Старонка:Vershy dlia dziacej 1945.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І дзяўчаты-чараўнічкі.
Нясуць жнейкі серп крывенькі.
Зрэжуць колас мой буйненькі
Пад звон песень галасненькі:
«Пара зямлю адмыкаці,
Пара росу выпускаці.»
Як мост, злягу я на просце.
Вязуць з поля, ды не ў госці,
Паб’юць цэпам мае косці,
Мае зерняткі пасушаць,
Каменнямі іх падушаць.
Ой, мае-ж вы шоўкі-руні!
Ой, пабілі-ж мяне ў клуні!
Пакрышылі, памалолі,
Не далі мне жыць на волі!
А ў той дзежачцы дубовай
З жоўтай клёпачкай альховай
Расчыняюць хлябок новы,
Расчыняюць на вадзіцы
З мае беленькай мучыцы.
Мяне ў дзежцы месяць-месяць,
Перавернуць разоў дзесяць
Ды настольнічкам завесяць.
А печ паляць да чырвона.
Гляджу ў страсе я, здзіўлёна.
Ой, да чым я вінавата?
Шугне ў печ мяне лапата,
Дзе агнём усё пранята,
Я ў агні тым абамлею.
Пажаўцею, учарнею.
І вось толькі як вадзіцай,
Тэй халодненькай жывіцай
Мяне ўмые маладзіца,
Тады толькі свет пабачу...
Каму-ж горай з нас, мой рача?