Перайсці да зместу

Статут Аб’еднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Статут Аб’еднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў
Статут
Аўтар: Аб’еднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў
1924 год
Крыніца: Беларускі часопіс “Вайсковы”, 1921 год. Перадрук // Беларускі Рэзыстанс. — 2014. — № 1 (15). — С. 40 — 45

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Статут
Аб’еднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў
§ 1. НАЗВА:

Аб’еднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў, скарочана — А. Б.С. А. /заўваж[аньне]: ува ўсіх наступных параграфах будзе ўжывацца назоў А. Б.С. А./

§ 2. АСЕЛІШЧА:

Места Прага.

§ 3. МЭТА:

Усебаковая культурная, маральная і матэрыяльная дапамога сваім сябром.

§ 4. ПРАЦА:

Каб дасягнуць свае мэты А. Б.С. А. будзе:

I.

1/ заступаць студэнства перад уладаю, у грамадзкім жыцьці, міжнародных студэнскіх арганізацыях, дабрачынных студэнскіх і іншых установах;

2/ закладаць і падтрымліваць установы дзеля абароны інтарэсаў студэнства;

3/ ладзіць зьезды, сходкі, выстаўкі, ігрышчы, лекцыі;

4/ выдаваць пэрыядычныя ды непэрыядычныя выданьні;

5/ зьбіраць маёмасьць, арганізоўваць і вясьці студэнскія каапэратыўныя прадпрыемствы, як страўні, бібліятэкі;

II. Вясьці міжнародную акцыю дапамогі беларускаму студэнству і загадваць вызначанымі дзеля гэтага фондамі.

§ 5. МАЁМАСЬЦЬ А. Б.С. А. дзеліцца на:

I. аснаўную, якая складаецца з:

1/ 10% прыбыткаў звычайных і надзвычайных;

2/ сум, якія вызначаюцца зьездам;

II. абаротную, якая складаецца з:

1/ звычайных прыбыткаў:

а/ сяброўскіх складак у лічбе ўстаноўленай зьездам;

б/ ахвяраў і сталых субвэнцыяў;

2/ надзвычайных прыбыткаў:

а/ аднаразовых ахвяр,

б/ чыстага зыску ад прадпрыемстваў, ігрышч, капіталу;

III. дапамаговы фонд складаецца з:

1/ ахвяраў і субвэнцыяў на гэта прызначаных,

2/ дапамогаў павернутых тымі сябрамі, якія дзеля гэтага забавязаліся.

§ 6. СЯБРЫ:

I. Сябры А. Б.С. А. дзеляцца на:

1/ сапраўдных, якімі могуць быць аўтаномныя, апалітычныя, прафэсыянальныя беларускія студэнскія арганізацыі;

2/ чынных, якімі зьяўляюцца ўсе студэнты, сябры арганізацыі, якая ёсьць сапраўдным сябрам А. Б.С. А.;

3/ вольных, якімі могуць быць прафэсыянальныя ці культурна-асьветныя беларускія студэнскія арганізацыі, якія ня маюць агульна-прафэсыянальнага характару;

II.

1/ сапраўдным сябрам стае прафэсыянальная ці культурна-асьветная арганізацыя, якая прынята ўрадам А. Б.С. А. і зацьверджана зьездам;

2/ вольным сябрам стае прафэсыянальная ці культурна-асьветная арганізацыя, якая прынята ўрадам А. Б.С. А. і зацьверджана зьездам.

Заўважаньне: Першых сяброў прыймае і зацьвярджае Уставадаўчы зьезд, які склікаецца ініцыятарамі.

III.Арганізацыі трацяць сяброўства:

1/ выступленьнем,

2/ выключэньнем па пастанове зьезду, а ласьне:

а/ калі не выпаўняюць §§ гэтага статуту ці пастановаў зьезду,

б/ калі не заплацяць у працягу шасьці месяцаў сяброўскіх складак;

IV.

