Старонка:Zbor 7t t4.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

21 

І прыслухоўваўся да зыкаў
Ляснога шуму, яго крыкаў
Ды нюхаў дух той, поўны вару:
Такая суш — крый бог пажару!
Скрозь лапкі хвоек і галінкі
Сінела неба гладзь. Хмурынкі
Стаялі грудкамі на ўсходзе.
Было так ціха ўсё ў прыродзе!
Ўгары над хвойнікам зялёным
Снуюцца пчолкі з ціхім звонам,
Кузуркі розныя і мушкі
Свае спраўляюць гулі-гушкі
І так танюсенька гудуць,
Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.
А на прагалінках на голых
Гулянне конікаў вясёлых.
І толькі ступіш там нагою —
Так і заскачуць прад табою,
Вось так і пырскнуць у надзем’е,
Як бы сявец той сыпне сем’е.
А матылькі сваім убраннем
Касуюць тут усіх дазвання
І не лятаюць — танцы правяць,
Ну, каго хочаш, зацікавяць.
А як прыгожы пуцявінкі
Ў шаўках зялёнае травінкі!
Якія мяккія іх рысы
І павароткі іх, абрысы!
Ідуць, звіваюцца, лучацца…
Эх, слаўна ў лесе, слаўна, братцы!
 
Памалу, мерна, крок за крокам
Ў сваім раздум’і адзінокім
Дадыбаў бацька скора к дому.
Зачуўшы татаў ход знаёмы,
Малыя з хаты высыпалі.
За брамай бацьку сустракалі.
Алесь браў стрэльбу, шапку з цэшкай
І нёс з шчасліваю усмешкай
(Схаваўся ў шапку ўвесь з вушамі);