Старонка:Zbor t1v2 1928.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ЛУЗЕ

Вецер паўднёвы ў лузе квяцістым
Калыша траву-сенажаць.
Сіваваронкі над дубам вячыстым
Лятаюць і звонка крычаць.

Бусел клякоча ў гнязьдзе над хваінай,
Што колісь распляжыў пярун.
Даль неаглядная, стэп ясны, сіні
Замоўклі, як жалаба струн.

Гожа зьвіваецца ў лозах зялёных,
Бы срэбра жывое, рака.
Ня згледзіш, як летась, у яе ўлоньнях
Ні плытніка, ні рыбака.

Ходзіць той ветрык па лузе шырокім
І ціха на сонцы дрыжыць.
Мусіць ён шэпча кустом і асокам,
Каб нейкую скаргу злажыць…

Зьяюць на лузе машэст, аксаміты
І ткань залатая шаўкоў.
Толькі-ж над лугам жалоба разьліта
І сум сакаўных дубнякоў.