Старонка:Vybranyja tvory 1927.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Васеньні дождж.

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ціха па стрэсе бубняць;
Смутак наводзіць шум іх жалобны,
Хочацца плакаць, стагнаць.

Цёмная ночка, ночка глухая
Цягнецца доўга, як год.
Вецер дажджлівы панура сьпявае,
Жаласна сьвішча праз плот.

Круцяцца думкі, сон разганяюць,
Душу туманяць яны,
Волю далёкую мне ўспамінаюць,
Дні маладыя вясны.

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Нудна у вокны бубняць.
Смутна іх песьня, плачу падобна,
Сьлёзы ў тэй песьні чуваць!

Вясна.

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся.

Вясёлы сьпеў
Прыветлівы
Руччоў ў палёх
Пачуецца.

Ачнецца гай
І з песьнямі
Ў зялёны ліст
Адзенецца.

І першы гром,
Як музыка,
Таёмна так
Пракоціцца.

Напоўніць лес
Птушачы сьвіст,
Травою луг
Акрыецца.

А з полудня
З маланкаю
Хмурыначка
Націсьнецца;

І грудзь зямлі
Ўскалышыцца,
Дажджом яна
Абмыецца;

Ў прыродзе ўсё
Народзіцца,
І моладасьць
Ей вернецца;

Ды толькі мне
Ня вернешся,
Ты, моладасьць!..
Ня вернешся...

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты вернешся,
Ты вернешся!..