Перайсці да зместу

Сузор’і (1926)/Песьні пра Беларусь/Эх, бары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мая Мекка Эх, бары
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Эх, бары…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЭХ, БАРЫ…

Эх, бары вы мае цёмна-русыя —
Беларускай адзнака красы!
Не пайду на другія спакусы я,
Калі вабяць балоты, лясы;

Калі вабяць прасторы крынічныя
Ды жытнёвых палеткаў дыван,
Ды травы сакавітасьць сунічная.
Праўда, ёсьць тут ухабы, дзірван,

Праўда, ёсьць тут прыгожасьць і спрэчная,
Можа, прыкрая нават каму.
Хто-ж тут вінен, што крыўда адвечная
Дала волю занадта ярму?

Хто-ж тут вінен, што пляма пакорнасьці
Падцінала жыцьцёвую ніць?
Хіба гэта ёсьць прыклад узорнасьці,
Што і ў песьні хацелася ныць.

Але тут ёсьць занадта і шчырасьці,
Якой, можа, ні ў кога няма.
Той, хто здолеў вось тут толькі вырасьці,
Яе ведае горкасьць і смак.

Вось і я, прабадзяўшыся досыта,
Ўсё-ж ня страціў таго, чым я жыў,
І гарыць сонцавейнасьці досьвітак
Мне на новым жыцьця рубяжы.

Сталі блізкімі родныя гоманы,
Ў кожным шэлесьце чуецца сьпеў,
Бо нядарам жыцьцё зьзяе промінам,
Бо нядарам так многа цярпеў

За свой край, за сябе і за іншых,
Покуль стаў на сваім рубяжы,
А цяпер бачу шчасьця узвышша
І хачу я пановаму жыць.

1925 г.