Статут горада Мінска (2001)/Глава 1. Горад і яго тэрыторыя
Глава 1. Горад і яго тэрыторыя Глава Статуту Аўтар: Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў 2001 Крыніца: Сайт Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту |
Глава 2. Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў → |
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь горад Мінск з'яўляецца сталіцай Рэспублікі Беларусь. Статус горада Мінска вызначаецца заканадаўствам і дадзеным Статутам. Горад Мінск з'яўляецца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, мае тэрыторыю, насельніцтва, органы гарадскога кіравання і самакіравання, герб, сцяг і гімн.
Насельніцтва горада Мінска складаюць яго жыхары (мінчане) – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць ў адпаведнасці з заканадаўствам пастаяннае месца жыхарства ў горадзе. Асобы, якія часова пражываюць у сталіцы, незалежна ад іх грамадзянства валодаюць тымі ж правамі, нясуць такія ж абавязкі, як і жыхары Мінска, калi iншае не прадугледжана заканадаўствам.
Сістэму органаў гарадскога кіравання ўтвараюць Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (далей – выканаўчы камітэт) і адміністрацыі раёнаў горада. Сістэму органаў гарадскога самакіравання ўтвараюць Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў (далей – Савет), органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Жыхары горада ажыццяўляюць сваю ўладу непасрэдна праз мясцовыя рэферэндумы, выбары Савета, мясцовыя сходы, а таксама праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах i межах, вызначаных заканадаўствам.
Сімваламі горада з'яўляюцца герб горада Мінска, сцяг горада Мінска, гімн горада Мінска. Герб горада Мінска ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога намалявана Божая Маці на сярэбраным воблаку ў чырвона-сіняй вопратцы, два анёлы і два херувімы. Сцяг горада Мінска ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з выявай у цэнтры гербавай эмблемы горада Мінска. Апісанне герба і сцяга, а таксама тэкст і музыка гімна горада Мінска, парадак іх афіцыйнага выкарыстання зацвярджаюцца Саветам па прадстаўленні выканаўчага камітэта.
Дзень горада Мінска – агульнагарадское свята, адзначаецца штогод у другую суботу верасня. Арганізацыя і фінансаванне свята ажыццяўляюцца выканаўчым камітэтам.
За асаблівыя заслугі ў развіцці эканомікі, сацыяльнай сферы, навукі і культуры горада Мінска грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнаму грамадзяніну за выдатны ўклад у развіццё горада можа прысвойвацца званне "Ганаровы грамадзянін горада Мінска". Парадак прысваення ганаровага звання, правы і прывілеі ганаровых грамадзян устанаўлiваюцца Саветам і выканаўчым камітэтам. Выканаўчы камітэт, Савет мае права ўстанаўліваць і прымяняць іншыя віды заахвочванняў грамадзян і працоўных калектываў горада Мінска
Тэрыторыя горада Мінска вызначаецца гарадской лініяй (граніцай), у межах якой ажыццяўляюцца гарадское кіраванне і самакіраванне. У склад тэрыторыі горада ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць быць перададзены іншыя тэрыторыі (землі). Устанаўленне і змяненне гарадской рысы ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на аснове прапаноў Савета і выканаўчага камітэта. Тэрыторыя горада выкарыстоўваецца ў адпаведнасці з генеральным планам і планамі землеўпарадкавання горада Мінска.
Тэрыторыя горада Мінска ў мэтах эфектыўнага кіравання і аптымальнай арганізацыі выканання рашэнняў, звязаных з задавальненнем сацыяльна-культурных і бытавых патрэб грамадзян, аховай правапарадку і захаваннем законнасці, дзеліцца на раёны. Утварэнне, змяненне і скасаванне раёнаў горада, прысваенне ім назваў ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на аснове прапаноў Савета і выканаўчага камітэта.
Землі за межамі гарадской рысы Мінска, якія служаць рэзервам для пашырэння яго тэрыторыі, месцам размяшчэння і будаўніцтва збудаванняў, звязаных з добраўпарадкаваннем і нармальным функцыянаваннем гарадской гаспадаркі, што выконваюць ахоўныя, санітарна-гігіенічныя і аздараўленчыя функцыі і з'яўляюцца месцам адпачынку насельніцтва, вылучаюцца ў прыгарадную тэрыторыю (зону) горада.
Вылучэнне і выкарыстанне зямель прыгараднай тэрыторыі (зоны) ажыццяўляюцца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
- ↑ Артыкул 6 – са зменамі, унесенымі рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 16 кастрычнiка 2003 г. № 6
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.