Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЛЫТНІКІ

Клунак за плячамі,
Згорбленыя сьпіны, —
Валіць чарадамі
Люд на сплаў, віціны.

Босыя іх ногі,
Твар іх загарэлы,
Вопратка убога,
Чуць прыкрыты целы.

Ззаду ледзь ступае,
Хлеб вязе кабыла.
Нокае, гукае
На яе Кірыла…

Жарыць-скварыць сонца,
Ліст не скалыхнецца,
Горача бясконца,
Рагамі пот льлецца.

Срэбрам адлівае,
Як люстэрка Нёман.
З ранку ня сьціхае
Над вадою гоман.