1/ сапраўдныя сябры маюць права:

а/ высылаць дэлегатаў на зьезд,

б/ уносіць рэзалюцыі, пажаданьні,

в/ карыстацца ўсімі дабрачыннасьцямі § 3 статуту;

2/ чынныя сябры маюць права:

а/ пасыўнага выбару,

б/ перагляду ўсяго дзелаводзтва А. Б.С. А. ў прысутнасьці аднаго сябры ўраду А. Б.С. А. і з даручэньня свае арганізацыі,

в/ прысутнасьці на ўсіх публічных сходах;

3/ вольныя сябры маюць пр[а]ва:

а/ мець сталага рэфэрэнта пры ўрадзе А. Б.С. А. з правам дарадчага голасу ў справах датычных інтарэсаў тае арганізацыі, якую гэты рэфэрэнт заступае,

б/ перагляду дзелаводзтва А. Б.С. А. ў прысутнасьці аднаго сябра ўраду, што датычуць дзядзіны іх чыннасьці[1];

V.

1/ сапраўдныя сябры мусяць акуратна плаціць устаноўленыя зьездам складкі, выпаўняць усе пастановы зьезду;

2/ вольныя сябры мусяць рэгулярна плаціць складкі ў вышыне

1/5 складкі сапраўднага сябра.

§ 7. ОРГАНЫ:

Органамі А. Б.С. А. зьяўляюцца: зьезд, урад, рэвізійная камісія і міравы суд.

§ 8. ЗЬЕЗД:

1. Зьезд складаецца з дэлегатаў сапраўдных сяброў. На кожных 20 чынных сяброў выбіраецца адзін дэлегат на аснове роўнага, тайнага, безпасярэдняга, агульнага ды прапарцыянальнага галасаваньня. Лішкі вышэй 10 сяброў таксама маюць права выбару аднаго дэлегата.

Арганізацыі, якія маюць менш 10 чынных сяброў, аб’еднаваюцца дзеля выбару дэлегата. Дэлегат, з ведама свае арганізацыі, можа перадаць свой мандат іншаму, калі сам ня можа зьявіцца на зьезд.

II. Зьезд мае права: вырашаць справу аб прыняцьці і выключэньні сапраўдных сяброў, прыймаць справаздачы, рабіць зьмены і дапаўненьні статуту, узмацоўваць арганізацыйную салідарнасьць і парадак, вырашаць і адкідаць справы, якія ня могуць вырашаць іншыя арганізацыі, выбіраць усе органы А. Б.С. А.

III. Зьезд зьяўляецца правамочным, калі ўсе сапраўдныя сябры былі паведамлены за месяц да зьезду аб часе зьезду і парадку дня і калі зьявілася 2/3 сапраўдных сяброў, заступаючых ня менш палавіны чынных сяброў А. Б.С. А.

IV.

1/ усе пастановы зьезду выносяцца абсалютнаю большасьцю галасоў,

2/ дзеля зьмены статуту, выбару ўсіх органаў і выключэньня сапраўдных сяброў патрэбна 2/3 галасоў прысутных дэлегатаў.

Заўважаньне: Калі пры першым галасаваньні ня было дасягнута 2/3 галасоў, адбываецца вузейшае галасаваньне між тымі кандыдатамі, якія атрымалі найбольшы лік галасоў. Пры вузейшым галасаваньні патрэбна дзеля выбару старшыні А. Б.С. А. 2/3 галасоў, а дзеля рэшты органаў — абсалютная большасьць галасоў.

V.

1/ звычайны зьезд адбываецца штогоду, найпазьней да 15 жніўня і склікаецца ўрадам А. Б.С. А.

2/ надзвычайны зьезд склікае ўрад:

а/ на падставе пастановы ўраду,

б/ на жаданьне 1/4 сапраўдных сяброў да двох месяцаў пасьля паданьня заявы,

в/ на жаданьне рэвізійнае камісіі.

§ 9. УРАД А. Б.С. А.

I.

1/ урад А. Б.С. А. кіруе ўсёй дзеяльнасьцю А. Б.С. А. Дзеля правамоцнасьці пастановаў абавязкова прысутнасьць усіх сяброў ураду. Пастановы выносяцца абсалютнай большасьцю галасоў. Пры роўнай лічбе галасаваньне вырашае старшыня.

Заўважаньне: Дапамогі сябром А. Б.С. А. прызначаюцца ўрадам тагды-сягды, бяз усялякага праўнага забавязаньня, згодна з маеткавым[2] станам датычнага сябры ды агульным станам супалкавае скарбніцы.

