк стала жудасна, а разам з тым і прыемна.
Званкі…
Заплакаў цягнік сваім сьвістам… Кравуліся… Паехалі…
Я прымайстраваўся на лаве, паволі прылёг, стаў разглядаць вагон, пасажыраў, і раптам мой погляд сустрэўся з поглядам маладой
прыгожай дзяўчыны. Яна сядзела на тэй-жа лаве, дзе і я, і пазірала на мяне.
Я пачуў сябе нялоўка, ссунуў з лавы свае хворыя ногі, аглядзеўся навокал і зноў нашы вочы сустрэліся.
Мне так хацелася з ёю пагаманіць, так хацелася, але ніяк ня мог адважыцца…
— Вы, мабыць, здалёку едзеце?
— Не, з Менску, — адказаў я, — а што?
— Ды я так сабе. Вы па выгляду такі змарнелы…
— Бачыце, я хворы, еду лячыцца ў Ялту.
— Вас командыбравалі ці на свой кошт едзеце? — запыталася яна з шчырай зацікаўленасьцю.
— Еду па командыроўцы.
— Так. Гэта добра. А як хораша цяпер там. Будзеце любавацца вечна — шумлівымі неўгамоннымі хвалямі мора, будзеце ўпівацца надзвычайнай прыгожасьцю гор, дзіўнымі пералівамі птушак, седзячы на беразе мора ў цёплыя зорныя ночы, будзеце марыць аб шчасьці.
— Як я бачу, у вас поэтычнае сэрца, — прабарматаў я павольна зачарованым голасам.
— Не, я шмат чытала, шмат мне расказвалі аб поўдні, — нібы ў абарону адказала яна.
— Так, добра цяпер там…
Цягнік бег наперад, прарэзваючы дрыжачую цемру ночы.
Нашы суседзі ў вагоне ўжо спалі, толькі мы ўдвох, седзячы блізка адзін ад аднаго, гаманілі.
Крышку памаўчаўшы, я запытаўся:
— А вы куды едзеце?
Яна цяжка ўздыхнула і пачала гаварыць так ціха, як-бы баялася, што хто-небудзь пачуе вялікую таямніцу яе жыцьця.
— Еду ў Адэсу, да бацькоў.
— Вы не беларуска па нацыянальнасьці? — прымусіла мяне штосьці запытаць.
— Бачыце, я сама — беларуска, з Менску, але ў час грамадзянскай вайны я з бацькамі паехала ў Адэсу. Пазнаёмілася я там з чырвоным афіцэрам, вышла замуж, была шчасьліва, але… паслалі яго вызваляць наш край ад польскіх паноў. Я з ім паехала ў Смаленск. Пад Менскам мужа забілі. Цяжка прышлося… Мучылася я доўга, а цяпер бацькі напісалі, каб прыехала да іх.
Пракаціўся глухі станцыённы званок.
Усіх хворых, якія ехалі на курорт па командыроўках, сабралі і адвялі ў санітарны вагон.
Дзяўчына засталася.
Ехаць разам з хворымі было ўжо зусім другое. Гутарка таксама была інакшая. Мае суседзі былі амаль што ўсе старыя і гаманілі толькі аб сваім здароўі, пра сваіх дзяцей. Мне гэта было зусім няцікава…
Праз некалькі дзён мы былі ўжо ў Ялце.
Як прыгожа! Колькі хараства наўкола!..
84;
Мора, скалы, вінаграднікі!..
Прышлі ў санаторыю…
Нас прынялі, накармілі, далі санаторную бялізну, адвялі мне ложак, і… я пачуў сябе ня зусім прыемна.
Раніцою павялі нас, хворых, у балота ля санаторыі. Гарачае балота… Палажылі мяне, абкінулі балотам і мне пачало здавацца радаснае, — мае ногі ня будуць больш скакаць без майго загаду.
Набегла шмат думак.
Але раптам стала млосна, закружылася галава, застукала сэрца. Ня вытрымаў гарачыні — закрычаў…
Паднялі мяне і адразу — у ванну. Тут мусіш праляжаць гадзіну. Пасьля занесьлі на ложак. Спавілі, як дзіцё, ручнікамі. Ляжу, пацею, а паршчык ходзіць, ручніком выцірае мне пот.
Тут таксама праляжаў гадзіну.
Пасьля, эх! вала, здаецца, зьеў-бы, так хочацца шамаць, і, праўда, далі сытны полудзень.
