Старонка:Zbor t2 1929.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чуюць пчолы — пахне мёдам,
І на мёд яны ляцяць
І над „Янам“ карагодам
І снуюцца і зьвіняць.
„Ян“ пакуль што не шманае,
Але-ж, ліхенька, пчала
Каля вуха завіла
І на вус яму сядае,
Губы лапкамі казыча.
„Вось хвароба!“ „Ян“ мармыча
„І прыстала-ж, як смала,
Тфу ты, чортава пчала!“
— Вожа мілы! „Ян“ злуе,
Як-бы ён на нас плюе! —
Кажа ціхенька бабуля:
Ці ты бачыш, Пабіян?..
Во! зірні, зірні, Гануля:
Губкі крывіць божы Ян!..
Божа ядыны!
Одпусьць гжэхі нашы і віны!

Людзі дзівяцца, глядзяць,
Сталі божкаць і ўздыхаць,
Пчолка-ж поўзае й нябыта,
Хоць ты махалам махай.
— Фрру! як фыркне „Ян“ сярдзіта,
Ды як крыкне: а-я-яй!
От-жа, гадаўка, ўпякла!
Каб ты-ж выдахла была! —
Ды з падмурку як сарвецца,
Ды як рынецца ў народ!