Перайсці да зместу

Сузор’і (1926)/Сугуччы ўласных струн/Што-ж

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чакаю я лістоў Што-ж
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1926 год
На сьмерць С. Ясеніна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТО-Ж

Што-ж, няхай сабе гэтак і будзе,
Калі здрада ў душы залягла,
Калі стомлены сэрца і грудзі,
Калі ласка жыцьця адцьвіла.

А калісь-та цьвіла яна гожа,
Нібы кветкі пахучыя ў май,
Расьцілала шляхі падарожы,
А цяпер ты сказала сама:

Пазаросталі сьцежкі-дарожкі
Замест кветак быльлём-палыном…
Чым-жа сэрца сваё мне суцешыць,
Як ня картамі і ня віном?

Чым жа горкія сьлёзы уцерці,
Што між волі ліюцца ў цішы?
Здрады подых — ня подыхі сьмерці…
Дык чаго-ж такі сум на душы?

Дык чаго-ж так i цяжка, i горна
За сябе, за цябе і за лёс?
Ну, чаму-ж, ну, чаму-ж здрадай чорнай
Ты спыніла кружэньне калёс,

Што вялі у шырокія далі,
Што кружылі маю галаву?
Абарвала ты сэрца пядалі —
Я-ж загэтым жыцьця не парву.

У жыцьці ёсьць другія дарогі,
У жыцьці ёсьць нямала красы!
Хоць у сэрцы і многа трывогі,
Хоць зьвіняць на мінор галасы, —

Што-ж, няхай сабе гэтак і будзе,
Калі здрада ў душы залягла,
Калі стомлены сэрца і грудзі,
Калі ласка жыцьця адцьвіла!

1926 г.