Старонка:Zbor t2 1929.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Расступіліся ў міг хвалі
І глынулі чарапкі.
Комель жэрдкі адзінока
Стаў пры беразе у траве,
Толькі сьвечка, лёгшы бокам,
Далей з подскакам плыве.
— Мая сьвечка, а сястрыцы!
Ой, лавеце — прападзе! —
Падабраўшы край спадніцы,
Тэкля шусь! бяжыць к вадзе.
Ледзьве-ледзьве утрымалі,
Адцягнулі на грудок.
І ўсё змоўкла, толькі хвалі
З плачам б‘юцца ў беражок.


Ціха Нёман калыхаўся
У высокіх берагох.
Гай дубовы адбіваўся
Ў яго дробных грэбянëх.
Цёмны лес сьцяной зялёнай
Цесна бераг абступаў
І на нёмнавае лона
Цікаваўся, заглядаў,
І далёка кідаў цені
У вячэрняй цішыне
Ды шаптаў у задуменьні,
Як-бы гімн складаў вясьне.
Шчодра сонца разьлівала
Блеск прыветны і цяпло.