Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СЯЛЯНСКАЯ РАДА

Кончан дзень. За стол паселі —
Дужая сямейка!
Незайздросная патрава:
Бульба ды куцейка.

Павячэраўшы, мужчыны
Люлькі закурылі
І аб справах аб сялянскіх
Ўсе загаварылі.

Даў вясну бог, а з вясною
Праца надыходзіць:
Гэта праца іх галовам
Думак шмат наводзіць.

Поля мала ды и тое
Хоць-бы ў адным месьце,
А то — дзе яно? за сьветам,
Гною не падвезьці,

Ні ўзараць у сваю пору, —
Так і прападае,
А пасееш — няма толку,
Што-ж, зямля пустая!