Перайсці да зместу

Страшныя сны навеяла гісторыя…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Страшныя сны навеяла гісторыя…
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1931
Крыніца: Маладняк. – 1931. – № 5. – С. 6–7.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *
Страшныя сны навеяла гісторыя,
Крывавы выбух колішняй вайны,
І гавару: не лечым край, а творым мы,
Той край, што быў ў агні.

Назад вады не вернеш ў вадазборы
І не абудзіш сонмы мёртвых цел.
Няхай не йшлі да Магамета горы,
Мы горы возьмем на прыцэл.

Адчуў я сэрцам будучага поступ,
І сэрца зноў — агонь і дынаміт —
Злучы, — і ты адчуеш проста
І кроў дынам, і цемру пірамід.

Шумяць вятры, і б’юцца ў скалы хвалі,
І я стаю на ўзвышшы нашых дзён.
Няхай мяне часамі і не хваляць,—
Не для мяне пахвалаў звон!

Я гавару, што знаю і люблю я
Свой край, зямлю і рухі творчых сіл,
І што паэт, калі на ўсё гаворыць „алілюя“ —
Ён сын адных магіл.

І кляса тая, дзе паэт ў загоне,
Дзе думка смелая страшней за смерць зямлі,
Пустая, бедная, якою быць сягоння
Не можа кляса наша, нашы песняры.

Таму пад сны абуджанай гісторыі
Кажу ўсім сэрцам, ўсёй сваёй істотай,
Што вось не толькі лечым край, а творым мы,
Той край, што быў пад ботам.