Старонка:Vacłaŭ Łastoŭski. Padručny rasijska-kryŭski (bełaruski) słoŭnik (1924).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маючы на ўвазе вышэйсказанае, я, ў гэтай малой сваёй працы, стараўся даць, паводле сіл сваіх, тлумачэньне чужаземскіх слоў на родныя паняцьці. Але мова наша занячышчалася сотнямі гадоў, дык і праца па ачыстцы яе не можа быць зроблена высілкамі адзіночнага чалавека: над гэтым павінны доўгія дзесяцілецьці працаваць вучоныя аб‘яднаньні і ўстановы.

Наша мова тады толькі здолее разьвіцца, калі патрапіць выявыць сваю выразна зарысаваную індывідуальнасьць, а гэтым самым дакажа рацію свайго істнаваньня, і калі патрапіць абараніцца ад асымілюючага ўплыву суседніх грамадных народаў: Расійцаў, Палякаў, Украінцаў. Дзеля гэтага трэба памятаць, што кожнае чужое слова занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседскай, забівае яе асобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцярагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словамі, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць такія, якіх няма ў чужынцаў, але істнуюць у здаровай нашай народнай стыхіі.

На досьледы нашай мовы многімі вучонымі паложана шмат працы, але аднабока. Прычыны гэтаму дваякія: па першае, ў навуцы дагэтуль пануе рутына і боязьнь новай мысьлі, а такжа мноства асьвячоных часам забабонаў, супроць якіх ніхто не важыцца падняць рукі; па другое, дасьледчыкамі нашай мовы дагэтуль былі людзі чужыя, або свае, пайшоўшыя на ўслугі чужым Дзеля гэтага, немаль усе досьледы над нашай мовай маюць ў аснове сваей фальшывы выхад, што мова крыўская зьяўляецца нейкім злепкам, не маючым сваей індывідуальнасьці, і, прыступаючы з гэткай мысьлю да досьледаў яе, шукалі ў ей ня рысаў яе ўласнай асобнасьці, а, наадварот, сходнасьці з вядомымі ім мовамі, найчасьцей расійскай ці польскай. Згэтуль фальшывы,