2/ сябры ўраду стала прабываюць у мейсцы аселішча А. Б.С. А.,

3/ сябры ўраду атрымліваюць плату згодна з ключом, устаноўленым зьездам.

II. Урад складаецца з:

1/ старшыні А. Б.С. А., які заступае[3] А. Б.С. А. ўва ўсіх здарэньнях, вядзе паседжаньні ўраду, падпісвае ўсе паперы, разам з адпаведным рэфэрэнтам і сэкрэтаром кіруе агульным цекам працы;

2/ віцэ-старшыні, які заступае старшыню:

а/ па яго даручэньню,

б/ калі старшыня ня прысутны,

в/ па пастанове рэвізійнае камісіі нават супраць волі старшыні;

3/ сэкрэтара, які кіруе сэкрэтарыятам і падае інфармацыі аб пастановах ураду і зьезду сяброў А. Б.С. А. ці то вусна, пісьменна, ці абвесткаю на дошцы супалкі, а калі і ў друку;

4/ скарбніка, які ведае скарбніцаю і вядзе рахунковасьць, а роўна-ж ведае дапамаговаю акцыяй паводле пастановаў ураду АБСА;

5/ вольнага сябры;

6/ двох заступнікаў.

Заўважаньне: Старшыня А. Б.С. А. выбіраецца зьездам; рэшта сяброў ураду і іх заступнікаў выбірае таксама зьезд «еп віок», але функцыі дзеляць яны паміж сабою самы.

§ 10. РЭВІЗІЙНАЯ КАМІСІЯ:

I. Рэвізійная камісія складаецца з старшыні, двох сяброў і двох заступнікаў;

II. Рэвізійная камісія павінна хоць чатыры разы ў год дакладна праверыць дзеяльнасьць А. Б.С. А.

§ 11. МІРАВЫ СУД:

I. Міравы суд складаецца са старшыні, двох сяброў і двох заступнікаў. Апрача таго кожная са спрэчных старон абірае сабе па аднаму заступніку. Дзеля правамоцнасьці пастановаў абавязкова прысутнасьць двох сяброў; вырашае абсалютная большасьць галасоў, прычым заступнікі спрэчных старон ня маюць права галасаваньня.

II. Міравы суд вядзецца згодна з рэгулямінам, зацьверджаным зьездам.

III. Міравы суд вырашае:

1/ спрэчкі між А. Б.С. А. і аўтаномнымі арганізацыямі;

2/ спрэчкі між сапраўднымі сябрамі;

3/ апэляцыі на вырашэньні міравых судоў паасобных аўтаномных арганізацыяў.

§ 12. РЭФЭРЭНДУМ:

I. У выпадку патрэбы зьмены статуту А. Б.С. А. і немагчымасьці скліканьня зьезду, ці на выпадак жаданьня 1/4 сапраўдных сяброў — урад А. Б.С. А. перадае адпаведныя справы на рэфэрэндум сапраўдных сяброў. Рэфэрэндум мусіць адбыцца ва ўстаноўлены ўрадам час.

II. Калі-б на падставе вымогаў улады патрэбна была якаясь зьмена статуту, а склікаць зьезд, ці правясьці рэфэрэндум было немагчыма, то урад у паразуменьні з рэвізійнаю камісіяй мусіць неадкладна зрабіць усе патрэбныя зьмены і зараз-жа паведаміць аб гэтым усіх сапраўдных сяброў.

§ 13. КАРЫ:

I. Кары дзеляцца на:

1/ грашавыя па пастанове зьезду,

2/ выгавары, вынесеныя зьездам ці міравым судом,

3/ выключэньні з А. Б.С. А. па пастанове зьезду.

§ 14. ЛІКВІДАЦЫЯ А. Б.С. А.

I. А. Б.С. А. можа ліквідавацца па пастанове зьезду, ці калі лік чынных сяброў стане менш пяцёх;

II. пры ліквідацыі А. Б.С. А. па пастанове зьезду ці па іншых прычынах, апрача ліквідацыі ўладаю, маёмасьць А. Б.С. А. перадаецца «Беларускаму Навуковаму Таварыству ў Вільні».

Зноскі

[правіць]
  1. Іх паўнамоцтваў.
  2. Маёмасным.
  3. Прадстаўляе.