Перайсці да зместу

Стралец і рыбак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Стралец і рыбак
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-041

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Былі ў бацькі два сыны. Выраслі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.

Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца ўвесь дзень, дахаты ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі ж часам і ўпалюе якое зайчаня, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.

Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не зробіш, калі ў сына такая ахвота.

А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Наловіць жменю печкуроў ці яршоў, — якая ад іх карысць? Хіба што кату паласавацца.

Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але і меншы сын не слухае бацькі, бо, ведама, ахвота горш няволі.

А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.

Стралец расказвае:

— Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб стрэліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў вылецеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казлянятамі кусаць… Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў з яго чмяліны рой. У такі час мядзведзі вельмі злосныя. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзведзь не пайшоў…

Рыбак расказвае:

— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно!

Я за вудзільна, цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берага, а шчупак віль хвастом — і будзь здароў… Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Падцягнуў яго да берага, хацеў рукамі ўхапіць, ды не ўтрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.

Слухае іх бацька і толькі галавою ківае:

— Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочацца.

Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць.

Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач. Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.

— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасць ніякай. Бо вядома: стралец страляе, а гаспадарка гуляе!

Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.

Назаўтра бацька кажа сынам:

— Вось што, сынкі, ёсць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.

Сабраўся і пайшоў.

Засталіся сыны гаспадарамі. Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і на зуб палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, спрачаліся, а да праўды так і не дайшлі.

Толькі вось праз нейкі час зноў завітаў да іх той жабрак. Ну, вядома, трэба накарміць падарожнага чалавека, а ў братоў ні кавалка хлеба.

Стралец дакарае рыбака:

— Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.

Рыбак адказвае стральцу:

— Няхай бы ты хоць якое казляня падстрэліў…

Паслухаў іх жабрак і кажа:

— Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.

Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачастунак ад беднага жабрака, ды голад не цётка. Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.

— Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасце якое, ці што?

Браты цяжка ўздыхнулі:

— Зусім, дзядуля, прапала наша гаспадарка…

— А як жа вы раней жылі?

— Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.

— А што ваш бацька: малады ці стары?

— Ды зусім ужо стары.

— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і без хлеба галееце...

Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.

Мінуў год-другі, і зажылі яны як трэба.

Тым часам вярнуўся бацька з гасцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Зарадаваўся ён і кажа:

— Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся, ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.