Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РУЧЭЙ

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.

Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім.
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.

Абступаюць яго
Шаптуны-чараты,
І вяночкі яму
Выплятаюць квяты.

Часам зорка-дзяўча
Кіне вокам здалёк,
І хмурынка ня раз
Зазірне ў ручаёк.

І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы.
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным сьмехам дрыжыць.