Старонка:Zylka Uladzimir.Tvory da 20-ch uhodkau smierci.djvu/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВІЛЕНСКІ ПЭРЫЯД (1920—1923 г. г.)

1920

БЕЛАРУСЬ

Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём.
Я не ведаю, чым ён вялік,
Але думак ня змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Маё сэрца, заные ў грудзёх,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзёх.

Беларусь, Беларусь… гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
І магутны й тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёю жывой; —
Затрапеча, бы ранены, ён,
Задрыжыць пад навалаю дум:
Гэткі страшна-пакутны іх стогн
І аб волі бязьмерны іх сум.

Беларусь, Беларусь — гэта дзей
І разумных і слаўных прыклад;
Край вялікіх і дум, і людзей,
І бяздольна пакінутых хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
І бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і зьдзек
Краскай макавай зырка цьвітуць.

Беларусь — край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцьце і звод,
Дзе русалкі выходзяць зь віроў,
І начніцы вядуць карагод,