Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПОЛЕ

Зарасьлі вы, межы, ў полі
Дзікім зельлем, палыном!
Гаспадар на вас паволі
Раніцой ня йдзе з канём…

Не хапіла сіл жаночых
Глыбей землю заараць,
На загончыках сірочых
Травы сталі красаваць.

Вось і трэце даў бог лета,
А няма гаспадароў,
Ня чутно цяпер да сьвету,
Як даўней, іх галасоў.

Дзе-ж вы дзеліся, сяляне,
Што нідзе вас ня чуваць?
Ды баяцца на пытаньне
Межы свой адказ даваць.

Сіратою глядзіць поле,
Сумна ў даль бягуць шнуры.
Хто-ж адкажа, што за доля
І дзе іх гаспадары?