Старонка:Zbor t2 1929.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Эх, кабылка, воўча мяса,
Ну, і шкодніца-ж яна!
Так і шворыцца адна,
Лезе ў шкоду самапасам.
А бадай-жа яе качкі!
Трэба ў млын, яе-ж няма!
Час той зводзіцца дарма
З-за кабылкі, з-за лайдачкі.
Дзед ідзе, а цемнавата,
Зірк — у грэчцы ходзіць штось,
„Знаю нораў твой нябось
І натуру твайго брата!
Патравіла грэчку троха…
Пачакай-жа, памаўзоха!“
Скраўся дзед і — хоп за грыву,
Ды вярхом і ў бок штурхець!
Як раўне-ж пад ім мядзьведзь!
Як памчыцца ў лес праз ніву!
Як задасьць ён ла-та-та!
Прэ мядзьведзь наўскапыта.
А дзед бедны — дух у пятах.
Учарэпіўся за хіб,
Зьвера пынячы, ахрып.
„Тпррру, спыніся! стой, пракляты!
Тпру, мядзьведзік! бэч, мядзьведзь!“
А мядзьведзь — цялеп-кульгець!
Толькі мордаю трасе,
Дзеда ў лес імчыць-нясе!