Прагулка, поўгадзіны ў парку санаторыі, і зноў ўсё спачатку.
Як у катарзе, я прабыў там цэлы месяц. За гэты час я пазнаёміўся з Марынай, сястрой нашай палаты. Я яе пачаў прасіць, каб яна паклапацілася дастаць дазваленьнё пайсьці за парк далей, пахадзіць па горах, пайсьці на мора…
Заўтра ў вечары мы з Марынай пашлі гуляць. Вандруём па горах…
Куды ні глянь — мора шумлівае, прасторнае і вабнае… А зелень, кветкі, песьні птушак!.. Нібы зачарованая крымская казка.
Селі мы на зялёным аксамітным узгор‘і. Доўга гутарылі. Яна мне расказала пра гісторыю Крыму, пра санаторыю, пра сваё жыцьцё.
Я сядзеў і глядзеў з высі на мора, на зыбаньне хваль, на пекныя лёгкія чаўны, якія плылі каля берагу.
— Мне шкада вас, — прашаптала Марына, — мне шкада вас, вы такі маладзенькі і так цяжка хварэеце.
— Цяпер я чую сябе зусім добра! Хочацца ехаць дамоў.
— Што-о? Вам трэба яшчэ шмат лячыцца, каб паправіць як сьлед сваё здароўе, — дрыжаў клапатлівы голас Марыны.
Доўга мы сядзелі. Сонца нырнула ў мора, схавалася!.. Зоркі задрыжэлі на вяршынах Крымскіх гор. Цёплы вецер песьціў ваколіцу.
Я забыўся аб усім. Упіваўся шчырасьцю Марыны.
Моўчкі слухалі песьні цыкад…
Дні бягуць. Мы ўжо былі блізкімі сябрамі з Марынай. Кожны вечар ходзім па горах або катаемся на маторцы.
Мы так звыкліся, што й ня думалася аб разлуцы.
Седзячы раз у Марыны, я пачуў, што праз некалькі дзён будзе адпраўка хворых.
Мяне-ж пакідаюць, бо я яшчэ ня зусім вылячыўся. Я нявольна задрыжэў. Прад вачыма прабеглі: Менск, школа, знаёмыя… Здаецца, вось цяпер на крыльлях паляцеў-бы ў родны край.
Праз акно паглядала сонца. На горах дрыжэла серабрыстая раса.
Як толькі прышоў доктар, я яго ўпэўніў, што я ўжо зусім здаровы, і ён згадзіўся паслаць мяне дамоў.
Заўтра першая партыя, я ў першай партыі!
Сёньня не хадзіў ужо ні ў балота, ні ў ванну. Ахвотна складаў некаторыя свае рэчы, здаў санаторную бялзну, халат, адзеўся ў сваё і вышаў у парк.
Атрымаўшы дакуманты, я ня мог дачакацца раніцы.
У вечары, калі прыходзілася гаварыць з Марынай у вапошні раз, я рваўся спаць, каб хутчэй прашоў час, каб хутчэй прышла раніца. Гутарка наша была непадобна да ранейшай.
Пачало шарэць. Горача разьвітаўся з Марынай.
Праз некалькі гадзін ля санаторыі стаялі ўжо „паздаравеўшыя“, разьвітваліся. Мне хацелася ўбачыць Марыну, але яна ня прышла.
Паехалі…
Праехалі мы тры з паловай дні.
Настрой ува ўсіх быў вясёлы.
Вось-вось праз некалькі гадзін і Менск.
Кожны з нас штосьці нецярпліва чакае. Кожны паглядае ў акно з нецярплівасьцю.
Зацягнулі песьню!.. Каб забыцца, каб хутчэй бег час.
— Менск відаць! — крыкнуў адзін з грамады.
І праўда, праз хвілін дзесяць цягнік быў у Менску.
Вышаў з вагона, іду ў горад. Раптам чую, хтосьці стукнуў па плячы:
— Здароў, брат!
— А а-а… здароў! Што чуваць тут, як жывецца?
Тут падыходзяць яшчэ хлопцы і неяк ува ўсіх вырвалася радаснае:
— Ур-р-ра!..
— Ура-а, — адказваю я.
— Ур-р-ра!
Маці будзіць мяне:
— Уставай! Чаго крычыш? Уставай!..
Я прачнуўся, не магу нічога ўцяміць, толькі чую голас:
— Уставай ды схадзі, можа пашлюць на курорт.