Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/255

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара,
Жаль да сэрца падступае,
Як чорная хмара.

Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
— Ну, матулька, будзь здарова! —
І цалуе матку.

— Ну, бывай!.. — І ня ўтрывала
Бедная матуля.
Жаль сьлязамі ёй прарвала,
Твар да дочкі туліць.

Вышла маці ўсьлед за ёю,
Стала ля парогу
І, падпершы твар рукою,
Зорыць на дарогу.

На дарогу-пуцявіну —
Там яе Гануля —
Ды за сьлёзкаю сьлязіну
Роніць-лье матуля.

Доўга матка так глядзела,
Дочку праваджала,
Покі хустка яе бела
З вочак не прапала.

1909 г.

|}