Сустрэча з Петлюрай
Сустрэча з Петлюрай Успаміны Аўтар: Лявон Заяц 20 сьнежня 1918 году Крыніца: Часопіс «Гоман» (Вільня), 1918, № 101 (297), 24 сьнежня, б. 2 |
Гэта было так яшчэ нядаўна ў першыя дні вялікай расейскай рэвалюцыі—дні вялікіх надзеяў для ўсіх грамадзян і народаў б. Расейскай Імпэрыі. У далёкім ад цэнтру рэвалюцыі м. Менску 6 сакавіка (марца) 1917 г. сьвяткавалі вялікі дзень свабоды, дзеля чаго была арганізавана дэманстрацыя, у якой прыняў ўчасьце ня толькі Менск у асобе сваіх палітычных, прафэеыячальных і нацыянальных арганізацый, але, можна нават сказаць, што і ўвесь Заходні фронт, цэнтрам якога у той час быў Менск.
Мы, беларусы, якія гуртаваліся тады каля „Беларускага Камітэту помачы пацярпеўшым ад вайны“, так сама выступілі невялічкім (каля 50 асоб) гуртком з белым штандарам, на якім красаваўся чырвонымі літарамі намаляваны надпіс—крык нашых надзеяў і жаданьняў: „Жыве Беларусь“.
Нават у такія ясныя і пагодныя дні сьцюдзена стрэў выступленьне загнаных беларусаў радзены Менск—Беларускі.
Сумна гэта было для нас!..
Але якой-жа радасьцю напоўніліся сэрцы дэмонстрантаў—беларусаў, калі пасьля ўсякіх організацыяў, моўчкі прайшоўшых і ня вітаўшых праўдзівых гаспадароў краю—беларусаў,—стала праходзіць шырокімі радамі, моцна пабраўшыся і дзяржучыся адзін за аднаго пад руку, вялікая калонна (больш за 500 чал.) вайсковых украінцаў. Першы рад гэтай моцна зьвязанай калонны трохі задзяржаўся перад маленькай кучкай беларусаў, і чалавек (які быў у цэнтры першаго раду калонны) у цывільным ўбраўшыся досіць нізкога росту а энэргічным адкрытым тварам — голасна крыкнуў: „Нэхай жывэ Вільна Білорусь!“
У адказ на гэта з боку беларусаў пачулася: „Хай жыве вольная Украіна!“—„Слава“ украінцаў і „гура!“ беларусаў зьмяшаліся ў адзін радасны магутны зык, які заглушыў навакол ўсё…
Чалавек у цывільнам, выкрыкнуўшы прывет вольнай Беларусі,—быў Петлюра…
Чытаючы цяпер апошнія весткі аб пабедах на Украіне невялікай группы „петлюраўцаў“, я мімаволі ўспамінаю сваю першую сустрэчу з Петлюрай ў дні сьвяты свабоды 6 сакавіка, калі ён ужо і тады йшоў на чале моцна зьвязанай агульнай верай у лепшую будучыну калонны вайсковых украінцаў.
Л. З.
Вільня 20.XII. 18.